25 сакавіка мы прыгадваем сваю прыналежнасць да беларускага народу і ганарымся нашай нацыяй.
Ксёндз Вячаслаў Барок звярнуўся да беларусаў у Дзень Волі:
— Мы - беларусы. Наш народ мае больш чым тысячагадовую гісторыю. Наша дзяржава будавалася на фундаментах Княстваў Полацкага і Тураўскага. І гэта мы – беларусы нашчадкі легендарных продкаў Вялікага Княства Літоўскага. І мы ўжо напрацягу апошніх 103-ох гадоў маем незменную дату 25 сакавіка, калі святкуем абвяшчэнне незалежнасці БНР.
Для Беларусі гэта не толькі памятная дата з гісторыі яе слаўнай мінуўшчыны, але для кожнага з нас гэта таксама Дзень Волі!
Гэта той дзень, калі мы прыгадваем сваю прыналежнасць да беларускага народу і ганарымся нашай нацыяй.
Для ўсіх хрысціянаў і ўсіх веруючых гэта акурат той дзень, калі дзякуем Богу, што айцы БНР 25 сакавіка 2018 г заканадаўчым актам прызналі роўнасць рэлігій у правах і прызналі права кожнага на вольнасць сумлення. ("безумоўная вольнасць сумлення" – была ўжо абвешчана раней, другой устаўной граматай БНР ад 9 сакавіка 2018 г).
Свабода сумлення – гэта адно з фундаментальных правоў чалавека. У рэалізацыі гэтага права чалавек знаходзіць адлюстраванне свайго падабенства да вобразу Божага і бесперашкодна ўжо на зямлі будуе сваё жыццё з Богам.
І так як кожны чалавек мае права ад Бога, быць свабодным, так і кожны народ і кожная нацыя маюць права да незалежнасці. Як кажа Кампендый Сацыяльнага Вучэння Касцёла (КСВК) ў п.157 пра "правы народаў і нацый": "Сфера правоў чалавека пашыралася на правы народаў і нацый, бо тое, "што датычыць аднаго чалавека, датычыць таксама ўсіх народаў". ... Нацыя мае асноўнае "права на існаванне", на "сваю мову і культуру"... на "суверэнітэт"."
У сучаснай Беларусі Дзень Волі гэта не толькі ўспамін слаўнай старонкі з гісторыі краіны і зразуменне права на незалежнасць, але гэта таксама зразуменне свайго абавязку: змагацца за свае правы. За права жыць у свабоднай, незалежнай дзяржаве. У якой няма палітвязняў. У якой не саджаюць на суткі, толькі за тое, што чалавек думае, выказваецца, прапаведуе або жыве па-хрысціянску. У якой не караюць за тое, што з-за матываў рэлігійных не падтрымоўваеш дзяржаўнай ідэалогіі, якая па сваёй сутнасці ёсць далёкай ад хрысціянскага вучэння.
Дзень Волі ў сучаснай Беларусі для кожнага з нас ёсць чарговым выпрабаваннем. Мы мусім праяўляць волю, дзеля таго, каб у атмасферы беззаконнасці пазаставацца і быць людзьмі.
У дзень 25 сакавіка Касцёл адзначае ўрачыстасць Дабравешчання і задумваецца над святасцю жыцця.
Так вось, абапіраючыся на Сацыяльным Навучанні Касцёла, можна сказаць: наша зямное жыццё даходзіць да ўзроўня святасці і дасканаласці, калі перастаём зацыклівацца выключна на сваіх духоўных перажываннях, але пачынаем бачыць кожнага іншага чалавека і ў супольнасці з іншымі ідучы "шляхам любві", будуем краіну на фундаментальных каштоўнасцях грамадскага жыцця: праўды, свабоды, справядлівасці. (пар КСВК 197-208).
Я заахвочваю усіх Вас ў Дзень Волі маліцца за Беларусь і ўзгадаць імёны нявінна загінушых па-палітычных матывах.
Давайце прасіць свабоду для вязняў сумлення, а сем’ям палітвязняў хутчэйшага вяртання іх родных дадому.
Няхай Госпад умацоўвае нашу волю.
Няхай Бог благаславіць Беларусь і няхай дні нашага жыцця напоўніць мірам і спакоем.
З намі праўда і Бог. Жыве Беларусь!