Віцебскі біскуп павіншаваў ўсіх, хто рыхтуецца адзначыць адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў у гэтую нядзелю.
Напярэдадні свята Уваскрасення Гасподняга віцебскі біскуп Алег Буткевіч перадае з «Радыё Рацыя» віншаванні ўсім, хто рыхтуецца адзначыць адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў у гэтую нядзелю.
– Хрыстова Уваскрасенне – гэта падзея, якая ўвасабляе найглыбейшыя памкненні і жаданне чалавека: перамогі дабра над злом, усталяванне справядлівасці, глыбокае жаданне трываласці і вечнасці нашага жыцця. Менавіта ў Хрысце Уваскрослым гэтыя жаданні становяцца рэчаіснасцю нашага жыцця.
І тады, калі мы з вераю прымаем прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці, калі не застаемся абыякавымі да яго страшэнных пакутаў, да яго пакутніцкай смерці, праз якую Ён выслужыў нам гэтыя дары, то мы становімся ўдзельнікамі яго супакою. Супакою, з якім ён прыйшоў да сваіх спалоханых вучняў у Велікодную раніцу. І гэты спакой ахоплівае ўсё нашае жыццё. Ён дае нам надзею. Вось гэтага супакою хачу пажадаць усім вам, браты і сёстры, напярэдадні вялікага свята. І каб мы ніколі не гублялі надзеі, асабліва ў наш нялёгкі, складаны час, і былі сведкамі гэтай надзеі, сведкамі Божага супакою, і патрапілі дзяліцца ім з іншымі людзьмі, дзяліцца любоўю, прабачэннем, узаемнай павагай.
Таму няхай гэтае свята будзе крыніцай радасці, надзеі і ўсіх тых найлепшых жаданняў і памкненняў, якія нам у нашым жыцці рэалізуе прысутнасць Уваскрослага Хрыста. Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Са святам, усяго самага найлепшага!
Сёлета свята Уваскрасення Хрыстова рыма-каталіцкая і грэка-каталіцкая царква, а таксама пратэстанты, адзначаюць 4 красавіка.