Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Страйк, якога ніхто не чакаў

04.04.2021 общество
Страйк, якога ніхто не чакаў

10 фактаў пра выступ рабочых у красавіку 1991-га.

У красавіку 1991 у Беларусі адбыўся страйк, які ахапіў дзясяткі працоўных калектываў і ўвайшоў у гісторыю Беларусі як самы масавы выступ рабочых у змаганьні за свае палітычныя правы.

Страйк выклікала падвышэньне цэнаў урадам СССР

17 сакавіка 1991 году ў СССР прайшоў рэфэрэндум аб захаваньні СССР, у якім, як фармулявалася ў пытаньні «будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека». А праз два тыдні, 2 красавіка, Савет міністраў СССР узьняў цэны на прадукты і тавары ў 2-3 разы.

«Заўтра нам ня будзе чым карміць дзяцей» — так пачынаўся зварот рабочых да ўраду.

Пачатак быў на Даўгабродскай

3 красавіка 1991 году рабочыя менскага электрамэханічнага заводу перакрылі рух трамваяў на вуліцы Даўгабродскай у Менску. Іх падтрымалі рабочыя іншых заводаў. Калёна рушыла ў цэнтар беларускай сталіцы, да Дому ўраду. Ужо 4 красавіка колькасьць прадпрыемстваў, якія абвясьцілі страйк, налічвалі дзясяткі.

Рабочыя хутка перайшлі да палітычных патрабаваньняў

У першы дзень патрабаваньні былі эканамічныя (узьняць заробкі, зьнізіць цэны, адмяніць 5% «гарбачоўскі» падатак на продаж усіх тавараў). Аднак неўзабаве дадаліся патрабаваньні палітычныя, у тым ліку:

Вывад парткамаў з прадпрыемстваў.

Адстаўка прэзыдэнта СССР Гарбачова і саюзнага ўраду, роспуск з’езду народных дэпутатаў СССР.

Новыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР.

І, нарэшце, наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, што азначала — поўную палітычную незалежнасьць Беларусі.

Рабочыя патрабавалі незалежнасьці ўсьвядомлена

Патрабаваньне пра наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы з’явілася невыпадкова. У першыя ж дні старшыня Савету міністраў БССР Вячаслаў Кебіч, які выйшаў на плошчу да рабочых, тлумачыў, што ён само «ні сном ні духам» ня ведаў пра намер Крамля ўзьняць цэны ў 2-3 разы, і што рашэньне саюзнага ўраду было і для беларускага Саўміну непрыемным сюрпрызам.

«Як можна казаць пра нейкі сувэрэнітэт, калі наш урад ня ведаў, якімі будуць цэны?» — рытарычна пытаўся кіраўнік страйкаму «Гарызонту» Алесь Галькевіч.

Страйкам кіравалі людзі з палітычным досьведам

Сустаршынямі Менскага гарадзкога страйкавага камітэту былі абраныя Сяргей Антончык, Генадзь Быкаў і Георгі Мухін. Усе яны мелі пэўны палітычны вопыт:: Антончык — дэпутат Менскага гарсавета і парлямэнцкай Апазыцыі БНФ, Быкаў — член Рады БНФ Партызанскага раёну, Мухін — член Сойму і Ўправы БНФ. Сустаршынём страйкаму 4-га рудаўпраўленьня быў абраны член Салігорскай Рады БНФ Іван Юргевіч.

Адамовіч і Быкаў — за, Гілевіч — супраць

Дэпутат Ніл Гілевіч на паседжаньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета выказаўся супраць страйку і заявіў дэпутатам БНФ: «Калі вы, апазыцыя, будзеце далей слухаць кіраўнікоў страйкаму, гэта будзе ваша трагічная памылка. Дамаўляцца зь імі няма ніякага сэнсу: яны не ўспрымаюць чалавечае слова, а мы чулі і чуем толькі мову ўльтыматумаў».

Іншая пазыцыя была ў Васіля Быкава. Ягонае прывітаньне апублікавала газэта «Свабода»:

«Горача вітаю рабочы кляс Менску, які гэтак гераічна выяўляе сваю рабочую згуртаванасьць у дасягненьні агульнанародных мэтаў, у барацьбе за кавалак хлеба, дэмакратыю і галоснасьць, — зьвярнуўся ў тыя красавіцкая дні да страйкоўцаў Васіль Быкаў. — Толькі вашая бескампрамісная барацьба можа прывесьці да ўсенароднай перамогі над грабежніцкімі захадамі Цэнтру й мясцовае партбюрактатыі. Жадаю вам непахіснай цьвёрдасьці й вялікай рашучасьці. Бог вам у дапамогу! Жыве Беларусь».

Падтрымаў рабочых і Алесь Адамовіч: «Беларусы — цярплівая нацыя, але калі ўціск робіцца занадта моцны, яны ўздымаюцца на барацьбу за справядлівую справу. І калі ўжо беларусы ўзьняліся на гэтую барацьбу, значыць, яны маюць намер перамагчы. Бяз гэтага намеру яны маглі-б яшчэ чакаць. Калі ж намер перамагчы нарадзіўся, умацаваўся, беларусы ідуць заўсёды да канца... Беларусы павінны ўсьведамляць, што ім давядзецца сутыкнуцца з вельмі актыўным супрацівам іх імкненьня да самастойнага і вольнага жыцьця».

Камуністычная прапаганда забуксавала

Традыцыйна, усе антыкамуністычныя і антыўрадавыя выступы афіцыйная камуністычная прапаганда зьвязвала з «дыструктыўнай» дзейнасьцю БНФ і ягонага лідэра Зянона Пазьняка.

Аднак гэтым разам прапаганда апынулася ў няпростым становішчы: так атрымалася, што за некалькі дзён перад пачаткам падзеяў дэпутаты БНФ Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі і Ўладзімер Заблоцкі вылецелі на амэрыканскі кантынэнт, дзе беларуская дыяспара арганізавала ім сустрэчы з палітыкамі ЗША і Канады (адной з тэмаў была дапамога ў справе ліквідацыі Чарнобыльскай катастрофы).

На дапамогу прыйшоў першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, які заявіў у прамым эфіры тэлебачаньня: «Да чыстага парыву рабочых прымазаліся тыя, хто шукае выгады для сябе... У дзеяньнях страйкаму адчуваецца рука вопытных арганізатараў».

БНФ падтрымаў рабочых

Калі ўзяць у двукосьсі слова «прымазаліся», дык, па вялікім рахунку, Шушкевіч ня быў надта далёкі ад ісьціны: дэпутаты Апазыцыі БНФ дапамагалі лідэрам рабочага руху.

«Якую ролю ў красавіцкіх падзеях адыграў БНФ? Немалую, — сьцьвярджаў у тыя дні ў „Навінах БНФ“ Юры Дракахруст. — Па-першае, спрацавала двухгадовая дзейнасьць БНФ, мітынгі, выступы ў друку, праца апазыцыі ў ВС Рэспублікі. За гэты час БНФ так і ня стаў масавым рухам. Шырокія сацыяльныя пласты нібы й ня слухалі праграмы мераў па выхадзе з крызісу, заклікаў да стварэньня структураў уплыву, у тым ліку й страйкамаў. Як высьветлілася, ня слухалі, але нешта пачулі. І калі падышоў час, прыгадаліся й меры й перамовы й словы... Патрабаваньні страйкамаў падобныя на праграмныя мэты БНФ. На пляц перад Домам ураду рабочыя таксама пайшлі па шляху, пракладзеным БНФ... апрача таго, БНФ паўплываў, так-бы мовіць, арганізацыйна. У 1988 годзе ён абудзіў да грамадзянскага жыцьця розных людзей, аб’яднаных непрыняцьцем таталітарызму. Групы БНФ маглі быць вельмі маленькімі — некалькі чалавек на велічэзны завод, але яны былі амаль паўсюдна... Калі ж пачаліся страйкі, сябры БНФ апынуліся на сваім месцы. Многія зь іх увайшлі ў страйкамы, сталі іхнімі лідэрамі. Яны адразу надалі руху арганізаваныя формы. Палітычны досьвед сяброў БНФ на заводах дапамог рабочым у іхняй барацьбе».

Апазыцыя БНФ падтрымала патрабаваньні рабочых і сабрала подпісы за скліканьне нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету для прыняцьця палітычных і эканамічных рашэньняў.

Страйк быў спынены АМАПам

Да менскіх рабочых далучыліся салігорскія шахцёры, рабочыя ў Гомлі, Воршы, Віцебску, Наваполацку, іншых гарадах.

24 красавіка аршанскія рабочыя выставілі ўльтыматум: калі ня будзе прызначаная надзвычайная сэсія Вярхоўнага Савета БССР, якую патрабавалі дэпутаты Апазыцыі БНФ, яны лягуць на рэйкі.

У 15.30 чыгуначны рух быў заблякаваны.

Як заявіў Станіслаў Шушкевіч, «Сп. Антончык сказаў, што «мы спынім бясчынствы ў Воршы, калі нам будзе выдзелены эфір». Я яму адказаў, што «бясчынствы будуць спыненыя ў адпаведнасьці з законам і законнымі мэтадамі, таму што нашая ўлада яшчэ ў стане забясьпечыць бясьпеку людзей» («Навіны БНФ», 3, 1991).

«Мне здаецца, ім хочацца вайсковага становішча. Да гэтага часу мы прымянялі плятанічныя мэтады, але шмат якія дзеяньні арганізатараў страйку мяжуюць са злачынствам» — пракамэнтаваў Шушкевіч свае дзеяньні (газэта «Коммерсантъ- власть», 67, 1991).

У Воршу былі накіраваныя паўтары тысячы байцоў АМАПу зь Менску, Віцебску і з Магілеву, і ўвечары 25 красавіка, каб пазьбегчы кровапраліцьця, рабочыя былі вымушаныя спыніць страйк.

Страйк разбурыў імідж беларусаў як паслухмянай нацыі

Агульнабеларускі страйк, які адбыўся ў красавіку 1991 году, хаця і не дасягнуў посьпеху (палітычныя патрабаваньні не былі прынятыя, а зьніжаныя цэны неўзабаве ізноў пайшлі ў гару), але меў некалькі важных вынікаў:

Быў зьнішчаны імідж беларусаў як паслухмянай і пакорлівай нацыі;

Абвяргаўся марксісцка-ленінскі пастулят, што камуністычная партыя партыя рабочай клясы (рабочыя выступілі супраць КПСС);

І лідэры БНФ, і лідэры рабочага руху назапасілі вопыт паводзінаў у экстрэмальных сытуацыях, які прыдаўся праз тры месяцы, у жніўні 1991 году, калі быў арганізаваны супраціў прыхільнікам праімпэрскага путчу і ўдалося дасягнуць абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі.

Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]