Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Аляксей Марачкін: Прыйдзе час – і ўладзе мала не пакажацца

06.04.2021 политика
Аляксей Марачкін: Прыйдзе час – і ўладзе мала не пакажацца

У Беларусі настаў момант ісціны.

1 красавіка ў сталічным Палацы мастацтва адкрылася выстава суполкі «Пагоня», якою «пагонічы» вырашылі адзначыць сваё 30-годдзе. Адзін са стваральнікаў суполкі і былы яе кіраўнік Аляксей Марачкін выставіў цэлую залу твораў у нечаканай для сваіх прыхільнікаў тэхніцы акварэлі. Перад адкрыццём журналісты «Народнай волі» сустрэліся з мастаком і пагаварылі не толькі пра развешаныя на сценах карціны.

– Спадар Аляксей, на юбілейнай выставе вы ўсіх здзівілі, паказаўшы больш за паўсотню акварэльных твораў. У кулуарах толькі і гаворкі было, што пра Марачкіна-акварэліста. Што змусіла вас змяніць тэхніку?

– Акварэлі я і раней пісаў, тут няма ніякіх неспадзяванак. Проста апошнім часам займаўся імі больш. За два з паловай месяцы самаізаляцыі, нікуды практычна не выходзячы, зрабіў больш за 800 аркушаў. І сваю экспазіцыю так і назваў «Акваарэлі», маючы на ўвазе свабоднае гушканне, вольны палёт фантазіі. Акварэль прывабная яшчэ і даступнасцю – вада бясплатная, папера танная. Прычым гэта вельмі старажытная тэхніка. Калі яшчэ не было алейных фарбаў, чалавек у вадзе раствараў каляровую гліну і маляваў на скалах. А я ў творчым працэсе зрабіў адкрыццё: калі на чыстай плоскасці разліць пафарбаваную ваду, яна ніколі не расплывецца абы-як. Ідзе працэс самаўтварэння вобраза. Зірнеш – і бачыцца нейкая карцінка. Застаецца толькі дамаляваць. Так я і працаваў. Часам за дзень выходзіла па трыццаць твораў.

– Тры дзясяткі за дзень?!

– Бывала і больш. Летась я быў тры з паловай месяцы на пленэры ў Чарнагорыі, яна мяне і натхніла на такую актыўную творчасць – сваёй незвычайнай прыродай, морам. Там мне таксама ўдалося плённа папрацаваць.

– Мы стаім каля карціны пад назвай «У тым годзе», на ёй АМАП дубінкамі малоціць народ. Гэты сюжэт вам таксама вада падказала?

– Вада. І жыццё наша. Мне засталося толькі шлемы і дубінкі падмаляваць. Быць убаку ад падзей, што адбываюцца ў нашай краіне, я не магу. Таму і акварэлі ў мяне атрымліваюцца злабадзённымі. Прызнацца, я мастак эклектычны, мне хочацца «абняць неабдымнае». Калісьці Пікаса прызнаўся, што калі б не мяняў жанры і стылі, то даўно памёр бы. А японец Хакусай (мой любімы мастак) трыццаць разоў за жыццё да непазнавальнасці змяняў свой стыль.

– Нядаўна быў арыштаваны ваш калега Алесь Пушкін. Па абсалютна надуманым абвінавачанні – за нібыта распальванне нацыянальнай, расавай ды іншай варажнечы, за што прадугледжана пакаранне ад 5 да 12 гадоў няволі. Штосьці мастакі не бароняць свайго сябра…

– Абвінавачанні Пушкіну падобныя на шызафрэнічнае трызненне. Я лічу яго вельмі таленавітым творцам, у свой час напісаў яго партрэт. Па такім самым абвінавачанні можна каго заўгодна з мастакоў кінуць за краты. Скажам, народнага мастака Арлена Кашкурэвіча – за ілюстрацыі да «Карнікаў» Алеся Адамовіча. Можа, калі б ён жыў, і да яго прычапіліся б… А куды дзець фільмы пра вайну, дзе таксама можна знайсці тое самае «распальванне»?

– Саюз мастакоў – самая шматлікая ў краіне творчая арганізацыя (больш за 1000 чальцоў). Чаму Саюз нават заявы ніякай па Пушкіну не прыняў? Будзе маўчаць?

– Не думаю, кіраўніцтва СМ павінна ўсё ж неяк выступіць. І суполка «Пагоня» мусіць абавязкова заступіцца за Алеся. Праўда, тут такая справа. Учора я даведаўся, што гарадскія ўлады збіраюцца павялічыць плату за майстэрні мастакоў у два ці тры разы. У месяц будзе каля дзвюх тысяч рублёў. Для нас гэта касмічныя сумы. Куды нам дзецца? З’язджаць на вёску? І ў гэтым намеры гарвыканкама «памяркоўныя» мастакі вінавацяць тых, хто не маўчыць, як мыш пад венікам. І мне – дзе паўнамёкамі, а дзе і адкрыта – пра гэта неаднойчы гаварылася…

– А вы не баіцеся, што і да вас могуць уварвацца «мастацтвазнаўцы» ў балаклавах? Бо і вашы некаторыя карціны пры жаданні можна патрактаваць як «распальванне варажнечы». Скажам, на адной з іх – герб Расіі ці то з двухгаловым арлом, ці то з курыцай…

– Ну, калі начальнік дзяржавы называе бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім, то і мяне можна пасадзіць – за «экстрэмізм». Дарэчы, летась я ўжо заплаціў каля дзвюх тысяч рублёў штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Што да згаданай вамі карціны, то там як бы не зусім герб. Там проста двухгаловая курыца з сярпом і молатам і чырвонай зоркай. У Расійскай імперыі – раней Савецкім Саюзе, цяпер Расійскай Федэрацыі – тая ж самая ідэалогія: пашыраць тэрыторыі, не лічыцца ні з кім. Паслухайце, як кіраўнікі Расіі пра Украіну гавораць: што гэта не дзяржава, а прыдуманая бальшавікамі рэспубліка. Калі так гаворыцца пра ўкраінцаў, то што можна сказаць пра нас? Мы ж з Расіяй – «саюзная дзяржава»! Хрыстос гаварыў: «Даю вам запавет: любіце адзін аднаго». Запавет парушаецца тымі, хто падымае руку на братні народ, а гэта вялікі грэх.

– Яшчэ гады два-тры таму шмат хто ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі меў пэўныя ілюзіі. Дастаткова было Уладзіміру Макею надзець вышыванку ці намесніку прэм’ер міністра паехаць на пахаванне Каліноўскага ў Вільнюс, як пачыналіся гаворкі пра «мяккую беларусізацыю», якую паціху праводзіць беларуская ўлада. Сёння гэтыя ілюзіі канчаткова развеяліся?

– Думаю, так. Гады тры таму мы з вамі на старонках «Народнай Волі», згадваючы 1937 год, гаварылі, што д’ябальшчына можа вярнуцца. Вось яна і вяртаецца. Немагчыма вымераць усю шкоду, якую за 26 гадоў нанёс Лукашэнка нацыянальнай культуры, беларускай мове. А родная мова, я лічу, мацней за атамную зброю. Менавіта па мове Расія будзе вызначаць сваю тэрыторыю. Як яна вызначыла ў Крыме і на Данбасе. І калі ўсе мы загаворым па-руску, то нас забяруць голымі рукамі. Я нядаўна сустракаўся з вядомым навукоўцам Яўгенам Фурсам. І ён мне пераканаўча давёў, што Бог чуе народы толькі праз іхнія родныя мовы. Калі мы з табой гаворым на адной мове – мы ўжо роднасныя душы. Арэал рускай мовы звузіўся па ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Літва, Латвія, Эстонія, Грузія, Казахстан, Украіна… А Беларусь па-ранейшаму адкрытая для русіфікацыі, яна сюды і хлынула па ўсіх каналах.

– Мінск літаральна завешаны чырвона-зялёнымі сцягамі, яны над кожнай дзяржустановай, на многіх вышынных будынках. Якія асацыяцыі ў вас гэта выклікае?

– У вайну сцяг вывешваецца над захопленымі будынкамі. Улада, відаць, і хоча гэтым паказаць, што ў нас вайна… А калі гаварыць сур’ёзна, то гэта маразм. Нічога ўжо не выратуе гэты рэжым – ні высока ўзнятыя чырвона-зялёныя сцягі, ні апушчаная ніжэй усіх плінтусаў тэлевізійная прапаганда. Кола гісторыі рухаецца наперад. Больш за тое, я сёння магу сказаць, што бел-чырвона-белы сцяг не заплямлены крывёю. А вось чырвона-зялёны заплямлены – у мінулым годзе. Забіты Аляксандр Тарайкоўскі, Аляксандр Віхор, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка (у мяне ёсць работа, прысвечаная яго памяці). Што б там ні плявузгалі прыўладныя прапагандысты, бел-чырвона-белы сцяг быў і застаецца нацыянальнай і хрысціянскай святыняй, гэта ў свой час падкрэсліваў нават кіраўнік БПЦ Філарэт, галасуючы за яго ў Вярхоўным Савеце.

– Паводле вашых адчуванняў, ці ўдалося ўладам запалохаць грамадства?

– А я перакананы, што не. Беларускі супраціў – гэта яшчэ і кукіш у кішэні. Улада хваліцца, што задушыла шэсці. Насамрэч нічога яна не задушыла. Супраціў, непрыманне рэжыму засталіся. Спружына проста сціснулася пад ціскам брутальнай сілы. Прыйдзе час – яна выпрастаецца. І тады ўладзе мала не пакажацца. Начальнік дзяржавы сёння валодае толькі дубінкамі і зброяй, а не розумамі людзей. То там, то тут выкарыстоўваючы сілавы рэсурс, улада працуе супраць сябе. Гэта агонія, і яна не можа доўга прадаўжацца.

– Нядаўна мне тэлефанаваў паэт Ігар Шклярэўскі з Масквы (ён ваш зямляк – родам з Магілёўшчыны) і не мог паверыць, што з бел-чырвона-белым парасонам ён сёння не дайшоў бы ад плошчы Коласа да плошчы Перамогі… На вашу думку, свет дастаткова інфармаваны пра тое, што ў нас адбываецца?

– Я думаю, дастаткова. У наш час нікуды нічога не схаваеш. І тое, што вытварае ўлада ў Беларусі, ледзь не ў рэальным часе бачыць увесь свет. Таму і хваля салідарнасці такая адчувальная. Я ўчора паслухаў расійскага журналіста Аляксандра Няўзорава, ён усе беларускія падзеі проста па палічках расклаў. А ў канцы перадачы, седзячы на фоне бел-чырвона-белага сцяга, выгукнуў «Жыве Беларусь!».

– Рашэннем улады 2021 год у Беларусі абвешчаны Годам народнага адзінства. Ці зроблены нейкія крокі тою ж уладай, каб напоўніць хоць нейкім сэнсам гэтую дэкларацыю?

– Ніводнага кроку я не бачу. Было б адзінства, калі б улада дазволіла 25 Сакавіка прайсці па вуліцы спакойна, без дручкоў. Як людзі, дарэчы, і хадзілі ўвесь час. Гэта ж былі супермірныя шэсці, нідзе ніводнай шыбы не пабілі. Улада аб’явіла год адзінства – і працягвае паляваць на людзей! Выходзіць, у нас не год адзінства, а год варажнечы. І правакуе на тую варажнечу не хто іншы, як сама ўлада – судамі, штрафамі, катаваннямі. Вось я ўспамінаю сваё маленства. У вёсцы – дзве хаты, у адной жыў мой бацька Антон Марачкін, у другой – сусед Іван Драмок. І яны канфліктавалі. А нейкі бандыт з лесу даў Драмку зброю, нацкаваў яго на бацьку. І – варажнеча перарасла ў вайну. Пытанне – хто ў гэтым вінаваты? Адказ – бандыт-падбухторшчык! Так і ўлада цяперашняя дзейнічае, даўшы зброю і не абмежаваныя законам паўнамоцтвы сілавікам.

– Але як супыніць гэтую варажнечу? Супраць лому, як вядома, няма прыёму.

– Бог агаляе зло, каб на яго фоне было больш заўважна дабро. Сёння кожны грамадзянін Беларусі павінен вырашыць: ён на баку дабра ці на баку зла? Настаў, калі хочаце, момант ісціны. Дагэтуль мы жылі больш-менш спакойна, усё нас збольшага задавальняла. Прыйшоў час вызначыцца і пашукаць спосабы змагання з ломам улады, які ўвесь праржавеў. Мой «лом» – мастакоўскі пэндзаль.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]