Нашчадкі, якім давядзецца вывучаць айчынную гісторыю 20-х гадоў ХХІ стагоддзя, убачаць выразны малюнак.
На палітычным полі Беларусі стаяць сотні тысяч радасных людзей з прыгожымі бел-чырвона-белымі сцягамі і кветкамі, насупраць — злавесная чорная арда, а паміж імі — калючы дрот.
Сімвалам дыктатарскага рэжыму і мяжой, якая дзеліць тэрыторыі дабра і зла, дрот стаў з 1995 года. Тады пачаліся парушэнні заканадаўства, якія пашыраліся. А. Лукашэнка выкарыстаў затурканы стан постсавецкага насельніцтва, правёў выгадныя для сябе рэферэндумы, замяніў сімволіку, абмежаваў ужытак роднай мовы, дубінкамі сілавікоў разагнаў незалежныпарламент, пакрэмзаў Канстытуцыю — і жыццё пакацілася пад адхон, дзе знаходзіцца цяпер.
Калючы дрот выклікае незабыўныя ўражанні. Сітуацыя ў Беларусі, калі ў ступар, у няспынны стрэс уведзены цэлы народ, нагадала выпадак з маленства. Забаўляючыся са старэйшым братам у дварышколы, я саскочыў з даху хлеўчука і патрапіў якраз на ржавы скрутак, які прыхаваўся ў высокай траве. Дрот упіўся ў дзве ступні так глыбока, што не скрануцца ні туды, ні сюды. Той, хто не зведаў падобнае, не зразумее разгубленасці, адчаю і страху ў недарэчнай сітуацыі. Уратаваў бацька, які загадаў трываць боль, рашуча вырваў мяне з палону, заліў раны памятным савецкім «Тройным одеколоном».
А ў сталым узросце я назіраў, як перад чарговым «Чарнобыльскім шляхам» салдаты ўнутраных войскаў аблытвалі ўвечары ў тумане скруткамі калючагадроту плошчу Якуба Коласа ў Мінску. Постаці былі фантасмагарычнымі, нагадвалі вялізных павукоў, і падалося, што хутка ў павуціну беззаконня і гвалту трапіць уся Беларусь. Так яно і сталася.
Адэкватныя людзі ў Расіі называюць гвалтоўныя дзеянні чыноўнікаў і сілавікоў «белорусским адом»: «То, что там происходит, это безумие» (блогер Я. Савін); «…это имитация руководства страной» (журналіст і грамадскі дзеяч М. Сванідзе).
Падзеі паказалі, што ў Беларусі ніхто не абараняе інтарэсы народа — ні кіраўніцтва, ні армія, ні міліцыя, ні спецслужбы, ні пракуратура, ні суды. Дзяржава ў вачах чыноўніцкага і сілавога кантынгенту звялася да аднаго індывіда-уладалюбца. Ён забяспечвае «государевым людям» знаходжанне на «хлебных» пасадах і ўсе фінансавыя і матэрыяльныя даброты, а таму для іх — «и царь, и бог, и воинский начальник».
Але зусім інакш мысліць абуджаны народ. Ён зразумеў, што дыктатура — гэта ненармальны, бесперспекfтыўны спосаб кіравання. Каб грамадства развівалася, яму патрэбны разумнае заканадаўства, свабода думак і ініцыятыў, прастора для актыўнага, самастойнага дзеяння. Таму беларусы адпрэчваюць старую, дэградуючую ў нацыянальных пытаннях, палітыцы, эканоміцы і сацыяльнай сферы дыктатарскую сістэму і разам з ёй носьбітаўзацягнутага гніення.
Дакладна сфармуляваў жаданне звычайных грамадзян вядомы расійскі рок-музыкант А. Макарэвіч: «Людей не устраивает то, что им врут каждый день, что их держат за дураков, что их настраивают друг против друга. Люди хотят жить в нормальной свободной стране. Только и всего».
Менавіта за такое жаданне сілавікі давялі гвалт да ахвяраў. Яны збіваюць, калечаць, арыштоўваюць, катуюць, судзяць мірна пратэстуючых грамадзян. Рэжым вядзе зацятую вайну з незалежнымі журналістамі, праваабаронцамі, валанцёрамі, нават з пенсіянерамі і інвалідамі.
Памяшальніцтва кіроўнага клана на варожасці, нянавісці і жорсткасці да большасці народа спрабуюць разгадаць спецыялісты. Але недасведчанаму чалавеку ў складанай аналітыцы лёгка заблытацца.
Прапаную просты спосаб. Трэба ўважліва чытаць і слухаць прадстаўнікоў рэжыму. Сітуацыю тлумачаць самі інструктажы, якія праводзяць дыктатар, чыноўнікі і сілавікі высокага рангу для падначаленых, а таксама выказванні ў СМІ. Адкрытым тэкстам сцвярджаецца, што пратэстуючыя, калі прыйдуць да ўлады, будуць забіваць усіх, хто не падзяляе іх поглядаў, што сілавікам прыгатавана самаялютая смерць, што ў іх ёсць адзіны ратавальнік — А. Лукашэнка, за якога трэба трымацца. А сам ён збіраецца ваяваць з іншадумцамі «до последнего омоновца». Якраз рэгулярныя накачкі хлуснёй галоў міліцыянераў і вайскоўцаў, разбэшчаная, правакацыйная прапаганда і расцягваюць злачынныя скруткі перашкод у грамадстве. Пра гэта мой верш «Калючы дрот»:
Куды я позірк незашораны ні кіну,
Крутых падзей убачу гулкі разварот.
Ушчэнт растурзана любімая краіна,
А пасярод — калючы дрот, калючы дрот.
Даўно пляваць тутэйшым гіцлям-казнакрадам,
Што скарбу на той свет не забярэш з сабой.
Дзярбаняць сквапна грошы, землі, нават радасць,
А добрым людзям пакідаюць толькі боль.
«Харызма»— не гарант заможнасці і ладу,
Калі кіруюць гнеў і помста галавой.
Хто хоча на людскіх пакутах мець уладу,
Сам хутка захлынецца праведнай крывёй.
Нам цяжка, млосна, крыўдна, хтось у паняверцы,
Ды кажуць смела беларусы: «Ёсць — народ!»
З трывожных вуліц, з растаптаных душ і сэрцаў
Мы талакою прыбярэм калючы дрот.
Самаарганізацыя людзей, якія збіраюцца не толькі спяваць песні, танчыць і піць чай, але і абмяркоўваць пытанні рамонту жылля, добраўпарадкавання тэрыторыі двара, важныя праблемыдалейшага развіцця краіны— гэта не «злачынства супраць дзяржавы», як лічаць А. Лукашэнка, Р. Галоўчанка, Н. Качанава, У. Андрэйчанка, У. Макей і генералы-сілавікі, а стваральны стан грамадства ў ХХІ стагоддзі.
Цэрберы дыктатуры і «ябатьки-забатьки», якія засталіся ў мінулым, не могуць уцяміць, што прыйшоў час не хранічных хлусаў, фальсіфікатараў, інтрыганаў і шантажыстаў, а прыстойных, праўдзівых і сумленных людзей. Без адэкватнасці, здаровага сэнсу, разумных паводзін ніводзін народ свету не пабудуе стабільнае, заможнае жыццё. Гэта тычыцца і чалавецтва ў цэлым, якое стаіць перад складанымі эпідэміялагічнымі, экалагічнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі выклікамі. Палітычным махлярам, махальнікам атамнай зброяй і міліцэйскімі дубінкамі, пыхлівым няўмекам такія праблемы не па зубах.
У майго любімага паэта, старэйшага сябра, франтавога карэспандэнта ў час змагання з гітлераўцамі Пімена Панчанкі (1917 — 1995) ёсць верш «Герой»:
Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!
Мы не пляжы, а на вайне».
І лёг на змяіныя скруткі дроту.
І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.
У Дзень Волі і 27 сакавіка Мінск быў «па завязку» нашпігаваны сілавікамі, спецтэхнікай, у тым ліку і машынамі з калючым дротам. Народныя грошы рэжым змарнаваў на тое, каб запалохаць тых, хто яго корміць. Не ўдалося. Беларусы вытрымаюць шалёны націск і яшчэ скажуць сваё слова!
На скруткі калючага дроту (у прамым і пераносным сэнсе!) восьмы месяц кладуцца тысячы сумленных людзей, сапраўдных герояў. Па іх знявечаных спінах нацыя, якой сёння можна ганарыцца, яднаючыся, пераадольваючы зняверанасць, страх і інертнасць, прарываецца да свабоднага, стваральнага жыцця. Я веру — прарвецца!
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com