Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дыктатары заўжды атрымліваюць паўстанне

08.04.2021 политика
Дыктатары заўжды атрымліваюць паўстанне

Аб гэтым сведчыць гiсторыя.

Змаганне за свабоду, якое ўзрушыла беларусаў і прыцягнула ўвагу свету, не спынілася, а перайшло ў новую фазу. Яна, магчыма, будзе драматычней,чым ранейшая. Дыктатура проста так не здаецца, нават усведамляючы, штопратэстуе большасць народа. Акрамя таго, ёсць яшчэ знешнія перашкоды.

Аналітыкі даследуюць лакальныя гарачыя падзеі і мала ўвагі звяртаюць на важнейшую праблему, бо ў гэтак званай «саюзнай дзяржаве» Беларусь як была, так і застаецца эксперыментальным палігонам для пастаяннай абкаткі заканадаўчых, адміністратыўных, сілавых, следчых, судовых і пракурорскіх метадаў рэпрэсій супраць грамадзян. Крэмль уважліва назірае за працэсам і выкарыстоўвае «каштоўны вопыт».

Дзікая сітуацыя, калі дыктатарскі рэжым шмат месяцаў метадычна збіваемірных пратэстуючых, канвеерна арыштоўвае, судзіць, здзірае драконаўскія штрафы і пазбаўляе волі невінаватых людзей, не ўзнікла нядаўна. Гэта вынікрэгулярнага прыдумвання, назапашвання. Часам рэжым нешта пераймаў і ў расіян, але на 95 працэнтаў узмацненне рэпрэсій прымаюць на сябе беларусы. Калі яны вытрымліваюць гвалт, то градус садызму павышаецца, «пока страшно не станет каждому». Атмасферу ўнутры кіруючага клана Беларусі характырызуюць два выказванні: «Выжигать каленым железом» (А. Лукашэнка), «Дурь из народа нужно выбивать» (сілавікі).

Ніхто не пераканае мяне, што «показательная порка» мяцежных беларусаў абыходзіцца без сакрэтных змоў, кансультацый і нарад кіраўніцтва беларускіх і расійскіх сілавікоў. Падсветкай рэчаіснасці стала фраза, якой карыстаюцца аналітыкі і журналісты: «Россияне боятся усилениярепрессий». Прапагандысцкі рупар Крамля трубіць: «Видите, что делают с белорусами? Будет такое и вам. Сидите тихо, не вякайте!»

Рэаліі ў Беларусі — імкненне большасці народа да дэмакратычнага жыцця і жорсткае падаўленне пратэстаў— паўплывалі на расійскае грамадства. Прытым уплыў мае як станоўчы, так і адмоўны вынік. Выхад на вуліцы беларускіх гарадоў соцень тысяч людзей на працягу трох месяцаў (!) даў расіянам, якія спавядаюць дэмакратыю, пэўную надзею, што і яны мірнымі пратэстамі могуць здабыць прыстойнае жыццё. Але пасля рэгулярнага «мочилова» ў Беларусі і двух жорсткіх разгонаў у буйных гарадах Расіі ў студзені 2021 года складаны працэс дэмантажу дыктатарскіх сістэм запаволіўся. Увогуле, вызваленне суседзяў больш праблематычнае, чым наша.

Галоўная задача беларускага дыктатара — любымі спосабамі забалбатаць, замыліць рэальнае становішча, звесці на нішто пратэстную энергію народа. Задзейнічана ўсё: «усенародны сход», «збор прапаноў з месцаў» па «рэфармаванні» Канстытуцыі, мітусня адміністрацыі правіцеля і дэпутатаў па прыняцці рэпрэсіўных законаў.

На першым месцы ў валтузні стаіць хлусня. Палітычныя круцялі заўсёды застаюцца ў сваім амплуа. Глянем на паведамленні ў інфармацыйнай прасторы. Адначасова з’яўляецца: «Песков: Лукашенко публично заявлял, что конституционная реформа будет иметь место»; «Песков заявил, что Лукашенко не мог обещать Путину конституционную реформу»; «Лукашенко заявил, что не обещал Путину конституционную реформу, просто обсудил в общих чертах». Але варта ўспомніць, што сцвярджалася раней. І так — ва ўсім!

Кажу шчыра: мяне не цікавяць «сакрэтнічанні» правіцеляў за зачыненымі дзвярыма, кулуарныя змовы ў вярхах. Грамадзяне ўсё роўна ніколі не будуць ведаць праўду пра тое, што там гаворыцца. Важна іншае — рэакцыя людзейна прыдумкі дыктатараў, якія гвалтуюць народнае жыццё. Трэба своечасова заўважаць беззаконне і любымі спосабамі змагацца супраць уціску.

За гады дыктатурызацыі Беларусь і Расію апанавала дэградацыя ва ўсім, у тым ліку і ў якасці кіравання. Бачна, што ў правіцеляў стратэгіі няма, ёсць сумятлівая тактыка — хваравітая рэакцыя на пагрозы іх абсалютнай уладзе, рэпрэсіўныя імпульсы, якія яны рассылаюць ва ўсе бакі.

У стасунках Беларусі і Расіі А. Лукашэнка з 1994 года застаецца «мінай замаруджанага дзеяння». Гэта няпраўда, што ў беларусаў не было іншага выйсця, чым быць «нахлебнікамі». Проста спакон веку жыць за кошт суседа — гэта самы лёгкі спосаб існавання няўмекаў і лайдакоў. Таму надзвычай сімвалічна выглядаў првіцель з блакнотам і алоўкам у руках на перамовах з У. Пуціным у Сочы.

Што тычыцца інтэграцыі, то з’ядналіся два дыктатары, бо страшна згубіць крэсла, і генералы, якія і тут, і там вылеплены з аднаго каманднага цеста. А ў астатнім узніклі праблемы. Шлях у калонію нашаму народу не патрэбен. Пасля падтрымкі Пуціным рэжыму Лукашэнкі, пахіснутага пратэстамі, стаўленне беларусаў да Расіі, якая пакуль яшчэ моліцца на свайго «мачо», змянілася. Як бы нахабна ні хлусілі прапагандысты Крамля ў дачыненні да суседзяў (Украіна, Літва, Латвія, Эстонія, Грузія), але іх патугі дзейнічаюць толькі на ўласную малаадукаваную глыбінку.

Асабліва хітра яны заблытваюць стасункі з Беларуссю, лічаць, што наша краіна ўжо «ляжыць у расійскай кішэні». Але імперскія планы высвецілі і сарвалі магутныя беларускія пратэсты.

Гэты мой верш быў напісаны 20 лютага 2008 года:

Недзе грыміць…

Гримить! Тайна дрож пронимае народи, —

Мабуть, благодатная хвиля надходить…

Іван Франко

Недзе грыміць…

А ў знаёмых ваколіцах ціха.

Толькі варушацца цені

Адвагі выяў.

Воляй цяжарная

Столькі вякоў парадзіхай

Курчыцца ў схватках бясплодных

Айчына мая.

Недзе грыміць…

Там акроплены гордай крывёю

Прывід свабоды

Імкліва нарошчвае плоць.

Лёс заклікае рабоў

Стаць у шэрагі вояў:

«Скідвай ярмо

І наперад ахвярна выходзь!»

Недзе грыміць…

А тутэйшыя давяцца болем.

Дні, расстраляныя страхам,

У прорву ляцяць…

Божа, калі ж мы прытулім

Жаданую волю

Так, як матуля

Сваё дарагое дзіця?

Недзе грыміць…

Там хочуць жыць.

Беларусы доўга ішлі да ўсведамлення каштоўнасці свабоды. Хоць мафіёзны жалезабетон, які заліваўся 26 гадоў, прабіць няпроста, але яны не адступяць.

Сёння Беларусь — гэта дзеючы вулкан, і ён не патухне, пакуль не будуць выпушчаны і рэабілітаваны палітзняволеныя, не адбудуцца сумленныя выбары, не прыйдзе легітымны лідар. Тады можна займацца рэфармаваннем – як Канстытуцыі, так і ўсіх галін жыцця дзяржавы.

Палігон грыміць… Ператрусы ў офісах і ў кватэрах, арышты іншадумцаў не спыняюцца. Ёсць уражанне, што дыктатура стала адным суцэльным судзілішчам. Але зашыць рот народу калючым дротам не ўдасца. Гісторыя сведчыць, што ў выніку доўгага гвалту дыктатары заўжды атрымліваюць паўстанне.

Вядомы палітык У. Чэрчыль пакінуў запаведзь: «Поспех — гэта рух ад няўдачы да няўдачы без страты аптымізму». Так павінны дзейнічаць і беларусы.

Пасля жудасных распраў, якія ўчыніў рэжым супраць народа, далей жыць і працаваць пад яго кантролем немагчыма. Гэта бясконцы здзек і маральны, псіхічны стрэс. На такое здольныя хіба што закончаныя цынікі, мярзотнікі і палахліўцы.

Усе сумленныя людзі разумеюць, што падтрымліваючы ўзурпацыю ўладымаўчаннем, абыякавасцю і бяздзеяннем, мы становімся самі саўдзельнікамі злачынства, якога не даруюць нашчадкі.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]