Проста трэба памятаць пра гэта.
Андрусь Такінданг – мастак, музыка, паэт, удзельнік музычных гуртоў Recha і Harotnica mix. Мінулай восенню ён стаў адным з многіх, хто пацярпеў ад рэжыму за падтрымку мірнага супраціву, але сам лічыць адседжаныя «суткі» дробяззю ў параўнанні з іншымі гісторыямі, піша «Салідарнасць».
Калі ў 2009 годзе на дзяржканале АНТ з’явілася моўная рубрыка, якую вёў Андрусь і расказваў пра значэнне рэдкіх беларускіх слоў, здавалася – вось ён, яшчэ адзін крок да падтрымкі мовы дзяржавай. Але «адліга» аказалася часовай, праз пэўны час рубрыка знікла; а колькі наогул зараз мовы на дзяржТБ, можа лёгка праверыць кожны ахвотны.
Затое расквітнела недзяржаўная ініцыятыва «Мова нанова» – моўныя курсы, дзе Андрусь Такінданг часты музычны госць, з 2014 наведалі тысячы людей у розных гарадах Беларусі і замежжа.
– У чым, на ваш погляд, папулярнасць курсаў беларускай мовы – нават у цяперашніх умовах, калі могуць наўпрост прыйсці і забраць у РАУС студэнтаў і выкладчыкаў, а беларускамоўныя рызыкуюць атрымаць ярлык «змагар»?
– Моўнае пытанне было вельмі «эрагеннай зонай» для беларусаў. Насамрэч і раней былі добрыя, станоўчыя водгукі, калі людзі чулі беларускую мову, але былі і рэзка негатыўныя. Цяпер моўнае пытанне рэзка актуалізавалася, бо людзі, відаць, хочуць даць сабе адпачынку ад нейкага гвалту, адасобіць сябе ад фашыстаў – і гэта, робіцца, безумоўна, з дапамогай мовы.
Я заўважыў, што нават прыбіральшчыцы ў гандлёвых цэнтрах і кантралёры ў метро, чуючы беларускую, таксама стараюцца перайсці на яе. На мой погляд, выкарыстоўваючы мову, людзі такім чынам спрычыняюцца да незалежнай Беларусі, да нацыянальнай культуры. Нават калі яны не з’яўляюцца носьбітамі мовы, то ёсць усім вядомыя простыя словы – «да пабачэння», «дзякуй», «калі ласка».
Гэта спроба паказаць, што мы – беларусы, мы адэкватны народ, і мы не маем дачынення да гэтай жэсці, цемрашальства, якое адбываецца. Выяўляецца гэта ўсімі магчымымі спосабамі: і дваравымі канцэртамі, якія падтрымліваюць мірны пратэст супраць гвалту, і стаўленнем «мова фрэндлі»…
«Страх знікаў з першымі акордамі»
– Дарэчы, пра дваравыя канцэрты. Увосень адбылася неверагодная іх хваля, (Recha выступіла больш як 50 разоў!), а слухачы нярэдка прызнаваліся: «Мы раней і не ведалі, колькі ў нас добрых музыкаў». Вы адчулі ўсплёск папулярнасці ў гэты час?
– Так, гэта былі «залатыя месяцы» адраджэння беларускай культуры і ў тым ліку музыкі, і мы ўбачылі, колькі людзей пасля канцэртаў прыходзілі паслухаць іншыя нашы запісы ў інтэрнэце – гэта бачна па праглядах, колькі пісалі ўдзячных водгукаў, пазнавалі на вуліцы – і гэта, канешне, нахтняе і дае крылы.
Мабыць, упершыню мы так поўна адчулі сябе салідарнымі, запатрабаванымі, убачылі насамрэч, як тое, што мы рабілі каля 20 гадоў, цікава і актуальна. Даводзілася нават адмаўляцца ад некаторых выступаў, бо іх было часам некалькі на дзень, і мы фізічна не паспявалі паўсюль.
Упершыню не хапала не рабочых на заводзе, а музыкаў і лектараў, – усміхаецца Андрусь, узгадваючы, што на дваравых канцэртах да музычнай часткі далучалася асветніцкая – лектары расказвалі пра мову, пра гісторыю, і людзі не разыходзіліся, нават калі было дрэннае надвор’е.
– Як на мой густ, то «Рэху» якраз вельмі пасаваў гэты фармат – выступ на адкрытай пляцоўцы, хай сабе невялікай, але каб кожны ахвотны мог пачуць і ўбачыць, і зараз такіх дваравых канцэртаў, той атмасферы вельмі нестае. А вам якіх пляцовак і публікі нестае?
– Вядома, патрэба ў канцэртах, у тым ліку ў вулічных канцэртах, ёсць. І зараз яны адбываюцца – можа быць, гэта не так афішуецца, але ёсць. І нават сёння, калі гэта зрабілася небяспечным, людзі ўсё адно збіраюцца і музыка па-ранейшаму гучыць.
– А ўлады спрабуюць гэта спыніць. Пасля аднаго з канцэртаў у Каменнай горцы затрымалі і музыкаў Recha. Пэўна, гэта не было нечаканасцю, бо вас выклікалі папярэдне на «прафілактычныя размовы», і ўсё ж – ці было страшна выпраўляцца на чарговы выступ, ведаючы, што можаш не вярнуцца дадому, а трапіць за краты?
– Страшна бывала заўсёды перад канцэртам. А ўжо падчас выступу, калі ты бярэш у рукі інструмент і выконваеш сваю справу, думаеш пра іншае – каб добра праспяваць, добра зайграць. У прынцыпе, гэта было і адной з мэтаў дваравых канцэртаў – каб пераадолець страх. Таму страх знікаў з першымі акордамі, а пасля было прыемна і радасна.
– А на 15 сутках хіба было «прыемна і радасна»?!
– Ну, па-першае, нам пашчасціла, што мы нейкі час былі разам, і мелі магчымасць, седзячы ў закрытым памяшканні, мо ўпершыню за шмат гадоў, проста паразмаўляць, паслухаць адзін аднога, не спяшаючыся, пажартаваць, нешта распавесці – для нас гэта было каштоўна і вельмі важна. Таму нават «турэмны досвед» атрымалася перапрацаваць на нешта карыснае. Я нават успрымаў «суткі» як своеасаблівую ўзнагароду, прызнанне таго, што мы ўсё робім правільна.
Потым, калі нас раздзялілі, маімі суседзямі былі вельмі цікавыя людзі – навукоўцы, айцішнікі, – людзі, якія па сутнасці ствараюць нашу краіну, самыя лепшыя яе прадстаўнікі і актыўныя грамадзяне. Іх таксама было вельмі цікава слухаць і даведвацца штосьці новае, і мы таксама падтрымлівалі, падбадзёрвалі адзін аднаго.
Вядома, пабытовыя ўмовы пераносіліся цяжка, але мы нават за кратамі адчувалі салідарнасць і падтрымку беларусаў, былі моманты, калі чулі, як сігналілі машыны, і ведалі, што нас – пераважная большасць.
– Праўда, што і пазней «органы» не выпусцілі вас з-пад увагі і нават прыходзілі з праверкай у вёску, дзе жыве ваша бабуля, але яна ім дала ў хвост і грыву?
– Было такое, што нам тэлефанавалі і запрашалі здаць адбіткі пальцаў, ці там прафілактычная бяседы з найбольш актыўнымі праводзілі. А да маёй бабулі сапраўды прыходзіла дэлегацыя, нібыта праверыць умовы, у якіх жывуць на вёсцы людзі сталага веку. Распытвалі яе пра сваякоў, чым займаюцца, журналіст мясцовы сказаў пра Такінданга, і бабуля прачытала ім лекцыю пра тое, што ўнук малайчына, распаўсюджвае беларускасць, а яго за гэта затрымліваюць і на 15 сутак, а ў вас, шаноўныя, няма грошай і жадання, каб дарогу падлатаць і іншыя праблемы вырашыць…
Бабуля малайчына, але гэта сітуацыя выклікала пэўнае раздражненне, бо прыйшло ў хату шэсць чалавек, а бабулі ўжо 80 год, і пандэмію ніхто не адмяняў. І навошта прыйшоў з сацработнікам і старшынёй сельсавета маёр міліцыі, незразумела…
Карацей, я за бабулю сваю не хвалююся, але каб на яе месцы была іншая бабуля, не такая адважная, не такая адукаваная і граматная, то маглі б быць і негатыўныя наступствы.
– Нават захоўваючы асцярожны аптымізм, разумееш, што сёння музыкам складана, як ніколі: у спісах затрыманых сустракаеш усё новыя знаёмыя прозвішчы, нехта вымушаны наогул з’ехаць з краіны, як гурт «Разбітае сэрца пацана», якім пасля «сутак» не далі нармальна працаваць, «гастролькі» не даюць, канцэртныя пляцоўкі зачыняюцца…
– Трэба час ад часу даваць сабе нейкую «разгрузку», бо ўмовы насамрэч вельмі няпростыя. Мы зараз, напрыклад, ірванулі на адпачынак у горы, вырашылі крыху аднавіцца фізічна і маральна, здароўе паправіць. Таксама мы з гуртом вырашылі больш займацца запісам песень – тым больш, назбіралася шмат таго, што планавалі запісаць, а ўсё неяк не даходзілі рукі.
Летась жа праз пандэмію таксама значная частка канцэртаў і фэстаў адмянілася, давялося неяк пераасэнсоўваць сваю працу. Рабілі анлайн-канцэрты…
– Дарэчы, як вам гэты досвед?
– Вялікі анлайн мы зайгралі на фэсце «Музыка побач», дзе ўдзельнічалі многія беларускія музыкі, і, што вельмі важна, сабраныя грошы ішлі ў падтрымку рэпрэсаваных артыстаў. Наш «Шчыры анлайн» з продажам білетаў адбыўся ў студзені, потым быў яшчэ шэраг розных выступаў. Вялікая ўдзячнасць арганізатарам: гэта дзівоснае адчуванне, калі ты граеш у адным месцы, а цябе слухаюць у розных кутках Беларусі і за яе межамі, калі слухачы з розных краін наўпрост анлайн задаюць розныя пытанні, і ты на іх адказваеш.
Але, безумоўна, жывых канцэртаў нішто не заменіць, і пасля аднаго з дваравых выступаў я казаў, што, сябры, давайце сустрэнемся ў «Мінск Арэне», дзе адбудзецца святочны гала-канцэрт.
«Зараз мы наноў адкрываем адзін аднаго»
– Ведаю, што слухачы падтрымлівалі вас не толькі словамі – хтосьці прысылаў тэматычны торцік, хтосьці бясплатна падвозіў… Якія выпадкі найбольш запомніліся?
– Сапраўды, было вельмі шмат прыемных рэчаў. Аднаго разу таксіст, даведаўшыся, што мы едзем на дваравы канцэрт, адмовіўся браць грошы, сказаў, што такім чынам хоча падтрымаць. Часта дарылі сцягі раёнаў, вельмі прыгожыя і крэатыўныя паштоўкі – у мяне іх ужо шмат назбіралася.
А яшчэ была такая гісторыя – калі мы гралі канцэрт, пасля якога нас затрымалі, на Нёманскай, там было адкрыццё каляднага малюнка (яго жыхары папярэдне ўзгаднілі з ЖЭСам), дык вось пасля нашага затрымання людзі перанеслі на сцяну і мой малюнак – гэта было вельмі кранальна, і копія атрымалася вельмі ўдалая.
А калі я выйшаў з «сутак», акрамя музыкаў, знаёмых і незнаёмых, мяне сустракалі прадстаўнікі гэтага кварталу, якія адмыслова прыехалі ў той дзень на Акрэсціна… Таму гэтыя 15 сутак – нейкая драбніца ў параўнанні з той салідарнасцю, падтрымкай, любоўю, якую мы адчулі. І таму для мяне няма ніякага сумневу, што мы пераможам (перамаглі ўжо, але трэба гэту перамогу зафіксаваць, каб яна была і юрыдычнай, і фактычнай).
– Вы аздаблялі малюнками першы сезон «Казак з Маляванычам». Як яно – разумець, што твая аўдыторыя памаладзела ў некалькі разоў?
– Гэта вельмі класна. І сам Маляваныч пабываў на сутках, і яшчэ некаторыя людзі, якія ўдзельнічаюць у гэтым праекце – то-бок, падабралася такая кампанія зняволеных, – смяецца Андрусь. – Праект таксама быў вельмі дарэчы: я выйшаў з «сутак» і патрапіў на каранцін, бо захварэў на каранавірус, а тут такі цудоўны варыянт – можна сядзець дома і адсылаць праз інтэрнет малюнкі, не парушаючы ўмоваў каранціну.
Было вельмі прыемна, калі пасля на вуліцах падыходзілі і маладыя матулі, і нават бабулі – і казалі, што бачылі мае малюнкі ў Маляваныча. А не так даўно запрашалі ў прыватную школу правесці ўрок па маляванні, я захапіў частку гэтых ілюстрацый – дзеці таксама іх пазналі, узрадаваліся…
Для мяне відавочна, што ў людзей ёсць вялікая прага, запатрабаванасць гэтых беларускіх праектаў – музычных, мастацкіх, анімацыйных. Зараз мы наноў адкрываем для сябе адзін аднаго і пачынаем цаніць сваё.
У часе працы адкрыў для сябе некаторыя народныя казкі – напрыклад, пра святога Пятра і святога Іллю, лепш зразумеў наш народны гумар, іронію беларускую, якая не заўжды адразу заўважная, і ўпадабаў многіх персанажаў, якіх маляваў.
– Самае кароткае, але напэўна, самае складанае пытанне: што далей? Адкуль узяць сіл, каб прайсці гэты шлях?
– Я зараз прыгадваю свайго старэйшага сябра Алеся Пушкіна, які ў вязніцы і якому пагражае велічэзны тэрмін. Наколькі я памятаю, нават у самых складаных сітуацыях ён карыстаўся пачуццём гумару.
Я, калі сядзеў у вязніцы, узгадваў беларускіх аўтараў, прынамсі Уладізміра Караткевіча.
Каб не апусціць рукі, нехта абапіраецца на музыку, нехта – на беларускую гісторыю, культуру, нехта на пачуццё гумару, хтосьці – на веру, хтосьці – на сваіх сяброў. Кропак судакранання, ад якіх можна адштурхнуцца і рушыць далей, шмат, трэба толькі знайсці.
…Кожны дзень, які мы пражываем, важны – каб, выйграўшы гэтую вайну, ты мог сказаць: я застаўся адэкватным чалавекам, я не стаў фашыстам. Гэта велічэзны шанец для нас, для кожнага чалавека, ці то ты музыкант, ці то рабочы – стаць пераможцам.
За гвалтам няма будучыні, толькі смерць і разбурэнне. А тыя, хто хоча адэкватнасці, дабрыні, зычлівасці, – гэта вялікі гонар для кожнага з нас, абараняць самае лепшае, што ёсць у свеце: добрыя ўзаемаадносіны, любоў, дабрыню, міласэрнасць. Проста трэба памятаць пра гэта, пра тое, што кожны з нас – герой, малайчына і пераможца.