Зварот да беларусаў з нагоды свята Божай Міласэрнасці.
Біскуп Юрый Касабуцкі звярнуўся да беларусаў з нагоды свята Божай Міласэрнасці, якое сёння, 11 красавіка, абходзіць Каталіцкі касцёл:
— Тыдзень таму мы радасна адзначылі ўрачыстасць уваскрасення Хрыста.
Мы разважалі пра апошнія дні жыцця Божага Сына на зямлі.
Узгадвалі, як Езуса Хрыста прадаў Іуда Іскарыёт і паказаў жаўнерам, каго яны павінны арыштаваць…
Разважалі мы пра тое, як над Збаўцам здекваліся жаўнеры ў вязніцы, наккінушы на Яго чырвоны плашч і цярновы вянец, білі Яго па галаве і смяяліся з яго…
Суд, на якім выступілі фальшывыя сведкі… Нават Пілат умыў рукі, бо бачыў, што адбываецца, і не хацеў у гэтым удзельнічаць…
Прыгавор… Ці ж Езус Хрыстус заслугоўваў на смяротнае пакаранне?… Толькі за тое, што камусьці не падабалася Яго вучэнне?…Толькі за тое, што хтосьці адчуваў у сумленні свае грахі і хацеў заглушыць у сабе гэты голас?… Толькі таму, што хтосьці адчуў страх згубіць сваю ўладу і ўплыў на людзей?… Толькі за тое, што Хрыстос адкрыта зло называў злом, а дабро дабром, і гэта не супадала з афіцыйнай ідэалогіяй тагачасных габрэяў?… Прычын было шмат, але ці была хоць адна аб’ектыўная?…
(Прайшло дзве тысячы гадоў… А ад той пары амаль нічога не змянілася, чалавек адчувае тое самае…)
Укрыжаванне…. Смерць… Магіла… Здавалася, што канец, ўсё скончылася… Аднак Бог паказаў, што ў такіх сітуацыях нельга падаць духам…
Слаўнае ўваскрасенне… Перамога над смерцю і злом…
У нядзелю пасля Пасхі мы адзначаем свята Божай Міласэрнасці. Хрыстос, які сваім уваскрасеннем перамог смерць, паказвае свету бязмежную любоў Бога да чалавека. Бог заўсёды гатовы прабачыць нам нашыя грахі, якімі б цяжкімі яны не былі б… Толькі нашае пакаянне, навяртанне і жаданне больш не грашыць…
Молімся за ўсіх, каму найбольш патрэбна Божая Міласэрнасць… Асабліва молімся за нашу родную Беларусь і шчаслівую будучыню для нас усіх… Асабліва молімся за тых, хто так, як Хрыстос, перажывае сёння моцныя выпрабаванні…
Хрыстос уваскрос!