11 красавіка старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонцы Сурвіле спаўняецца 85 гадоў.
Івонка Сурвіла нарадзілася ў Стоўпцах, першыя гады жыцьця правяла ў Засульлі, потым з бацькамі пераехала ў Баранавічы. Потым былі Ўсходняя Прусія, Данія, затым — Парыж, Мадрыд, Атава...
Івонка Сурвіла вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы, скончыла лінгвістычнае аддзяленьне Сарбонскага ўнівэрсытэту. Рыхтавала беларускія перадачы на гішпанскім радыё ў Мадрыдзе, працавала ў Бюро перакладаў пры Фэдэральным урадзе Канады.
Была сузаснавальніцай і старшынёй канадыйскага Фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Ад 1997 году Івонка Сурвіла — Старшыня Рады БНР.
У 2008 годзе ў Бібліятэцы Свабоды выйшла кніга ўспамінаў Івонкі Сурвілы «Дарога», у 2019-м, да 100-годзьдзя незалежнасьці БНР, выйшла другое выданьне, у якім зьмешчаныя 100 адказаў на пытаньні Радыё Свабода.
«Радыё Свабода» павіншавала Івонку Сурвілу зь юбілеем і папрасіла яе адказаць на некалькі пытаньняў.
— У жніўні 2020-га шмат хто меў спадзевы на хуткі сыход Лукашэнкі. Падставай быў выхад на вуліцы сотняў тысяч людзей — такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было. Аднак гэтага не адбылося. Чаму, на Ваш погляд?
— Калі б падзеі пасьля галасаваньня 9 жніўня адбываліся не ў Беларусі, а ў Румыніі ці ў Лібіі, прэзыдэнтам на працягу ўжо васьмі месяцаў была б Сьвятлана Ціханоўская.
Тое самае было б у кожнай цывілізаванай эўрапейскай дзяржаве, дзе людзі жывуць паводле людзкіх законаў, дзе правы чалавека ня ёсьць пустымі словамі і дзе закон піша ня хунта карумпаваных выхаванцаў савецкіх часоў, а праўнае грамадзтва.
У Беларусі ішло змаганьне сумленных людзей, якія верылі ў сваю праўду і выйшлі на вуліцы бараніць яе, супраць шайкі прайдзісьветаў пад кіраўніцтвам мэнтальна нестабільнага самазванца, які ўявіў сабе, што зямля беларуская ёсьць ягонай маёмасьцю. І ўсе мы ведаем, што калі змаганьне ідзе між добрымі людзьмі і рознага кшталту тэрарыстамі, перамагаюць ня добрыя людзі, а тэрарысты.
Вось гэта сталася ў Беларусі.
З аднаго боку на вуліцы выйшлі памяркоўныя, добрыя і шчырыя людзі, перакананыя, што выратуюць свой народ ад няволі і перамогуць хлусьню голымі рукамі, бо на іх баку — праўда.
А з другога — зарганізаваная злачыннасьць. Безь ніякага пачуцьця прыналежнасьці да Бацькаўшчыны, а наадварот — захопленыя зброяй, якую ім далі ў рукі зь неабмежаваным правам ёю карыстацца супраць свайго народу.
І якая б ні была вытрываласьць і адвага добрых людзей, не былі яны ў стане і не зьбіраліся пачынаць вайну на сваёй роднай зямлі. Адступілі не таму, што паддаліся сіле, а таму, што любоў іхная да свайго народу і памяркоўнасьць, дзякуючы якой народ перажыў усе несправядлівасьці, наканаваныя яму гісторыяй, стрымалі іх ад збройнага чыну.
— У выніку рэпрэсіяў у апошнія месяцы зьявілася новая хваля палітычнай эміграцыі. Чым, на Ваш погляд, розьніцца яна ад папярэдніх?
— Новая хваля палітычнай эміграцыі моцна нагадвае мне нашую паваенную хвалю, якая дажыла да аднаўленьня незалежнасьці Беларусі і шмат спрычынілася да стогадовага вызвольнага руху.
На маю думку, і новая хваля палітычнай эміграцыі будзе працягваць змаганьне за дэмакратычную і беларускую Беларусь, і вернецца на Бацькаўшчыну, як толькі гэта будзе магчыма, каб адбудоўваць сваю самастойную дзяржаву. А ў міжчасе будзе старацца даказаць сьвету, што прыйшоў час памагчы нашаму беларускаму народу стаць на ногі.
— Год напярэдадні 85-гадовага юбілею быў для Вас вельмі цяжкім ня толькі з прычыны палітычных падзеяў: Вы страцілі дачку Паўліну. Што дапамагло Вам перажыць гэтую трагедыю?
— Так, гэты год быў для мяне вельмі цяжкім. Гэта зразумее кожная маці, якую напаткала нядоля страціць дзіця.
Моцна мне дапамаглі людзі зь Беларусі перажыць гэтыя 11 месяцаў. Я, як і беларусы ўва ўсім сьвеце, не адыходзіла ад СМІ. Усё хацела ведаць, усё бачыць. Дзялілася зьвесткамі зь людзьмі навокал сябе, яны — са мною. Ніколі сьвет так шмат не гаварыў пра Беларусь, як у гэтым годзе. Калі хтосьці ня ведаў, дзе Беларусь, у пачатку 2020 году, дык усе ведалі ў жніўні.
Людзі захапляліся паводзінамі нашай моладзі на вуліцах Менску. Захапляліся, што моладзь здымала чаравікі перад тым, як стаць на лаўку, ці зьбірала па сабе сьмецьце пасьля дэманстрацыяў. Захапляліся морам бел-чырвона-белых сьцягоў. Уявіце, якой асалодай гэта было і майму сэрцу!
Праўда, часта думалася, якой шчасьлівай была б Паўлінка, калі б бачыла ўсё гэта. Часам думалася, што яна ня можа ня бачыць. Што яна таксама дзесь махае сьцягам на вуліцах Менску. Для яе гэта знаёмы, «свой» горад. Жыла там ледзь ня год у 1993-м, калі працавала над сваёй доктарскай дысэртацыяй.
Ня ведаю, як я выжыла б бяз гэтага гераічнага ўздыму нашага народу.
Адначасна, беларусы ніколі не былі такія зьяднаныя, блізкія адно аднаму, поўныя патрыятызму і ў замежжы. Праводзілі канцэрты, дэманстрацыі, сусьветныя кангрэсы, чыталі лекцыі, запісвалі песьні, пісалі вершы ў падтрымку змагароў у Беларусі.
Я тут у Атаве ведала і любіла шмат нашых маладзейшых беларусаў. За гэты год яны сталіся маімі найбліжэйшымі сябрамі.
— Ці зьмяніліся беларусы за апошні год, на Ваш погляд? І калі зьмяніліся — як?
— Нядаўна я мела нагоду выступаць на адной міжнароднай канфэрэнцыі на тэму беларускай ідэнтычнасьці. На маю думку, яе падмуркам ёсьць глыбокая любоў нашага народу да сваёй зямлі. Мы не здаём сабе справу, да якой ступені гэтая любоў глыбокая, пакуль не паўстае патрэба бараніць Беларусь ад якойсьці паважнай бяды. Тады любоў гэтая ператвараецца ў магутную зброю. І вось мне здаецца, што гэта адбылося ў 2020 годзе. Мы не зьмяніліся, а абудзіліся. Мы гатовыя бараніць свой край да перамогі.