Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Да перамогі адзін крок

16.04.2021 политика
Да перамогі адзін крок

Прагноз ад святара пра перамены ў Беларусі.

- Часта пытаюцца ў мяне, так што ж будзе з Беларусю, ці можна чакаць чаго добрага, бо мы не бачым перспектывы перамогі дабра, але з роспачай канстатуем неспыняючыюся хвалю рэпрэсій рэжыма Лукашэнка, піша ксёндз Вячаслаў Барок для krynica.info.

Ведаеце, я, як святар, з упэўненасцю магу сказаць адно: ўсталяваны рэжым у Беларусі не мае будучыні і асабіста я, ужо цяпер бачу яго агонію. Чаму бачу так і не інакш? Толькі таму, што ўся гэтая дзяржаўная сыстэма збудаваная на хлусні і гэтага мне дастаткова, каб сказаць, што прыхільнікам такога развіцця падзей перамога не свеціць. У гэтым свеце цешыцца славай перамогі можна тады, калі прымаеш удзел у тым што паходзіць ад Бога. „Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет”. (1Ян 5,4) Хлусня, якая праявілася як вынік прынцыповага нежадання ўлады не лічыць галасы на выбарах, не можа паходзіць ад Бога, бо ад Бога праўда і справядлівасць. А значыць і сістэме гэтай наканавана цярпець крах.

Чаму ж тады, калі ад Бога праўда і справядлівасць, а Бог перамог свет, тыя, хто выказаўся за гэтыя каштоўнасці, сёння рэпрэсаваныя? Чаму ж мы не назіраем перамогі праўды?

Тут таксама ўсё проста. Каб убачыць перамогу праўды, нам пазасталося зрабіць усяго толькі адзін крок! Трэба перамагчы свой унутраны страх. Пакуль жывеш у страху, ніколі не будзеш свабодным. У свеце можа даўно змяніцца сітуацыя і ўжо могуць дзьмуць вятры пераменаў, прыносячы паветра свабоды і разганяючы застаязшыйся смурод хлусні, а ты і надалей, калі не вызвалішся са сваіх страхаў, гэтага не ўбачыш і не адчуеш, бо будзеш пазаставацца рабом.

Ведаеце, нашае грамадства сёння падобнае да супольнасці Апосталаў пасля ўваскрашэння Ісуса. Іх настрой Евангеліст Ян апісвае так:

“Дзверы дома, дзе збіраліся вучні былі замкнёныя ад страху перад юдэямі”. (Ян 20,19)

Заўважце, Апостал Ян піша, калі перамога дабра над злом ужо адбылася, жыццё перамагло смерць, праўда ўзяла верх; і гэта ў той час вучні ўсё яшчэ сядзелі зачыніўшыся, як тыя хто пацярпелі жыццёвую паразу. Чаму так?

Яны ж наогул не былі вінаватыя. Яны нічога кепскага не зрабілі, каб хавацца. Іх “віна” была толькі ў тым, што яны паверылі ў словы Ісуса: Валадарства Божае наблізілася. Яны паверылі, што жыццё можна збудаваць на каштоўнасцях праўды і справядлівасці і пайшлі за Ісусам.

Але ж вядома, Ісуса схапілі, судзілі і ўкрыжывалі. Апосталы не разумелі таго, што дзеялася вакол. Быць можа не разумелі таксама і таго, як сталася магчымым, што народ у адзін момант называў Ісуса царом, а ў іншы момант крычаў укрыжуй яго. Народ, праз свае крыкі з патрабаваннямі прысуду і маўклівае назіранне над расправай над Ісусам, падпісаўся ў злачынстве.

Але ж гэта ўсё ўжо было ў мінулым, бо негледзячы на ўсё гэта, перамога Ісуса адбылася, а Апосталы былі ў страху. Чаму так? Бо вучні самі яшчэ не паверылі ў перамогу Ісуса.

І вось тут і ёсць лёсавызначальны пункт. Наша вера. Яна, як кажа Ян, і ёсць “перамогай, якая перамагла свет”( 1Ян 5,4 ). Нам трэба паверыць у Ісуса, у перамогу дабра, у перамогу Бога над светам. “Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Ісус ёсць Сынам Божым?” (1Ян 5,5) Вядома, там дзе ёсць вера, больш не будзе месца на страх.

Калі пазбавімся страху, то зможам не толькі захапляцца дзіцячай беспасрэднасцю 13гадовай дзяўчынкі, якая спантанна з патрэбы сэрца на асфальце напісала адно слова “Жыве” і за гэта патрапіла на дзве гадзіны на міліцэйскі пастарунак, а яе маці прыцягнута да адміністратыўнай адказнасці; але зможам асягнуць прынцыпова іншы, больш якасны ўзровень жыцця.

Улада дарослых, якая баіцца свабоды дзяцей і зацята змагаецца з дзіцячым жаданнем жыць, не мае будучыні.

Апосталы перажылі шмат , але няхай будзе вядома вам, што калі пазбавіліся страху, то Ісус дазволіў ім не толькі сярод юдэяў прапаведваць, але і ва ўсім свеце. Зрэшты, праўда Евангелля стала мацнейшай нават за сілу легіёнаў Рымскай імперыі. Рым рухнуў так, як і руйнаваліся Богам муры турмы, за якія траплялі не раз апосталы за прапаведванне праўды (пар. Дз 16,26). А вось хрысціянства далей існуе. І далей ёсць тыя, хто сваім прапаведваннем сёння кажа: страх можна перамагчы.

Не бойцеся! Хрыстос сапраўды ўваскрос. Ён нішчыў муры турмы апосталаў, знішчыць і муры турмы, за якімі сёння седзяць вязні сумлення.

Я малюся, каб Хрыстос прынёс нам мір і супакой. А гэта будзе тады, калі будзем мець веру ў Бога, праўду і справядлівасць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]