Нездарма галоўнай гераіні «Беларусаліма» ён даў такое знакавае імя – Воля.
Гісторыя сусветнай літаратуры ведае нямала выпадкаў, калі выдатныя, знакамітыя на ўвесь свет творы пісаліся ў турме. З замежнай класікі можна згадаць "Дон Кіхота" Сервантэса, які неаднаразова прызнаваўся найвялікшым раманам усіх часоў і народаў. З класікі беларускай – "Новую Зямлю" Якуба Коласа, чыім "домам творчасці" на цэлыя тры гады яшчэ за царызмам стаў мінскі астрог, вядомы цяпер як Валадарка.
Увогуле, з твораў беларускай літаратуры, напісаных у зняволенні, можна скласці цэлую бібліятэку. Чамусьці турма ва ўсе часы (пачынаючы ад Скарыны, які таксама пабываў у вязніцы) з асаблівай прыхільнасцю прывячала беларускіх пісьменнікаў. Дайце веры, калі сплюсаваць усе тэрміны, адседжаныя імі ў няволі, атрымаецца больш за тысячагоддзе. Тысячагоддзе!
У гэтую лічбу цяжка паверыць, але я ніколі не забудуся, як мы, студэнты філфака БДУ, прыйшлі ў госці да паэта Сяргея Новіка-Пеюна. Рухавы і ўсмешлівы гаспадар парассаджваў нас на канапе, крэслах і зэдліках, а на заўвагу, чаму сам не прысядзе, адмахнуўся: "Ой, хлопчыкі, насядзеўся я. Пры паляках сядзеў, пры першых саветах сядзеў, пры немцах і пры другіх саветах таксама сядзеў…"
А як тут не згадаць унука паўстанца 1863 года драматурга Каруся Каганца? Не дзівіцеся – ён сам прасіўся ў турму!
"Дарагая Ганулька! – пісаў ён жонцы ў 1910 годзе, – Дагэтуль яшчэ не дабіўся, каб мяне пасадзілі, але ўжо ў панядзелак абяшчалі пасадзіць". І ўжо ў наступным лісце як пра нейкае дасягненне: "Сеў у турму з лёгкаю душою. Тутака і адзін паэт, што пісаў у "Нашу ніву" і завецца Якуб".
Аказваецца, Каганец, асуджаны да года зняволення, не мог сесці, бо турма (цяперашняя Валадарка) была перапоўнена. І ён мусіў дамагацца, каб хутчэй адседзець тэрмін і вярнуцца да сваёй гаспадаркі, у сваю шматдзетную сям’ю. Дамогся і сеў. У турме, між іншым, рабіў ілюстрацыі да Коласавых кніг, час ад часу выходзячы пагуляць на турэмны двор (тады гэта дазвалялася).
Параўноўваць турэмныя рэжымы – царскі і цяперашні – я не збіраюся. Паколькі пасля ўсіх прызнанняў нядаўніх палітвязняў выснова тут напрошваецца адна: сучасныя беларускія турмы ператвораны ва ўстановы, дзе чалавечая годнасць – як прыдзверны дыванок, па якім знахабнелыя ад уседазволенасці турэмшчыкі топчуцца круглыя суткі.
Па чыёйсьці годнасці топчуцца пятнаццаць сутак, па чыёйсьці – месяц, два ці тры. Павел Севярынец трывае гэты здзек ужо амаль год. Не толькі трывае, але і не падае духам. Ён вядзе велізарную перапіску з сябрамі-паплечнікамі (ужо больш за 2000 лістоў адпраўлена ім на волю) і працягвае галоўную справу свайго жыцця – піша раман "Беларусалім". Так, Павел найперш пісьменнік, а не палітычны дзеяч, як шмат каму падаецца. Думаю, тыя, хто чытаў яго кнігу "Люблю Беларусь!", са мною пагодзяцца. Проста ў нашай краіне пісьменніку зусім пазбегнуць палітыкі немагчыма.
Тры гады таму выйшла першая частка рамана пад назвай "Золак". І вось нядаўна – на ахвяраванні 243 прыхільнікаў Севярынцавай творчасці – пабачыла свет другая частка – "Сэрца святла", амаль цалкам створаная ў зняволенні.
Пра што раман, у чыёй назве невыпадкова паядналіся два словы – Беларусь і Іерусалім? Хтосьці захопіцца ім як фантастычным творам. Камусьці захочацца – і небеспадстаўна – пашукаць на яго старонках палітычную праграму. Кагосьці раман уразіць як бліскуча напісаны блокбастар. Усё гэта сапраўды прысутнічае ў творы. Але яго галоўная тэма – больш сур’ёзная. "Беларусалім" – кніга пра краіну, якая прачынаецца ў цемры. Пра пошук нацыянальнай ідэі і пра духоўны пошук, пра Беларусь, дзе Бог не толькі "жыве", але і дзейнічае – праз увесь беларускі народ. Над якім праводзіць свае эксперыменты глабальная карпарацыя "Непагасны свет", што заснавала сваю штаб-кватэру ў Мінску. З яе гледзішча Беларусь – ідэальная пляцоўка, каб ашчаслівіць усё чалавецтва. Адзін з галоўных герояў рамана гісторык Андрэй Белазор спачатку робіцца топ-менеджарам "Непагаснага свету", а затым узначальвае нацыянальна-вызваленчы рух…
Чытаючы "Сэрца святла", я міжволі лавіў сябе на думцы, што аўтар нейкім дзівосным чынам пры жаданні час ад часу пакідаў сваю турэмную камеру і разам з усім народам хадзіў на пратэстныя шэсці, на ўласныя вочы бачыў ашалелыя хапуны на мінскіх вуліцах, на ўласныя вушы слухаў пропаведзі беларускіх святароў, якія асудзілі гвалтоўныя дзеянні сілавікоў… Бо пра ўсё пра гэта расказваецца ў рамане, які (увага!) быў дапісаны задоўга да пасляжнівеньскіх падзей.
Скажам, я ажно супыніўся на сцэне, дзе праваслаўнага епіскапа Арцемія выклікаюць у "Мітрапалітбюро" на прафілактычную гутарку – за "палітызаваную" пропаведзь. І што там чуе ўладыка ад начальнікаў (не толькі царкоўных)? "Да Масквы дайшлі звароты свяшчэннікаў і прыхаджан пра вашы паводзіны, несумяшчальныя са званнем архіерэя Рускай праваслаўнай царквы. Вы самі ўсё разумееце. Самы час сысці і не падстаўляць царкву". А Арцемій ім у адказ: "Не вы мяне ставілі, не вам і здымаць. Выбачайце, мне пара на службу".
І падобных сцэн (пазнавальных у пазнейшым рэальным жыцці) у рамане вельмі шмат. Пра што яны сведчаць – пра адкрыты ў турме аўтару зрок празорца ці яго самнамбулічныя перасоўванні ў часе? Творчасць – гэта заўжды таямніца.
Калі Павел быў яшчэ на волі, я неяк запытаўся, як ён успрымае турэмныя выпрабаванні, што выпалі на яго долю. І ён згадаў словы з Бібліі "Той, хто пакутуе целам, той перастае грашыць". З чаго вынікала, што турма для Паўла – своеасаблівы чысцец, дзе ён духоўна дасканаліцца…
Ужо дзесяць з паловай месяцаў Севярынец – у СІЗА у чаканні чарговага прысуду. Хочацца ўсё ж верыць, што ён будзе апраўдальным і адзін з лепшых беларускіх празаікаў неўзабаве выйдзе з-за кратаў. Хто-хто, а ён разумее каштоўнасць свабоды. Нездарма галоўнай гераіні "Беларусаліма" ён даў такое знакавае імя – Воля.
Мiхась Скобла, "Народная Воля"