Тое, што зараз адбываецца, многія не могуць укласці ў галаву.
«Тое, што цяпер адбываецца, многія не могуць укласці ў галаву. Я магу, бо ўсё гэта ўжо было... Для даследчыкаў таго часу значна меней «дзіўных рэчаў». Мы не задаем пытання: «Як так можна?» Бо мы разумеем, што толькі так і можна. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта абсалютна лагічны працэс. І з боку ўладаў, і з боку тых, хто ўладам супрацьстаіць», — распавяла Ганна Севярынец «Зялёнаму парталу».
Як мінулае дапамагае разумець сучаснасць
Дваравыя лекцыі, сустрэчы з інтэлектуаламі, навукоўцамі, выкладчыкамі, паэтамі і музыкамі — адна з адметнасцяў грамадзянскай актыўнасці, якая выбухнула ў Беларусі мінулым летам і не сціхла да сёння.
Спадарыня Ганна — настаўніца, літаратуразнаўца, даследчыца беларускай літаратуры 1920—1930 гадоў за гэты час правяла не адзін дзясятак лекцыяў у розных дварах і розных населеных пунктаў Беларусі. І лічыць, што ў такой актыўнасці ёсць сваё тлумачэнне, ёсць свая гістарычная заканамернасць і абавязкова будзе плён.
Спадарыня Ганна распавяла нам пра тое, хто прыходзіць на дваровыя лекцыі, чаму людзі цікавяцца паэзіяй і прозай пачатку мінулага стагоддзя, і чаму так важна ўмець рэфлексаваць і выносіць урокі з мінулага.
Паралельная рэальнасць
«Для мяне ўсё пачалося з Новай Баравой. Ужо былі нейкія канцэрты, лекцыі. І я пераймалася, чаму не там? Але гэта не было так, што ты выходзіш і кажаш: «Вось я!» Людзі самі выбіралі тэмы, і я нават пэўны час перажывала, чаму такая не запатрабаваная, — распавядае настаўніца. — Але ў верасні разам са Змітром Дашкевічам Ганна трапіла ў Новую Баравую. І гэта была паралельная рэальнасць. Атмасфера вольнасці вельмі ўражвала»
Пасля, кажа спадарыня Ганна, былі іншыя раёны сталіцы, іншыя гарады, мястэчкі і нават вёскі.
«Людзі былі абсалютна розныя. Дапамагаў мой досвед удзелу ў настаўніцкіх конкурсах. Калі ты мусіш увайсці ў незнаёмы клас, і нельга рабіць адно і тое ж у розных класах. Гэты досвед дзіўным чынам спрацаваў у дварох. Бо нават сталічныя двары — усе розныя».
Узгадвае спадарыня Ганна двор у Калодзішчах, які спачатку нават «напужаў».
«Там былі людзі, якіх я ніколі раней не бачыла на такога кшталту імпрэзах. Расказваць пра літаратуру людзям з заводаў, людзям, якім спачатку трэба патлумачыць азы, было і цяжка, і кранальна. Аказваецца, ты са сваім высакалобым досведам запатрабаваны».
За час лекцый Ганна напрацавала пэўны змест, які быў прыдатны для ўсіх, бо ў пэўны час такія сустрэчы сталі канвеерам.
«Адвёў восемь урокаў, едзеш на адну лекцыю, на іншую, а назаўтра — зноў. У тыдзень такіх выступаў бывала і тры, і чатыры, і пяць…», — узгадвае Ганна.
Людзьмі звацца
У асноўным тэмай лекцый Ганны былі — 1920—1930 гады і беларуская літаратура ў той час.
«Гэта вельмі актуальна, вельмі цікава, гэта падмурак той сітуацыі, якую мы маем зараз. Мы гэтага не ведалі, мы гэта ўпусцілі, мы гэта не адрэфлексавалі, і таму мы цяпер зноў у тым самым часе», — кажа Ганна.
Якраз у 1920—1930 гады адбыўся вельмі падобны да сённяшняга выбух цікаўнасці да ўсяго беларускага. Таксама як сёння па гарадах і мястэчках ездзілі са спектаклямі і вершамі людзі. Быў такі ж самы эмацыйны ўздым.
«Людзі хацелі людзьмі звацца», — тлумачыць спадарыня Ганна.
На думку літаратуразнаўцы, тэксты паэтаў тых часоў напісаныя нібыта пра сённяшні час, пра сучасную Беларусь.
«Усё тое, што мы цяпер толькі шукаем, з чым упершыню сутыкаемся, што для нас — драма, немагчымы досвед, яны ўсё прайшлі, напісалі пра гэта вершы і завяршылі сваім жыццём», — кажа Ганна.
Лекцыі па літаратуры выклікалі вельмі эмацыйны водгук слухачоў, кажа настаўніца і літаратуразнаўца. Пры чым гэты водгук, па словах Ганны, нельга было атрымаць ні ў які іншы час.
«Ужо пачыналася зіма, было вельмі студзёна, людзі гадзіну і дваццаць хвілін стаялі і слухалі. І яны б стаялі, калі б я распавядала і дзве, і дзве з паловай гадзіны. З сабачкамі, з дзецьмі... Яшчэ два гады таму мы ў цёплы ўтульны музей збіралі 10—15 чалавек, і лічылі гэта добрай імпрэзай. А тут — 50—60 чалавек на марозе, на нагах, увечары, пасля працы».
І не толькі стаялі і слухалі, але і пасля лекцыі падыходзілі з пытаннямі, каментарамі, пісалі ў сацыяльных сетках, задавалі пытанні пра кніжкі, шукалі спасылкі…
Не задушаць
Русіфікацыя, вынішчэнне беларускага друку, беларускай кніжкі, беларускай гісторыі… Усё гэта моцна ўплывала на Беларусь і беларусаў. Але яны працягвалі заставацца сабою.
Мы увесь час — гэта мы. Мы не ведалі адзін аднаго да гэтага лета таму, што нам не давалі гэтага ведаць. У нас выхоўвалі комплекс нацыянальнай непаўнавартасці. Нам не давалі ведаць сваю гісторыю, сваіх герояў, гэта была абсалютна свядомая палітыка, якая пачалася яшчэ з 1795 года.
Але так пабудаваны цяперашні свет, кажа спадарыня Ганна, што «ты не можаш без грунту».
«Гэта ўсё, што цяпер робіцца ў школе, — гідрапоніка. Можна вырасціць памідоры на гідрапоніцы, але ж гэта не памідоры. Гэтак сама і чалавек. Ён расце толькі на сваім грунце».
Па словах літаратуразнаўцы, і сёння ў беларусаў застаецца, хоць і вельмі невялікі, але шанец, што беларусы зноў праваляцца ў інтравертнасць, вернуцца па сваіх хатках.
«Мы не людзі бясконцага выбуховага дзеяння. Выбухнулі раз у 30 год, пасля перапрацавалі гэта ўсё, пасля зноў выбухнулі. Можа ў гэтым і ёсць сакрэт таго, што нас душаць-душаць, ды ніяк не задушаць».
Нічога не скончыцца
«Калі людзі адкрываюць сваё, у іх унутры адбываецца такая гарманізацыя з сабою і сусветам, ні з чым не параўнальная. Ты жывеш — ніхто і нішто. І адчуваеш сябе нейкім другасным. А тут раптам цябе паказваюць, што ты — прадстаўнік аднаго з самых цікавых народаў у Еўропе. Народа нескаронага, вельмі незвычайнага, народа, які даў свету сотні людзей выкшталцоных якасцяў… А з кім чалавеку лепей ідынтыфікавацца? З цярпілам, як нас паказвае чужая літаратура, альбо з гэтым складаным, няпростым, закрытым, але глыбокім чалавекам, які мае годнасць, які ў цяжкі час становіцца чалавекам бліскучых маральных якасцяў».
«Мы маем хітрынку і кукіш у кішэні, але адначасова мы — рамантычныя, упэўненыя ў святле, даверлівыя».
«Вялікая колькасць працы ў нас наперадзе. Але ж не першы раз. Пасля 1914 года мы былі абсалютна разбітыя, пасля 1921 года (Рэвалюцыя, Грамадзянская вайна, польская акупацыя) — тут нічога не было, пасля 1945 года — уся краіна была зруйнаваная. Вельмі хутка беларусы адбудоўваліся. І адбудуюцца, таму што мы такія».
Мы можам, канешне, не рэфлексаваць, але ўжо цяпер ясна, што калі ты не адрэфлексаваў, то зноўку туды ж трапіш. Пажывеш яшчэ трыццаць год — і сваім дзецям падорыш тое, што маеш цяпер.
Гэты досвед, падмацаваны самаахвярнай працай культурнікаў, бо сёння ўсе, хто мае доступ да слова, зараз вельмі актыўныя, дасць свой плён, упэўненая спадарыня Ганна. Тым больш, што людзі зараз не такія цёмныя, маюць моцную інфармацыйную прастору, і ўвогуле «беларусы ўвайшлі ў 2020 год на парадак мацнейшымі, чым на пачатку мінулага стагоддзя».
Усё заканамерна
«Тое, што зараз адбываецца, многія не могуць укласці ў галаву. Я магу, бо ўсё гэта ўжо было. Розніца толькі ў тым, што адна справа — чытаць у архіве пра такое, выйшаў з архіва, падыхаў і бачыш вакол жыццё. А калі мы трапілі ў сітуацыю, калі гэта і ёсць жыццё, яно цяжка. Але ж мы ведаем і заканамернасці таго, як гэта адбываецца, для даследчыкаў таго часу значна меней «дзіўных рэчаў». Мы не задаем пытання: «Як так можна?» Бо мы разумеем, што толькі так і можна. Тое, што цяпер адбываецца, гэта абсалютна лагічны працэс. І з боку ўладаў, і з боку тых, хто ўладам супрацьстаіць».
Але як і ў любым іншым працэсе, у сённяшнім ёсць вілка, куды пойдзе развіццё падзей.
«Калі ты вывучаеш біяграфіі іншых людзей, ты ацэньваеш, як яны рабілі. А калі гэты выбар даводзіцца рабіць цябе, ты разумееш, наколькі ён невыносна цяжкі. Тым больш, што цяпер заўсёды ёсць магчымасць скласці валізу, з'ехаць і гэта ўжо не твая гісторыя».
Усё робіцца
«Самае галоўнае, што трэба разумець, гэта тое, што публічная інфармацыя не адпавядае інфармацыі сапраўднай. Бо крыўдна за двары, мы такім чынам абясцэньваем тое, што робіцца нават цяпер. Мы не маем права гэта абясцэньваць, бо людзі робяць гэта з апошніх сіл, у напружанні. Казаць, што нічога не робіцца, вельмі не правільна. Усё робіцца», — запэўнівае спадарыня Ганна.