Іерарх 35 разоў ударыў у звон Нагасакі.
25 красавіка, з нагоды 35-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) і ўсклаў кветкі да звана Нагасакі на прыкасцёльным цвінтары, піша catholic.by.
Падчас Эўхарыстыі іерарх разам з парафіяльнай супольнасцю маліўся за ўсіх, хто загінуў і пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года.
У IV Велікодную нядзелю Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, таму ў прамоўленым Божым слове арцыбіскуп напачатку засяродзіўся на евангельскім вобразе Добрага Пастыра, які рупліва клапоціцца пра свой статак.
Іерарх нагадаў, што ў біблейскім значэнні слова пастыр азначае не толькі пастуха. Пастырам з’яўляецца бацька і маці, чалавек, які займае тую ці іншую кіраўнічую пасаду. «Ён павінен быць лідарам у сваёй супольнасці, каб паспяхова кіраваць і клапаціцца пра давераных яго апецы людзей — з матэрыяльнага, культурнага і духоўнага пункту гледжання», — дадаў арцыбіскуп.
Як падкрэсліў арцыпастыр, Касцёл з’яўляецца статкам Езуса Хрыста — Добрага Пастыра, які «працягвае духоўна апекавацца намі праз святароў».
Крызіс пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця, як сцвердзіў іерарх, у наш час звязаны найперш з культурай матэрыялізму, якая не вядзе да шчасця: матэрыяльнаму багаццю часта спадарожнічае духоўная беднасць чалавека.
Арцыбіскуп, цытуючы Папу Бэнэдыкта XVI, нагадаў, што «без святарскага служэння не было б Эўхарыстыі, місіі і нават Касцёла».
На думку іерарха, «для вырашэння праблемы пакліканняў неабходна найперш дапамагчы маладым людзям усвядоміць значэнне рэлігійнага кампаненту і важнасці святарства ў жыцці паасобнага чалавека і грамадства».
«Існуе яшчэ адно магічнае слова — шчасце, — працягваў арцыпастыр. — Святар, які аддна служыць людзям, заўсёды будзе сведчыць, што ён шчаслівы чалавек. Гэтае шчасце прыходзіць не з імкнення мець больш, а з імкнення аддаваць сябе, служыць і дапамагаць іншым, як гэта рабіў Езус».
«26 красавіка мы будзем адзначаць сумную гадавіну — 35-годдзе Чарнобыльскай катастрофы. Гэта была самая маштабная ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа. Яе наступствы мы адчуваем і сёння, — адзначыў іерарх. — Наш народ, як і іншыя, асабліва суседнія Украіна і Расія, ужо тры з паловай дзесяцігоддзі змагаюцца з радыёактыўнай пандэміяй. Сёння з удзячнасцю трэба ўзгадаць гераічных ліквідатараў гэтай жудаснай аварыі, якія ішлі ў самае пекла, каб толькі зменшыць узровень небяспекі. Трэба дзякаваць медыкам, рэабілітацыйным цэнтрам, дзяржаўным і дабрачынным арганізацыям у Беларусі і за мяжой за аздараўленне пацярпелых».
У выніку Чарнобыльскай катастрофы, як сцвердзіў арцыпастыр, Касцёл таксама сустрэўся з новымі выклікамі і мусіў актыўна ўключыцца ў арганізацыю дапамогі пацярпелым. «Касцёл клапаціўся і аб духоўнай апецы пацярпелых. …Там, дзе гэта было магчыма», — дзяліўся ўспамінамі арцыбіскуп Тадэвуш.
«Прычыны жудаснай катастрофы да канца не вядомыя, — сказаў іерарх, нагадаўшы, што ядзерная энергія і звязнаныя з ёй тэхналогіі выкарыстоўваюцца не толькі для дабра чалавецтва, але і як зброя. — Успомнім толькі Хірасіму і Нагасакі. Падчас бамбардзіроўкі гэтых гарадоў атамнымі бомбамі, што выклікае шмат этычных пытанняў, загінулі сотні тысяч нявінных людзей. Яшчэ больш захварэла на прамянёвую хваробу».
Звон з Нагасакі, усталяваны каля Чырвонага касцёла ў 2000 годзе, не толькі нагадвае пра гэтую катастрофу, але і «папярэджвае чалавецтва, да чаго можа прывесці амаральнае выкарыстанне ядзернай энэргіі».
Пасля святой Імшы іерарх разам з удзельнікамі набажэнства скіраваўся да звана Нагасакі на прыкасцёльным цвінтары, каб ускласці кветкі. Каля памятнага мемарыяла арцыбіскуп Кандрусевіч са смуткам разважаў пра трагедыю бамбардзіроўкі японскіх гарадоў.
«Ядзерная бамбардзіроўка Хірасімы і Нагасакі, а таксама Чарнобыльская катастрофа перавярнулі свет. Яны паказалі, якое зло можа чыніць чалавек, які жыве без Бога», — з болем адзначыў арцыпастыр.
«Мы ўспамінаем бамбардзіроўку Хірасімы і Нагасакі, Чарнобыльскую, Фукусімскую і іншыя катастрофы не для таго, каб вярэдзіць незагоеныя раны, а для таго, каб прадухіліць падобныя трагедыі ў будучыні», — падкрэсліў іерарх.
...У гэты дзень арцыбіскуп Кандрусевіч ударыў у звон Нагасакі 35 разоў. Гэты звон гучаў як памяць пра ўсіх, хто загінуў ад радыяцыі ў розных краінах свету, а таксама як перасцярога ад паўтарэння падобных трагедый.