У Беларусi шмат добрых людзей у, якім хочацца дапамагчы будаваць лепшую краіну.
Сёння, 26 красавіка, спаўняецца 25 год існавання праваабарончага цэнтра “Вясна”. З гэтай нагоды наша карэспандэнтка Ева Бардзілоўская паразмаўляла з Госцем Рацыі Марцінам Уггла, старшынёй шведскай праваабарончай арганізацыі Ostgruppen (Шведская ініцыятыва „За дэмакратыю і правы чалавека”).
Апошнія 14 год Марцін Уггла не наведваў Беларусь — яму адмаўляюць у візе. Як стала зразумела Марціну, прычына гэтага ў тым, што ён актыўна падымае ў Швецыі пытанне па парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
- Марцін, вы – швед вы ведаеце беларускую мову. Як вы яе вучылі?
- Я наведаў Беларусь 20 гадоў таму першы раз і сустрэўся тады з “вясноўцамі”, сябрамі арганізацыі “Вясна”. І гэта было беларускамоўнае асяроддзе, і мне стала цікава. Я ўжо тады ведаў расейскую мову, а беларускую мову стаў вывучаць самастойна тут, у Швецыі, паколькі яе вывучэння няма на курсах ва ўніверсітэтах, на жаль.
- А ці складаная гэта мова для вывучэння?
- Канешне, спачатку гэта было складана, але з часам усё ж такі я вывучыў мову і зараз, хоць і з памылкамі, я дастаткова свабодна магу размаўляць па-беларуску . І зараз, мне падаецца, гэта не так складана.
- Ostgruppen, як напісана на сайце, сваёй мэтай ставіць супрацоўніцтва з Усходняй Еўропай, і ў тым ліку вялікі інтарэс выказвае да Беларусі. Каб потым даводзіць да шведскага грамадства, што адбываецца ў Беларусі. А чаму Швецыю цікавіць увогуле Беларусь?
- У прынцыпе, у Швецыі дастаткова мала ведаюць пра Беларусь. І гэта шкада, таму што мы амаль суседнія краіны. Таму я лічу, што гэта вельмі важна, каб мы ведалі пра сітуацыю ў блізкіх краінах. І таму гэта стала нашай задачай – распаўсюджваць інфармацыю менавіта аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Каб яшчэ і шведы адкрылі гэтую краіну для сябе. Хаця, канешне, шмат праблемаў. Для мяне, напрыклад, Беларусь – гэта вельмі любімая краіна, таму што ёсць шмат добрых людзей у гэтай краіне, якім хочацца дапамагчы будаваць лепшую краіну.