Святар звярнуўся да беларусаў з пастырскім словам з нагоды свята Вялікадня.
Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць свята Вялікадня.
З пастырскім словам да вернікаў звярнуўся Высокапраасвяшчэннейшы Арцемій, арцыбіскуп Гарадзенскі і Ваўкавыскі, перадае «Радыё Рацыя»:
— Дарагія браты і сёстры, сардэчна віншую ўсіх вас са святам Светлага Хрыстова Ўваскрасення – Пасхай Гасподняй! Пропаведзь хрысціянства «ўсім народам» (Мф. 28:19) першапачаткова была пропаведдзю аб Уваскрасенні Хрыста (Лк. 24:46-47).
Апосталы казалі пра тую падзею, відавочцамі якой яны былі, пра тыя свае пачуцці, якія яны перажылі, знаходзячыся побач з Уваскрэслым Збавіцелем.
Мы ведаем і верым, што Ўваскрасенне Хрыстова для нас – не проста нагода для штогадовага святкавання, а крыніца моцы і перамянення нашага жыцця.
Упэўненасць у тым, што Гасподзь наш Іісус Хрыстос, Сын Божы, паўстаў з мёртвых, аб’ядноўвае нас, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, сацыяльным стане, узроўні адукацыі, грамадскіх поглядах, культурных густах, у адзінае цэлае – у Царкву Хрыстову.
І менавіта ў Царкве і разам з Царквой, прайшоўшы цяжкім, цярністым, але карысным для душы шляхам Вялікага посту, можна ў поўнай меры перажыць і радасць пасхальнай урачыстасці і лікавання, радасць збавіцельнай веры ў Бога Жывога, «Які збавіў нас ад смерці» (2 Кар. 1:10).
І толькі ў Царкве нам адкрыецца сэнс нашых хваробаў і нягодаў, нашых пакут і нашага крыжа, бо праз пакуты і Крыж прайшоў і наш Адкупіцель – «Агнец Божы, Які бярэ на Сябе грахі свету» (Ін. 1:29), каб выратаваць нас Сваім Уваскрасеннем.
У гэтым і ёсць асвячаючая, перамяняльная сіла пасхальнага святкавання. Праз веру далучаныя да перамогі Жыцця над смерцю, “падтрымліваючы адзін аднаго з любоўю, стараючыся захоўваць адзінства духу ў саюзе міру” (Эф. 4:2-3), пераадолеем з яе дапамогай падзелы гэтага свету, пашкоджанага грэхападзеннем і скажонага грахом.
Хрыстос Сваёй смерцю і Ўваскрасеннем перамог д’ябла, які ёсць «ілгун і айцец ілжы» (Ін. 8:44). Нават адзін чалавек, недатычны злу, хлусні і няпраўдзе, можа змяніць свет. А тым больш, калі з намі Бог, Які ўваскрашае з мёртвых!
Зноў і зноў віншую вас са святам Светлага Хрыстова Ўваскрасення. Няхай гэта пасхальная радасць, якую мы сёння адчуваем, будзе з вамі заўсёды і ўмацоўвае ў дні няпростых жыццёвых выпрабаванняў!
САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС ХРЫСТОС!
АРЦЕМІЙ, архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Пасха Хрыстова, 2021 г. горад Гародня.