Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Кудзін, якi вырубiў сілавіка, круты баец: выйграў дзясяткі паядынкаў, дапамог калегу перамагчы ў UFC

02.05.2021 общество
Кудзін, якi вырубiў сілавіка, круты баец: выйграў дзясяткі паядынкаў, дапамог калегу перамагчы ў UFC

Узгадваем поспехі заслужанага майстра спорту.

29 красавіка стала вядома, што тытулаваны беларускі баец Аляксей Кудзін атрымаў дакументы на экстрадыцыю з Расіі ў Беларусь. У суседняй дзяржаве ён знаходзіцца за кратамі – яго затрымалі на запыт прадстаўнікоў беларускага рэжыму ў студзені. Тады больш за 300 спартсменаў не толькі з Беларусі падпісалі адкрыты ліст з заклікам не дапусціць выдачы Кудзіна на Радзіму. Ёсць усе падставы падазраваць, што тут байца чакае смяротная небяспека. У яго ўжо і так стралялі ва ўпор пры затрыманні 10 жніўня ў Маладзечне – а пачалося ўсё з таго, што бяззбройнага Кудзіна і іншых беларусаў, якія выйшлі на мірную акцыю супраць фальсіфікацыі выбараў у сваім горадзе, сталі без прычыны атакаваць сілавікі. Баец быў у шоку ад такога павароту і ў спробе вырвацца адштурхнуў колькі сілавікоў, а яшчэ аднаго адправіў у накаўт. За гэта Кудзіна судзілі, ён мог атрымаць пяць гадоў турмы – але ў апошні момант змог збегчы з Беларусі і паспеў распавесці сваю гісторыю, пiша «Трыбуна».

Зараз Кудзіна спрабуюць ачарніць тыя ж рупары прапаганды, якія раней расхвальвалі яго дасягненні ў спорце. «Трыбуна» ўзгадвае поспехі заслужанага майстра спорту – а іх нямала.

Кудзін пачаў займацца барацьбой яшчэ з дзяцінства, а ў 9 класе па парадзе аднакласніцы прыйшоў да трэнера па рукапашным баі – і застаўся ў сферы на ўсё жыццё. Выступаць адразу ў некалькіх відах было нормай, аднак, здавалася, бліжэй да паўналецця спартсмен спыніўся на MMA – менавіта па правілах змяшаных адзінаборстваў ён пачаў праводзіць усё больш паядынкаў, якіх набегла больш за дзясятак. Аднак у нейкі момант тры паразы запар прымусілі Кудзіна задумацца. У 18 гадоў баец вырашыў усё ж выбраць іншы шлях – тайскі бокс. Ён не моцна адрозніваецца ад кікбоксінга, так што Кудзін дамогся поспехаў у абедзвюх дысцыплінах – у 2006-м ва ўзросце 21 года стаў чэмпіёнам свету ў муай-тай, а ў 2007-м і ў кікбоксінгу (прычым як у аматарскім, так і прафесійным).

Усяго выйграць тытулаў чэмпіёна свету па кікбоксінгу і тайскім боксе ў суме ў Кудзіна атрымалася сем разоў. Знайсці відэа з баёў таго часу няпроста, але па тым, што ёсць, відаць, што ў беларуса нездарма была рэпутацыя «ударнiка» – пасля яго лоў-кiкаў некаторыя супернікі натуральна не маглі ўстаць (адсечка 06:30).

У 2010-м годзе Кудзін вярнуўся ў MMA – самы папулярны від баявых мастацтваў (пры гэтым з больш звыклых відаў не сыходзіў да 2014-га, хоць прызнаваўся, што сумяшчаць было цяжка). Першым пасля доўгага перапынку стаў бой у Брэсце супраць мясцовага спартсмена Дзяніса Іванцова. Праўда, ён быў відавочна ніжэйшы класам за Кудзіна – той адразу паклаў суперніка і пачаў папросту збіваць. Праз тры хвіліны такога відовішча трэнеры ўсё ж такі выкінулі белы ручнік, а нейкія жартаўнікі пасля залілi запіс бою на сайт з відэа для дарослых.

У 2011-м Кудзін падпісаў кантракт з расiйскай лігай ProFC. Там беларус правёў пяць баёў – і ўсё выйграў, забраўшы тытул чэмпіёна Гран-пры. Самым эфектным атрымаўся паядынак супраць паляка Войцэха Булiнскага, які падоўжыўся сем секунд – менавіта столькі хапіла Кудзіну, каб адправіць суперніка ў накаўт (адсечка 05:05).

А вось, напрыклад, накаўт з 2012-га супраць украінца Яўгена Дзеншчыкава – беларусу хапіла адной чужой памылкі (адсечка 01:43).

Поспехі Кудзіна не засталіся незаўважанымі – яму прапанавалі паспрабаваць сябе ў другой па статусе ў свеце MMA-арганізацыі Bellator з ЗША. Аднак Кудзіну трапіўся не лепшы менеджэр – у першы прыезд у Амерыку паядынак наогул сарваўся, а ў другi беларусу пастаянна аб’яўлялі пра змену суперніка, канчаткова вызначыўшыся толькі за тры дні да бою. Кудзін ў такой завірусе не змог паказаць максімум і мінімальна саступіў па балах, пасля чаго вырашыў пакінуць прамоўшн. «Яны хацелі даць мне яшчэ адзін бой, але мы разумелі: каб выступаць у Bellator, трэба там паўгода-год прабыць і ў той кашы паварыцца. А я сам туды не хачу. Bellator хоць і займае другое месца ў свеце, але гэта канторка», – казаў Кудзін, які аддаў перавагу барацьбе на постсавецкай прасторы.

Наступным у кар’еры байца стаў М-1 – наймацнейшы расійскі прамоўшн. Там пасля пары схватак Кудзін атрымаў топ-бой – супраць расіяніна Сяргея Харытонава, якi да гэтага перамог беларускага чэмпіёна UFC Андрэя Арлоўскага. Сустрэча стала галоўнай на M-1 Challenge 43, які наведаў легендарны Фёдар Емяльяненка. Праўда, скончыўся бой скандалам. Рэферы раптам спыніў паядынак за 10 секунд да канца другога раўнду і абвясціў перамогу Харытонава, хоць Кудзін ў гэты момант, хай і быў у складаным становішчы, але свядома абараняўся ад удараў суперніка. Здзіўленаму беларусу, які да гэтага паспеў адправіць Харытонава ў накдаўн, рэферы растлумачыў, што той нібыта другі раз за бой выплюнуў ахоўную капу, за што і быў пакараны. «Мне здаецца, гэта няправільна. Бой такога ўзроўню спыняць з-за такой лухты?» – расчаравана сказаў каментатар. Кудзін жа пасля бою выклаў сваю версію – што ў першы раз капа выпала міжвольна, а суддзя ўставіў яе назад неналежным чынам, з-за чаго яе немагчыма было трымаць у роце.

Паразы ў ММА-кар’еры Кудзіна здараліся і больш заслужаныя (усяго 12), але перамог было больш – беларус выйграў 26 паядынкаў (а калі яшчэ тайскі бокс і кікбоксінг палічыць, колькасць дзясяткаў перамог значна павялічыцца). Апошні на сёння – супраць украінца Яўгена Бовы ў канцы 2019-га на турніры ў Мінску (адсечка 02:40).

У 2020-м Кудзін зноў вырашыў памяняць вiд. Беларус падпісаў кантракт з прамоўшнам Bare Knuckle FC, дзе б’юцца на голых кулаках. «Калі першапачаткова толькі паступіла прапанова, у мяне ўжо была эйфарыя. Калі нам удалося дамовіцца і падпісаць кантракт, у мяне ўзнікла ўнутранае пачуццё, што там я змагу дамагчыся вялікіх вышынь», – прызнаваўся баец. Галоўны актыў Bare Knuckle – гэта баец расійскага паходжання Арцём Лобаў, які ў першую чаргу вядомы як спарынг-партнёр і блізкі сябар зоркі UFC Конара Макгрэгара. Нават свой галоўны бой Лобаў правёў, ўпісаўшыся за сябра – выклікаў Пола Малiн’яджы, які ўваходзіў у каманду Конара, але пасля супрацоўніцтва пачаў груба выказвацца пра яго. У выніку Лобаў пабіў крыўдзіцеля – праўда, бой выйшаў далёка не такім жорсткім па духу, як усе чакалі.

Але ні з Лобавым, ні з кім-небудзь яшчэ Кудзіну не ўдалося сустрэцца – увесну 2020-га каронавiрус паставіў усе турніры на паўзу. Аляксей не журыўся, а працягваў трэніравацца ў Беларусі, дзе пандэмія не матывавала ўлады на сур’ёзныя абмежавальныя меры. А ўлетку беларусу давялося нечакана для сябе наблізіцца да UFC. Грузінскі баец Раман Далiдзэ, які павінен быў дэбютаваць у прамоўшне, шукаў месца для паўнавартаснай падрыхтоўкі да свайго бою, якую ў 2020-м правесці было складана з-за абмежаванняў. І тут Далiдзэ падказалі выдатны варыянт – прыехаць у Беларусь да дасведчанага байца Кудзіна. Той да гэтага не ведаў грузіна, аднак дзякуючы рэкамендацыям агульных знаёмых сустрэў госця і правёў з ім своеасаблівы лагер у Маладзечне.

Далiдзэ спадабалася – і ён прапанаваў беларусу быць яго секундантам на турніры UFC! Так яны разам адправіліся ў Абу-Дабі, дзе грузін у першым жа раўндзе выйграў у расіяніна Хадыса Ібрагімава. Кудзін пасля гэтага захапляўся падапечным, які «выканаў устаноўку на ўсе трыста адсоткаў», а той выказаўся проста: «Думаю, Аляксей заслугоўвае большага, чым быць секундантам». Беларус неўзабаве пасля гэтага заявіў у інтэрв’ю: «Мне дакладна далі зразумець, што ўсё залежыць ад уласнага жадання: калі захачу, то абавязкова буду ў UFC. Аднак на дадзены момант у мяне кантракт з Bare Knuckle FC. Першарадная задача – праявіць сябе ў кулачных баях. А пасля падумаю пра абсалютны чэмпіянат».

Гэта было за два тыдні да беларускіх выбараў – пасля пад пагрозай аказалася не толькі кар’ера, але і жыццё Кудзіна. Але няма сумневаў: ён у любым выпадку працягне за іх змагацца.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]