Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гомельскі валанцёр адправіў больш за 1100 лістоў палітвязням

03.05.2021 политика
Гомельскі валанцёр адправіў больш за 1100 лістоў палітвязням

Моц салідарнасці.

Ілля Міронаў — бадай, самы актыўны валанцёр Гомеля. Ён напісаў ужо больш за 1 100 лістоў палітзняволеным, разам з паплечнікамі наведвае суды, збірае прадуктовыя і рэчавыя перадачы для палітвязняў і іх блізкіх, аказвае інфармацыйную падтрымку, пра гэта паведамляе «Новы Час»

А яшчэ на хвалі, калі самыя актыўныя бягуць з Беларусі, Ілля, наадварот, вярнуўся на радзіму, каб быць карысным тут. Нягледзячы на ціск і пераслед, валанцёр не збіраецца з’язджаць з краіны і спыняць сваю дзейнасць.

Стаў валанцёрам пасля таго, як трапіў у ІЧУ

У валанцёрскі рух — так званы «Гомельскі валанцёрскі дзвіж» — Ілля ўліўся восенню 2020 года.

— Гэта адбылося пасля таго, як я сам трое сутак пабываў у гомельскім ізалятары, — распавядае Ілля пра натхненне для валанцёрскай дзейнасці. — У 20-х чыслах жніўня мае сябры, якія працавалі на заводзе «Гомсельмаш», хацелі ўзяць удзел у забастоўцы. Але іх зачынілі ў цэхах. Я прыйшоў да завода, каб іх падтрымаць, але мяне затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Гэта была пятніца, мая мама пра мяне нічога не ведала да панядзелка, калі адбыўся суд. Мне прызначылі штраф у 20 базавых і праз чорны ход выпусцілі.

Ілля з дзяцінства хадзіў на рок-канцэрты, а з часам стаў сам займацца іх арганізацыяй у Гомелі. Але апошнія тры гады ён працаваў у Расіі, за паўгода да вяртання ў Беларусь прыехаў у Польшчу.

Тым часам у Беларусі пачалася перадвыбарная кампанія, і па «Белсаце» Ілля ўбачыў, як затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Гэта вельмі моцна яго абурыла, і з першым жа адкрыццём польска-беларускай мяжы напрыканцы чэрвеня ён прыехаў у Беларусь.

На радзіме Ілля планаваў адпачыць некалькі месяцаў, а потым зноў з’ехаць на заробкі. Але пачаліся масавыя выступленні супраць фальсіфікацыі выбараў, многія людзі апынуліся а кратамі, у тым ліку ў гомельскім СІЗА. Родныя не мелі ніякай інфармацыі пра іх.

Валанцёр распавядае, як 10 жніўня ён быў на дні народзінаў сябра, які ўвечары пайшоў выгульваць сабаку і аказаўся затрыманым АМАПам ва ўласным двары. Пасля гэтага Ілля стаў хадзіць на суды і абскарджванні прысудаў, а затым пачаў збіраць прадукты і рабіць перадачы для затрыманых.

Суткі, ператрус і ўлёткі з абразамі

Першы час, гаворыць суразмоўца, у Гомелі было некалькі дзясяткаў валанцёраў, якія маніторылі судовыя пасяджэнні, аказвалі інфармацыйную падтрымку сем’ям зняволеных, дапамагалі знайсці адвакатаў, збіралі прадукты і рэчы. Цяпер валанцёраў стала менш. Нехта сутыкнуўся з ціскам і быў вымушаны з’ехаць з краіны.

Самога Іллю таксама неаднаразова затрымлівалі, агулам ён адседзеў больш за 30 сутак у ІЧУ. Раніцай 16 лютага ў яго дома адбыўся ператрус па справе «Вясны» — хаця ніякага дачынення да праваабарончага цэнтру Ілля не мае і займаецца выключна інфармацыйнай і прадуктова-рэчавай падтрымкай зняволеных. Тым не менш, у яго забралі камп’ютар і банкаўскія карткі, але ў якім ён працэсуальным статусе, так і не паведамілі.

— Напрыканцы мінулага года я выйшаў пасля чарговых сутак з ізалятара. Мяне правялі ў апорны пункт, дзе паказалі фотаздымкі, паводле якіх я нібыта ўдзельнічаў у нейкай акцыі. Я сказаў, што ні ў чым не ўдзельнічаў. У выніку праз два дні, 25 лістапада, на мяне распачалі справу за распаўсюджванне экстрэмізму за фотаздымак, на якім я быў у футболцы гурта Княzz з чэрапам і косткамі. У пратаколе напісалі, што гэта эмблема 3-й дывізіі СС. Быў суд, справу адправілі на дапрацоўку. Пакуль я не паскардзіўся ў пракуратуру, адказу, ці закрыта справа, не атрымаў. Пракуратура мне адказала, што 25 снежня справа была закрыта. Я лічу, што мяне вырашылі трымаць у такім падвешаным стане, — мяркуе актывіст.

Апроч гэтага нехта распаўсюджваў у пад’ездзе ўлёткі пра Іллю з асабістай інфармацыяй і абразамі. Але, нягледзячы на ўсё гэта, для сябе варыянт з’ехаць з краіны валанцёр па-ранейшаму не разглядае.

— Гэта было б выйсце, калі б у мяне была сям’я, маленькія дзеці. Я пішу лісты палітвязням, займаюся інфармацыяй — калі я выеду за мяжу, я не змагу дапамагаць людзям у такім аб’ёме. Я не з’язджаю, таму што трэба быць прыкладам. Я не бачу нічога, з-за чаго б мог апынуцца за кратамі. Дый мы столькі ўжо зрабілі на ўзроўні Гомеля, што ў выпадку майго затрымання іншыя людзі стануць яшчэ больш актыўна займацца валанцёрскай дзейнасцю, — перакананы Ілля.

Суразмоўца ў гэтым упэўнены, бо параўноўвае цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі з падзеямі 10-гадовай даўніны, калі адбываліся маўклівыя акцыі пратэсту. Па яго назіраннях, у людзей ужо няма такой абыякавасці да таго, што адбываецца навокал, якая была тады.

На 1 100 лістоў — 100 адказаў

Адзін з вялікіх напрамкаў валанцёрскай дзейнасці Іллі Міронава — напісанне лістоў палітзняволеным. Атрыманымі адказамі ён дзеліцца ў сацсетках — каб натхніць іншых людзей пісаць лісты ці дасылаць пасылкі. Спачатку Ілля пісаў тым, хто апынуўся на сутках у гомельскім ІЧУ. Потым стаў дасылаць лісты тым, хто трапіў за краты ўпершыню.

— Я пішу словы падтрымкі, бо асабіста быў у гэтай сітуацыі, калі знаходзіўся ў ізалятары і атрымаў першы ліст ад невядомага чалавека. Гэтыя пачуцці немагчыма было перадаць. Я зразумеў, што падтрымка з волі нават важнейшая за тыя харчы, якія перадаюць, гэта як прамень сонца і глыток паветра, — узгадвае валанцёр.

Так Ілля пачаў пісаць па 10 — 15 лістоў у дзень, агулам з канца снежня ён даслаў ужо больш за 1100 пасланняў за краты, а атрымаў каля 100 адказаў. Праўда, гаворыць суразмоўца, цягам апошняга месяца сітуацыя з ліставаннем пагоршылася: ён атрымлівае вельмі мала адказаў. Ёсць меркаванне, што ад тых, хто піша шмат, лісты вязням не перадаюць цэнзары. Таму цяпер Ілля набывае паштоўкі і перадае тым, хто хоча даслаць вестку палітзняволеным.

Бываюць гісторыі, калі зняволенаму перадаюць пусты канверт з чыстымі аркушамі, а паштоўку ці ліст, якія ў ім ляжалі — не. Але нават гэта для закратаванага з’яўляецца сведчаннем таго, што пра яго памятаюць і імкнуцца падтрымаць.

Ілля прызнаецца, што сітуацыя, калі шмат пішаш, а ў адказ нічога не атрымліваеш, дэмаралізуе і прыводзіць да выгарання. Але ён не спыняецца.

— Людзі, якія знаходзяцца за кратамі, пішуць лісты з вельмі моцнай энергетыкай. Гэтыя людзі, магчыма, пазбаўлены магчымасці атрымліваць лісты, часам ім не перадаюць перадачы, раз-пораз яны сядзяць у карцары. Але яны пішуць вельмі моцныя лісты. Іх энергетыка і дае сілы, — дзеліцца валанцёр.

У Іллі ёсць своеасаблівы лайфхак: калі ён сам не атрымлівае зваротнай сувязі ад вязняў, ён чытае лісты, якія прыходзяць іншым людзям, апублікаваныя ў фэйсбук-суполцы «Письма солидарности 2020». І гэта для яго — таксама крыніца натхнення.

— Часам ужо ноч, і раніцай трэба ўставаць, а ты сядзіш і чытаеш, і за кожнага перажываеш да слёз, шукаеш, як падтрымаць, — прызнаецца Ілля.

Рэцэпт па супрацьдзеянні цэнзарскім перашкодам у Іллі адзін: працягваць пісаць зняволеным. Але важна, каб і яны пісалі ў адказ.

— Гэта вельмі яднае людзей, у нас нарэшце з’явілася грамадзянская супольнасць, і гэта звязана з падтрымкай адзін аднаго і аказаннем дапамогі, — падкрэслівае Ілля Міронаў.

Моц салідарнасці

У Іллі шмат гісторый пра моц салідарнасці. Так, нядаўна СМІ абляцела гісторыя 18-гадовага палітвязня з Брэста Дзяніса Хазея. Хлопец напісаў сваякам, што за 37 дзён, праведзеных у СІЗА, ён не атрымаў лістоў ні ад каго, апроч самых блізкіх людзей. Ілля Міронаў напісаў пра гэта ў сваіх сацсетках, і ўсяго праз тыдзень Дзяніс з вялікай удзячнасцю напісаў пра тое, што яго літаральна завалілі лістамі са словамі падтрымкі.

Таксама валанцёр атрымаў вельмі сумны ліст ад гомельскага палітвязня Сяргея Верашчагіна, які пісаў пра тое, як яму складана і што ён не разумее, за што трапіў у турму. Гэты ліст Ілля таксама размясціў у сацыяльных сетках, ён разыйшоўся па СМІ, і людзі сталі цікавіцца, як можна падтрымаць Сяргея. Таму Ілля спадзяецца, што наступны ліст ад вязня будзе больш пазітыўным.

Аднак усё яшчэ ёсць і тыя, хто баіцца пісаць зняволеным, указваць сваё імя і адрас (хаця гэтага можна не рабіць). Але Ілля гаворыць, што людзі да гэтага прыходзяць з часам, калі разумеюць, наколькі важная іх падтрымка.

Валанцёрства — занятак, які вымагае шмат рэсурсаў, перадусім унутраных. Аднавіць сілы, апроч лістоў, Іллю вельмі дапамагае падтрымка блізкіх, асабліва ён удзячны сваёй маці. Апроч гэтага ратуюць канцэрты і любімая музыка, а яшчэ, як ні дзіўна, іншая валанцёрская дзейнасць.

— Некалькі тыдняў таму я ў якасці валанцёра ездзіў на пасадку лесу пад Рэчыцу. Людзі ў вольны час, у асноўным па выходных, ездзяць саджаць лес, і я з’ездзіў на адзін дзень — гэта надало мне моцы. Калі пакідаеш дома тэлефон, застаешся з прыродай сам-насам і саджаеш лес, ты ведаеш, што ён вырасце і дасць камусьці энергію, — дзеліцца Ілля.

Ілля Міронаў стараецца не думаць пра тое, колькі яшчэ часу беларусам давядзецца жыць пад ціскам і рэпрэсіямі, але ён абсалютна перакананы: перамога магчымая толькі калі будзе ўсеагульная салідарнасць і ўзаемадапамога.

— Калі працоўны і фермер будуць цалкам адзін аднаму давяраць, не будуць баяцца і будуць падтрымліваць адзін аднаго. Кожны мае свае рэсурсы і сувязі, і калі ўсё гэта аб’яднаць, мы зможам дамагчыся сваіх мэтаў.

Ілля разважае, што звальненне лепшых кадраў на прадпрыемствах, якое цяпер адбываецца, паступова можа прывесці да спынення вытворчасці. Эканамічная сітуацыя ў краіне пагаршаецца, адпаведна, падае і ўзровень жыцця людзей. І гэта непазбежна прывядзе да таго, што пачнуцца забастоўкі, якія падтрымае ўся кансалідаваная грамадзянская супольнасць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]