Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Усё роўна хацелася жыць»: дзесяць цытат Васіля Быкава пра вайну

09.05.2021 общество
«Усё роўна хацелася жыць»: дзесяць цытат Васіля Быкава пра вайну

Вялікі беларус — пра памяць, шанцаванне, лёс, надзею і сяброў.

Імя Васіля Быкава ведае кожны беларус, нават школьнік. Яго творы праходзяць амаль у кожным класе, і шмат з іх — пра лёсы людзей у Вялікую Айчынную вайну. Вось толькі ў школьным узросце не заўсёды да канца зразумелы глыбокі сэнс прачытанага, а калі мы сталеем, вярнуцца да класікі часу ўжо няма.

У дзень 76-годдзя перамогі ў самай блізкай сёння для беларусаў вайне tut.by нагадвае дзесяць цытат Васіля Быкава, прысвечаных падзеям мінулага. «Порахам людзей не выхаваеш», — быў упэўнены пісьменнік. Здаецца, ён ведаў, пра што казаў: Быкаў і сам удзельнічаў у баях.

Васіль Быкаў на вайне: як склаўся яго лёс

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Васіль Быкаў знаходзіўся на тэрыторыі Украіны. Спачатку ён удзельнічаў у абарончай працы, але ў ходзе адступлення прыйшлося перабрацца ў Расію. Там беларус скончыў Саратаўскае пехотнае вучылішча ў 1942 годзе, і амаль адразу быў прызваны ў армію.

Восенню 1943-га Быкаў атрымаў званне малодшага лейтэнанта. Баі за Крывой Рог, Александрыю, Знаменку і іншыя гарады Украіны не абыходзіліся без яго ўдзелу. Таксама пісьменнік ваяваў падчас Кіраваградскай аперацыі, калі Чырвоная армія наступала на нямецкіх салдат. У выніку Быкаў быў цяжка паранены ў плячо і жывот. Гэта адбылося ў студзені 1944 года.

Пасля гэтага выпадку родныя пісьменніка памылкова атрымалі ліст, што ён загінуў. «Я напісала пісьмо Васілю, што „пахаронку на цябе палучылі“. Тады ён адказаў: „Ну, праўда, я быў біты, але не дабіты!“ Любіў пажартаваць», — расказвала сястра класіка. Больш за тое — імя Быкава чамусьці напісалі на помніку ў мясцінах, дзе адбывалася Кіраваградская аперацыя. Гэта сітуацыя стала падмуркам для напісання аповесці «Мёртвым не баліць».

Пасля свайго выздараўлення класік літаратуры прайшоў з вызваленчым рухам палову Еўропы: Румынію, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю. Вайну скончыў ужо ў званні старшага лейтэнанта.

Свае ўспаміны пра баявыя дзеянні Быкаў апісаў у аўтабіяграфічнай кнізе «Доўгая дарога дадому», якая выйшла ў 2002-м — за год да смерці класіка літаратуры.

Дзесяць цытат класіка пра Вялікую Айчынную вайну

Пра гвалтоўную смерць. З аповесці «Сотнікаў»

«Адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з’яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамадства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць што ж — смерці не мінуць нікому.

Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыстаць і без таго не надта вялікі свой час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё».

Пра страх ад сваіх і чужых. З кнігі «Доўгая дарога дадому»

«Адчуваю сакрамэнтальнае пытаньне пра страх: ці баяўся? Канешне, баяўся, а можа, калі і трусіў. Але страхаў на вайне шмат, і яны ўвогуле розныя. Страх перад немцамі — што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх ад агню, асабліва артылерыйскага ці бамбовак. Калі побач выбухне, дык, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатовае разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакутаў.

Але ж быў і страх, што ішоў ззаду, — ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было ня менш, чым у мірны час. Нават болей. Калі цябе камандзір абяцае расстраляць пад ранак, калі ты ня возьмеш страчаны хутар ці вышыню, ці траншэю (што па тым часе зусім верагодна), дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей — немцаў ці камандзіра. Немцы яшчэ могуць не пацэліць, і табе абыдзецца. А свае, камандзіры (ці калі ўвяжацца трыбунал), ужо прамашкі не дадуць. Тут ужо ўсё дужа пэўна і катэгарычна».

Пра лёс на вайне. З аповесці «Дажыць да світання»

«Далёка не ўсё у жыцці атрымліваецца так, як трэба, тым больш на вайне. Каб дасягнуць мэты, часам трэба да апошняй магчымасці змагацца з магутнаю сілай абставін, іначай праваліш справу і прападзеш сам. Наогул вайна бязлітасная да кожнага, але сапраўды першым на фронце гіне баязлівец — менавіта той, хто болей за іншых даражыць жыццём. Зрэшты, даволі гіне і смелых. Вайна надзіва сляпая ў адносінах да людзей і далёка не па іхніх заслугах распараджаецца жыццямі. Як нідзе ў мірным жыцці, тут здрадлівы і зменлівы лёс чалавека, якому, каб выжыць, ні на хвіліну нельга выпускаць з рук тугіх лейцаў абставін, пры ўсякіх, самых немагчымых, умовах трэба старацца кіраваць імі».

Пра карысць вайны. З аповесці «Афганец»

«Блытаная гэта справа, вайна, карысьці з яе — гулькін нос. За пралітую кроў — дурацкія льготы. Як у гэтых старых — бясплатны праезд у межах раёна. Куды ўжо ім ехаць, апроч як на могілкі».

Пра памяць. З аповесці «Мёртвым не баліць»

«Я спыняюся ў шчыльнай групе моладзі. Хлопцы і дзяўчаты. Яны жывуць сваім, куды больш ім блізкім. I я іх разумею. На самой справе: прайшло амаль дваццаць год. Шмат хто нічога ўжо і не памятае з таго, што было ў раннім дзяцінстве. Многія нарадзіліся пасля вайны. Вайна для такіх — абстракцыя».

Пра прагу да жыцця. З аповесці «Жураўліны крык»

«У поле з вёскі выехала яшчэ некалькі машын, яны падаліся ў аб’езд, у бок лагчыны. На пагорку, відаць, на прамую наводку, ставілі, акопвалі некалькі гармат — ворагі рыхтаваліся грунтоўна і пэўна. А жыць так хацелася — хоць як-небудзь: у сцюжы, голадзе, страху, хоць у такім жудасным пекле, якім была вайна, — усё роўна хацелася жыць».

Пра шанцаванне. З аповесці «Кар’ер»

«— Да-а… На вайне цяжка ўгадаць, дзе напорашся, а дзе пранясе, — сказаў Агееў.

— Таму і не ўгадывай. Не выгадывай. Не хітры. Усё роўна вайна хітрэй за цябе. Яе не перахітрыш».

Пра няроўныя сілы. З кнігі «Доўгая дарога дадому»

«Звычайна немцы не любілі бліжняга, як ён называецца, бою і нішчылі агнём здаля. Наконт агню яны былі майстры, нічога ня скажаш. Гэта ў нас вучылі салдатаў зь іхніх састарэлых „драгунак“, якімі нас угаворвалі ганарыцца, рабіць 6−8 стрэлаў у хвіліну, што было абсалютным глупствам. Немцы сеялі з аўтаматаў колькі маглі, а іхні кулямёт МГ-42 рабіў 1000 стрэлаў у хвіліну. Iхнія мінамётчыкі ўмелі навесіць па 12 мінаў у паветра. Гэта значыць, першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Натуральна, што ў такім шквале агню доўга не выжывеш. Празь дзень-другі — або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як сумна жартавалі салдаты.

У нас з агнём было куды горш, заўжды не хапала боепрыпасаў. Нават у шараговага байца, калі ён страляў у баі. Тое, што было з сабой (у падсумках ці магазынах), можна было расстраляць за некалькі хвілінаў. Зноў жа — куды байцу ўзяць болей патронаў? Хіба за пазуху, у кішані. Немцы для тае мэты скарыстоўвалі боты з шырокімі халявамі, у якія напіхвалі магазынаў. Нашыя ж дыскі ў боты не запіхнеш. Ды й боты не такія, з вузкімі халявамі, а ў байцоў спрэс абмоткі. Таму на полі, у ланцугу, пяхота не страляла, эканоміла для бою ў сяле. Меркавалася, што там, сярод хатаў, можна прымяніць штых-маладзец, бо куля — дура, як вучыў „вялікі Сувораў“. Але немцы не падпушчалі блізка, яны нішчылі нас у полі градам куль і асколкаў. Таму наш штыхавы бой, якому дужа вучылі салдатаў і афіцэраў, практычна ў вайну не прымяняўся».

Пра надзею. З кнігі «Доўгая дарога дадому»

«У жніўні ў войска мяне праводзіла адна маладая жанчынка, што рабіла ў школе. Яна дужа шкадавала мяне. Казала, толькі вясной праводзіла брата, гэткага, як я, і ўжо празь месяц атрымала „пахаронку“ — з-пад Сталінграду. У мяне не было хатняга адрасу, дык яна сказала, каб я запісаў яе адрас у Аткарску. Я абяцаў… Але пасьля падумаў: нашто? Мала ёй братавай „пахаронкі“?»

Пра сяброў. З аповесці «Мёртвым не баліць»

«Усё, аказваецца, можна перажыць, калі ў цябе ёсць сябар, з якім многае дзеліцца напалам. Тады ўсе турботы і скруха меншаюць роўна ўдвая, а радасць — дзіўная справа! — удвая павялічваецца».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]