Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Вы паглядзіце, што яны мне прыслалі!»: вэтэран шчыра выказаўся пра жулікаў і злодзеяў з улады

09.05.2021 общество
«Вы паглядзіце, што яны мне прыслалі!»: вэтэран шчыра выказаўся пра жулікаў і злодзеяў з улады

Моцны аповяд 94-гадовага гарадзенца.

Гарадзенцу Анатолю Песьняку 94 гады. Ён жыў пры «паляках», пры «саветах», пры «немцах». Дзень Перамогі сустрэў паблізу Бэрліна. Анатоль Міхайлавіч расказаў «Радыё Свабода», што думае пра вулічныя пратэсты, беларускія ўлады і падарункі на Дзень Перамогі.

Дом забралі пры савецкай уладзе

Анатоль Пясьняк — карэнны гарадзенец. Ягоная сям’я мела дом у цэнтры гораду на вуліцы Віленскай. Гэта быў габрэйскі квартал. Сем клясаў Анатоль адвучыўся «пры паляках». Сям’ю хацелі рэпрэсаваць і выслаць з Горадні, але не пасьпелі — пачалася вайна.

Фота: «Радыё Свабода»

Калі Горадню ўжо вызвалілі ад нацыстоўскай акупацыі ў 1944 годзе, Анатоля прызвалі ў савецкую армію. Яму тады яшчэ не было 18 гадоў. Дзень Перамогі сустракаў за 60 кілямэтраў ад Бэрліна. Агулам праслужыў у войску больш за 20 гадоў.

Фота: «Радыё Свабода» Фота: «Радыё Свабода»

«Пайшоў на фронт. Цягаўся па ўсёй Беларусі, Нямеччыне, Чэхаславаччыне. Дзе я толькі ня быў», — кажа спадар Анатоль.

Калі вярнуўся з войска, дом у сям’і ўжо адабралі савецкія ўлады. Анатоль пабудаваў іншы дом непадалёк, у прыватным сэктары Горадні. Рабіў мэблю для войска. Кажа, што езьдзіў па розных гарадах, быў запатрабаваны як майстар.

«Вы паглядзіце, што яны мне прыслалі, дурню гэтаму старому!»

Цяпер мужчына жыве ў тым жа доме, які сам некалі пабудаваў. Здароўе слабое, падвышаецца ціск, але ён ходзіць, сам сябе абслугоўвае. Яго бясплатна наведвае сацыяльны работнік, прывозіць прадукты.

Фота: «Радыё Свабода» Фота: «Радыё Свабода»

Днямі пэнсіянэр зачапіўся за парог і разьбіў сабе лоб. Празь кепскі тэлефонны апарат ён не заўжды можа дазваніцца да хуткай. Лекары часам не прыяжджаюць, а раяць выпіць пэўныя таблеткі, які ён мае дома.

«Кожны Божы дзень у мяне такі стан, што выклікаю „хуткую“. Мне блага, а я не магу дазваніцца. Я ня ведаю, ці здохну, ці што. Я ня ведаю, пра каго што думаць», — кажа спадар Анатоль.

Фота: «Радыё Свабода»

Мужчына паказвае з абурэньнем на торбачку ад малочнага заводу.

«Вы паглядзіце, што яны мне прыслалі, дурню гэтаму старому! Мне гэта трэба? Яны сёньня прынесьлі мне. Гэта ўсё з Днём Перамогі маё», — злуецца вэтэран.

У торбачцы сьмятана, масла, тварог, ёгурты, сьметанковы сыр. Гэта падарунак вэтэрану да Дня Перамогі.

Фота: «Радыё Свабода»

«Я ад іх не патрабую грошай. Мне хапае маёй пэнсіі 800–900 рублёў. А гэта беднаму афіцэру даслалі. Хай яны самыя зьядуць гэта!» — злуецца вэтэран.

— Вам крыўдна, што вам такія падарункі прывозяць?

— Так.

— Вы ганарыцеся тым, што вы ваявалі?

— Так. Але мяне бянтэжыць гэтая чалавечая насьмешка. Я кату лепшы прадукт набываю. Кату бяру курыныя ножкі.

Фота: «Радыё Свабода»

— Як бы вы хацелі, каб ставіліся да вэтэранаў?

— Не давайце вы грошы чалавеку. Кожны атрымлівае свае грошы. Ён не бяз грошай жыве, што яму трэба падачку даць хутчэй, каб ён памяняў свой рэфлекс, як сабака. Дык гэта сабака, а не чалавек. Падарункамі падкупляюць, але ня нас, а тых, хто сядзіць у гарвыканкаме, абкаме.

Не павіны чалавека ўсхваляць. Чалавек павінен быць чалавекам. Ён павінен мець вагу ў дзяржавы, давер у дзяржавы, а ён ня мае нічога. Абсалютна нічога ня мае. Іншыя людзі разумеюць, лезуць наперад. А іншы не палезе, калі ён непісьменны.

Фота: «Радыё Свабода»

— Што б вас парадавала як вэтэрана?

— Цяпер ужо нічога. Хай бы нават і золата — ужо ня трэба. Гэта ўсё маё багацьце. Гэта праца маіх рук, — паказвае Анатоль Міхайлавіч на дом, які пабудаваў сам.

«Цяпер ужо цягнуць старога гэтага, дурнога, паказаць народу»

Мясцовыя ўлады запрашалі Песьняка на афіцыйнае сьвяткаваньне Дня Перамогі.

«Мне нашыя артысты [кажуць]: „Мы вас забярэм на маршы ісьці“. Куды я пайду? Я попка, я дурак ужо! Мне галава ўся кружыцца. І я пайду на гэты фэстываль, што я вэтэран вайны? А дзе вы раней былі, калі я быў вэтэранам вайны? Дзе я раней быў? Вы забыліся? А цяпер ужо не забыліся. Цяпер ужо цягнуць старога гэтага, дурнога, паказаць народу, што яшчэ сволачы жывуць такія. Вось у мяне толькі цяпер такія думкі пра сваю ўладу», — кажа Анатоль Міхайлавіч.

Фота: «Радыё Свабода»

Ён расказвае, што ў маладосьці верыў у Сталіна, таму пайшоў ваяваць. Цяпер жа нікому ня верыць. Да цяперашніх беларускіх уладаў вэтэран ставіцца скептычна.

«Яны не разумеюць чалавека. Можа, ім здаецца, што іх сьвет такі шырокі, што Бог яго ведае, што яны глядзяць, ува што яны вераць, што яны думаюць», — абураецца гарадзенец.

«Што гэта за палітыка? Ні слова не скажы, ні слова не запытайся!»

Пэнсіянэр кажа, што сам у палітыку «ня лезе».

«Што гэта за палітыка? Ні слова не скажы, ні слова не запытайся. Я пражыў столькі гадоў. Я ня ведаю, каму можна верыць, у чым можна верыць і хто чалавек наш, а хто ваш? Я гэтага не разумею. Якое гэта жыцьцё чалавечае?.. Ні ў якія партыі я ня лез, ні да чога не дакранаўся. Я верыў у Бога. Я нарадзіўся пры Богу, жыў пры Богу, у царкву хадзіў», — эмацыйна разважае мужчына.

На выбары ён ня ходзіць, на апошніх таксама ня быў.

«Бо злодзеі і жулікі. Мне крыўдна. Я пяра чужога ня ўзяў», — закрывае далонямі твар вэтэран і пачынае плакаць.

Фота: «Радыё Свабода»

Ён ведае, што летась адбываліся вулічныя акцыі пратэсту. Сына ягоных суседзяў, які жыве ў Менску, затрымлівалі.

«Ён нешта там сказаў ці няправільна сябе паводзіў. Зьбілі яго на чорнае. Ён сам спартовец. Трымалі 4–5 дзён. Такія спакойныя хлопцы гэтыя былі, слова ніколі ў жыцьці благога не сказалі. Што ўжо там яны казалі, я сам ня ведаю. На чалавека можна ўсё сказаць, што хочаш. Такое жыцьцё нашае», — разважае Анатоль Міхайлавіч.

Фота: «Радыё Свабода»

Тое, што людзі выходзяць на вуліцу выказаць сваю думку, Анатоль лічыць нармальным.

«Чалавек мае права голасу. У Польшчы на прэзыдэнта ўсяляк кажуць. Я палітыкай не цікаўлюся і не хачу ўлазіць у палітыку. Але я ведаю, што паўсюль [людзі] маюць права голасу. У Польшчы быў адзін, другі прэзыдэнт. І нашы, і вашы нешта кажуць, бо чалавек мае права сказаць», — мяркуе мужчына.

Ён думае, што тых, хто памыляецца ў меркаваньнях, трэба настаўляць, накіроўваць.

«Вось я ўжо цяпер дурны, магу нешта сказаць. То што, мяне цяпер расстраляць трэба? То дзе ў іх сумленьне? Набралі гэтых вясковых баб, слухаць іх агідна. У нас за прэзыдэнта яны так добра выступаюць па тэлебачаньні. А ўзяцца і падумаць: што ты робіш? Сама лезеш і людзей яшчэ зацягваеш. Я не разумею, навошта так рабіць», — дзеліцца думкамі вэтэран.

— Вы баіцеся гэтай улады?

— Мне ўжо ўсё роўна. Мне жыцьцё не цікавае. Я ўжо ніхто ў гэтым грамадзтве.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]