Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як у Менску адзначаюць Радаўніцу

11.05.2021 общество
Як у Менску адзначаюць Радаўніцу

Традыцыяў, што дасталіся ад продкаў, у Радаўніцы шмат.

12-ая гадзіна дня. На менскіх могілках шматлюдна: людзі прыбіраюць, нясуць кветкі і нават ладзяць застоллі. Да могілак пусцілі дадатковыя аўтобусныя маршруты, устанавілі больш смеццевых кантэйнераў і ўзмацнілі ахову: дзяжурыць АМАП. На падʼездзе да Паўночных могілак, самых вялікіх у Беларусі, – чарга з машынаў, паведамляе belsat.eu.

«Для праваслаўнага чалавека памяць продкаў – гэта вельмі важна. Я б не сказаў, што гэта свята. Не свята, а дзень памяці. Безумоўна, у гэты дзень трэба пайсці ў царкву, памаліцца за нашых спачылых на літургіі, на паніхідзе», – распавядае протаіерэй Яўген Грамыка.

У Радаўніцу не проста здзяйсняюць памінальныя малітвы, але і дзеляцца з памерлымі навіной пра ўваскрашэнне Хрыста.

«Радаўніца – гэта свята, гэта Вялікдзень мёртвых. Гэта калі трэба прыйсці на могілкі, усіх успомніць, пакласці пачастункі, кветкі».

«Бацюшка казаў: калі ідзяце на могілкі, бярыце з сабой любоў, малітву і кветкі», – расказваюць наведнікі могілак.

У адзначэнні Радаўніцы паганскія традыцыі перапляліся з хрысціянскімі.

«Нашы людзі не ўсе ведаюць, што могілкі – гэта месца святое. І прыходзіцца назіраць такія непрыемныя карціны, калі людзі збіраюцца каля магілы, раскладаюць паляну. Там і гарэлка, і ўсё астатняе», – кажа протаіерэй Яўген Грамыка.

Варта адзначыць, што на трох менскіх могілках, якія мы наведалі падчас рыхтавання гэтага рэпартажу, застолляў сустрэлася няшмат.

«Можа, гэта і няправільна, але так заведзена ў нас у сямʼі. Мы ні ў якім разе самі не ямо тут, бо лічым, што гэта блюзнерства. А прынесці – можа, гэта ад паганства. Але ўсё роўна гэта рабілі нашы продкі, мы не можам ад гэтага адмовіцца».

«Можа, нават праз гадоў 20 гэта ўсё адпадзе, і трэцяе пакаленне гэтага нічога не будзе рабіць», – лічаць наведнікі могілак.

Традыцыяў, што дасталіся ад продкаў, у Радаўніцы шмат. Раней месцы спачынку не ўпрыгожваліся штучнымі кветкамі. Кветкі маглі высаджвацца, а крыжы ўпрыгожваліся ручнікамі з сімвалічным арнаментам.

«Адзін маглі вешаць на крыж – ён як крылы развіваўся на крыжы, другі засцілалі на магілу так, што ўзор чырвоным колерам глядзіць на чалавека, а другім колерам, белым, глядзіць туды, дзе продкі», – расказвае дырэктар Веткаўскага музею стараабрадніцтва Пятро Цалка.

Паводле запаветаў царквы, у святкаванні Радаўніцы павінен быць не смутак па памерлых, а радасць ад таго, што ўсе яны засталіся з Богам, у вечным жыцці.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]