Як жыве Будслаў, дзе гарэў адзін з галоўных касцёлаў Беларусі.
У будслаўскай святыні – Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, на ўрачыстасць да якога штогод у ліпені прыязджаюць тысячы каталікоў – 11 траўня здарыўся пажар. У выніку здарэння быў знішчаны дах, залітае вадой памяшканне касцёлу, у небяспецы апынуліся старажытныя алтар і арган.
Каб даведацца, чым жыве будслаўская парафія сёння, карэспандэнты «Белсату» скіраваліся ў мястэчка ў першую нядзелю па пажары.
«Вельмі шкада»
Маштабы здарэння бачныя яшчэ за некалькі кіламетраў да самога Будслава. На пад’ездзе да мястэчка з-за павароту замест звыклага раней выгляду касцёлу цяпер вызірае адно ягоны «шкілет» з самотнымі, як здаецца здалёк, вежамі. Як падʼязджаеш бліжэй, то на сценах пачынаюць віднецца і сляды копаці ды гары на сценах.
«Гэта трагедыя. Я плакала, калі даведалася. Вельмі шкада. Я сама хрысцілася ў гэтым касцёле», – распавядае жанчына, што працуе ў краме побач са святыняй.
Фото: «Белсат»Пажарныя прыехалі хутка, але…
Выклік на нумар 101 паступіў у 7:47 раніцы 11 траўня. Пра тое ж, як пачаўся пажар, распавёў Віктар з суседняй вёскі Камарова, які якраз прыехаў тады ў Будслаў:
«Падʼязджаем, а кіроўца аўтобуса і кажа: «Нешта гарыць у Будславе». Я падумаў, што нехта побач вогнішча развёў. А падʼехалі побач, дык ужо ўбачылі. Як прыехалі, дык ва ўсю ўжо ішла эвакуацыя».
Паводле суразмоўцы, эвакуацыя была вельмі добра арганізаваная, ніхто не пацярпеў: толькі адной бабулі стала кепска, і яе адвялі да хуткай.
Фото: «Белсат»Жыхары Будслава адзначаюць, што спачатку з касцёлу проста ішоў белы дым, але паступова полымя разгаралася ўсё больш і больш. Метал на даху пачаў плавіцца і сціскацца бы папера.
«Пажарныя прыехалі хутка. Але яны не ўвязваліся ў змаганне, а проста глядзелі. Магчыма, ім даўжыні шлангу не хапала. Калі з Менску прыехала спецыялізаваная драбіна, яны ўжо проста залівалі згарэлы дах. Недзе каля 16:00 патушылі, а да трох гадзін ночы вялікі кран падчапляў кавалкі расплаўленага даху і скідваў на зямлю. На наступны дзень ужо з’явіліся альпіністы, якія сталі скідваць маленькія кавалкі», – распавядаюць будслаўскія парафіяне.
Вады пасля пажару, паводле іх, у касцёле было вельмі шмат. Яна прасачылася ў падвал, залілася ў карабы з электрадротам. Таму, «цяпер трэба зноў падлогу ўзрываць у тых месцах, дзе пракладзены кабель».
Фото: «Белсат»Сам касцёл цяпер абнесены агароджай, праход у яго забаронены – захоўваецца небяспека падзення абломкаў зверху. У святыню заходзіць толькі пробашч парафіі – ксёндз Дзмітрый Дубовік, каб праверыць узровень вільготнасці. Кажа, што ў ноч з 15 на 16 траўня вільготнасць вырасла ажно да 95%, і цяпер у святыні сыра «амаль як на вуліцы».
У касцёле дагэтуль застаюцца арган і алтар, якім не адна сотня гадоў. Менавіта для іх і ўяўляе галоўную небяспеку вільгаць. Таксама ўнутры стаяць лаяўкі, дзве з якіх трэснулі пад цяжарам таго, што падчас пажару падала зверху.
Фото: «Белсат»Ахвяраванні з усёй Беларусі
Пакуль мы размаўлялі са святаром, на плошчы перад святыняй спынілася машына з нумарамі Віцебскай вобласці. Нагадаем, што сам Будслаў знаходзіцца ў Мядзельскім раёне Меншчыны. З машыны выйшлі тры жанчыны і адзін мужчына: прыехала дэлегацыя з вёскі Струкі Докшыцкага раёну, што належаць да суседняй парафʼянаўскай парафіі. У вёсцы засталося 18 хатаў, дзе яшчэ жывуць людзі. І вось яны, хай ужо і пенсіянеры, перадалі грашовыя ахвяраванні на адбудову будслаўскага санктуарыя.
«Кожны год сюды прыязджаем. Бацькі нашыя нас сюды прывозілі, цяпер во мы самі бацькі, бабулі, дзядулі. Бо гэта нашая святыня. У такую хвіліну кожны павінен дапамагчы. Мы ж католікі, павінны дапамагаць. Праваслаўныя вунь адно аднаму дапамагаюць, паўсюль скарбонкі стаяць», – адзначаюць госці з Докшыцкага раёну.
Фото: «Белсат»Агулам на аднаўленне касцёла беларусы, паводле апошніх звестак, сабралі ўжо больш як 325 тыс. рублёў. Але, згодна з папярэднімі разлікамі, на адбудову святыні можа спатрэбіцца ў дзясяткі разоў больш сродкаў.
Дапамагаюць людзі не толькі фінансава, але і фізічнай сілай, даюць задарма карыстацца тэхнікай і прыладамі. Заклікаў святар вернікаў дапамагчы і з прадуктамі, каб было што есці валанцёрам.
Самая пільная патрэба зараз – гэта зрабіць часовы дах, кажа ксёндз Дзмітрый. Калі ўсё атрымаецца, яго могуць зрабіць ужо да канца траўня. Сталы дах, паводле самых аптымістычных разлікаў, зʼявіцца не раней за верасень. Пакуль жа для даху – як часовага, гэтак і сталага – трэба рабіць праекты.
Фото: «Белсат»«Матка Боская дае знак»
Афіцыйных заяваў пра прычыны пажару пакуль няма. Пэўна, яшчэ не скончаныя экспертызы, мяркуе ксёндз Дзмітрый.
Неафіцыйна ж ужо зʼявілася шмат розных версіяў.
«Ужо плёткі пайшлі, што тэракт. Кажуць дрон пускалі, гук быў, як выбух. А я думаю, што вінаватая толькі праводка. Я як быў малым, то ўвесь касцёл аблазіў. І калі б хтосьці штосьці падпальваў, то гэта нерэальна проста», – распавёў Віктар з Камарова.
«Матка Боская дае знак, што людзі благія. Каб навярталіся (пакаяліся – заў. belsat.eu), а мы ўсё не верым», – тлумачыць прычыны здарэння пані Марыся са Струкоў.
Пакуль у плябаніі, пасля – на дварэ
Пакуль касцёл зачынены, вернікі збіраюцца на імшу ў плябаніі. З наступнай нядзелі плануецца ладзіць набажэнствы на дварэ, бо памяшканне плябаніі замалое для кавідных часоў. Для гэтага плануецца зрабіць часовы алтар.
Фото: «Белсат»Таксама ў парафіі чакаюць, што неўзабаве прыбудзе вікарны святар у дапамогу пробашчу. Спадзяюцца і на прыезд манахінь-назарэтанак.
З падрабязнасцямі таго, як можна пералічыць фінансавыя ахвяраванні, можна азнаёміцца па спасылцы.