Так заўсёды і адбываецца пры дыктатуры.
Адзін з «дэпутатаў незалежнасці», палітык і журналіст Сяргей Навумчык напісаў пра жаданне рэжыму ператварыць усе незалежныя СМІ ў «Советскую Белоруссию».
— Чытаю ў сацсетках: «tut.by — гэта ж не апазыцыйны рэсурс, яны стараліся трымацца нейтральнасьці і аб’ектыўнасьці, за што іх так?» А «так» заўсёды і адбываецца пры дыктатуры, — адзначае Сяргей Навумчык.
Пры Сталіне і Гітлеры ў іх тыраніях не было «нейтральных» газэт. Усе выданьні ўсхвалялі тыранаў. Кожны дзень. У кожным нумары.
І не было на свабодзе публічных асобаў — журналістаў, пісьменьнікаў, мастакоў, навукоўцаў, якія б не ўсхвалялі Сталіна. Ніводнага. Вершы пра Сталіна вы нойдзеце і ў Купалы, і ў Мандэльштама, і ў Ахматавай, і ў Пастарнака. Нават у іх. А адмова даць «зялёнае» сьвятло п’есе Булгакава «Батум», дзе быў выведзены вобраз маладога Сталіна (дыктатару не спадабалася, што ён паказаны не правадыром, а ўсяго толькі маладым рэвалюцыянэрам) — загнала аўтара «Майстра і Маргарыты» у магілу.
І вось цяпер надыходзіць у Беларусі час, калі адной «нейтральнасьці» Лукашэнку мала. Яму трэба, каб яго любілі.
У дачыненьні да СМІ гэта азначае — каб усхвалялі.
27 гадоў Лукашэнка ператвараў Беларусь у савецкую Беларусь.
Цяпер усе незалежныя СМІ ён хоча ператварыць ў «Советскую Белоруссию».