Спектакль, які ўвабраў у сябе мноства лёсаў, гісторый і легендарных імёнаў.
«Магчыма, цяпер не лепшы час для прэм'еры, але ніхто не ведае, што будзе заўтра. Мы тут, побач, падтрымліваем адзін аднаго тым, што не спыняемся. 23 траўня , у 19:00, на YouTube-канале «Купалаўцы» сустракайце сусветны паказ несмяротнай «Паўлінкі».
Так, гэта не проста прэм'ера, а сапраўднае онлайн-падарожжа па свеце з масай сюрпрызаў. Cпецыяльна да прэм'еры мы падрыхтавалі субтытры на англійскай, французскай, нямецкай, украінскай, польскай, рускай і нават кітайскай мовах. Вы можаце абраць патрэбны варыянт у наладах відэа падчас прагляду», — пiшуць купалаўцы.
«Сапраўдны спектакль-легенда, які больш за сем дзесяцігоддзяў жыве на купалаўскай сцэне, выхаваў некалькі пакаленняў артыстаў і гледачоў, нарадзіўся ў эвакуацыі ў Томску ў 1944 годзе. Візітная картка тэатра, нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, салют і свята шчырай беларускай мовы, спектакль-музей, спектакль-аншлаг, спектакль-каханне. Спектакль, які ўвабраў у сябе мноства лёсаў, гісторый і легендарных імёнаў», — паведамляюць артысты.