Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Брат Вітольда Ашурка: Пройдзе час — і загавораць сьведкі

25.05.2021 политика
Брат Вітольда Ашурка: Пройдзе час — і загавораць сьведкі

Уладам не схаваць сваіх злачынстваў.

Андрэй Ашурак, малодшы брат палітзьняволенага Вітольда Ашурка, які памёр у шклоўскай калёніі, расказаў пра братавыя праблемы са здароўем і тое, як даведаўся пра ягоную сьмерць, перадае «Радыё Свабода».

«Здаровы чалавек памірае ад таго, што спынілася сэрца»

У Вітольда засталася жонка Вольга, малодшы брат Андрэй, 83-гадовая маці Алена Міронаўна. Усе жывуць у Бярозаўцы Лідзкага раёну.

Жонцы Вітольда пазванілі 21 траўня са шклоўскай калёніі прыкладна ў 21:20. Сказалі: «Ваш муж Ашурак Вітольд Міхайлавіч сканаў ад спыненьня сэрца. Па ўсіх пытаньнях званіце ў Сьледчы камітэт гораду Магілёва».

«Паверыць было цяжка, прыняць яшчэ складаней», — кажа Андрэй Ашурак.

Цела сям’і яшчэ не аддалі. Сказалі, што неўзабаве будзе заключэньне, тады можна будзе забраць нябожчыка. Наколькі ведаюць сваякі, вядзецца праверка па факце сьмерці. Больш ніякай інфармацыі пра абставіны і прычыны сьмерці няма.

Незалежную экспэртызу прычын сьмерці сям’я рабіць не плянуе — ня бачаць сэнсу.

«Здаровы чалавек памірае ад таго, што спынілася сэрца. Нічога не выключаю», — камэнтуе брат.

Андрэй Ашурак, брат памерлага палітвязьня Вітольда Ашурка.

Андрэй Ашурак бачыў брата за апошнія 8 месяцаў два разы. Вітольда затрымалі ў адміністрацыйных справах 19 верасьня, а Андрэя напярэдадні. Яны сядзелі ў лідзкім ізалятары ў суседніх камэрах, ня бачыліся, але перагаворваліся праз «кармушку».

«Падтрымлівалі адзін аднаго, разважалі пра будучыню краіны. Для нас гэта ўжо звыклыя ўмовы. Для іншаземцаў з Польшчы або Нямеччыны гэта былі б жахлівыя ўмовы. З усёй санітарыі — вядро ў куце камэры», — успамінае Андрэй.

Перад гэтым Вітольда таксама затрымлівалі 9 жніўня на некалькі дзён, пакуль ня сталі выпускаць усіх «палітычных». Ён выйшаў зь сіняком пад вокам. На пытаньне, ці яго білі, ён ухіляўся адказваць, казаў: «Троху патузалі».

«Ён не любіў ні на што скардзіцца і каб яго шкадавалі. Гэта быў добры чалавек», — паўтарае Андрэй.

«Гэты чалавек заўжды меў добры настрой»

Пасьля адміністрацыйнага арышту Андрэя выпусьцілі, а на Вітольда завялі крымінальную справу за гвалт над міліцыянтам. Больш ён на волю ня выйшаў. Справу Вітольда разглядалі ў закрытым рэжыме нібыта праз эпідэмічную сытуацыю. Нават сваякі не маглі трапіць на паседжаньні.

Родныя і сябры ўбачылі Вітольда толькі падчас прысуду 18 студзеня. Тады сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Пасьля прысуду нехта выгукнуў «Ганьба», урэшце завялі крымінальную справу.

«Мы бачылі Вітольда Міхайлавіча ў клетцы. Як заўжды, ён меў добры настрой. Гэты чалавек заўжды быў у добрым настроі», — успамінае брат.

Ён здолеў перагаварыць зь Вітольдам пад наглядам канвою, распытаць, што трэба перадаць.

Калі Ашурка перавялі зь Ліды ў горадзенскі СІЗА, Андрэю дазволілі зь ім сустрэцца. Спатканьне адбывалася праз шкло, пры дапамозе тэлефона, цягам гадзіны ў канцы сакавіка. Вітольд быў вясёлы, бадзёры, упэўнены ў сабе. Спытаўся, як маці і жонка.

«Я запэўніў, што з маці, з жонкай усё добра. Мы паразважалі пра будучыню. Яшчэ раз запэўнілі адзін аднаго: «Ня бойся, брат, яшчэ ў 2021 годзе ты будзеш дома, наўрад ці ты выседзіш 5 гадоў, бо зьмены будуць. Ніхто ня думаў, што такія», — Андрэй падчас усёй размовы ўсхліпвае.

Вітольд таксама расказаў, што ўмовы ў горадзенскім СІЗА лепшыя за лідзкі ізалятар, што адчувае сябе добра.

«Толькі паскардзіўся, што стаў дрэнна бачыць, бо там асьвятленьне ніякае. А так усё ў яго было добра. Намецілі пляны. „Калі накіруюць у калёнію, напішы, дзе ты, што табе трэба“. — „Я напішу табе, брат“», — успамінае гутарку Андрэй.

У красавіку пасьля апэляцыі Вітольду дазволілі сустрэцца ў Горадні з жонкай. Ён быў такі ж бадзёры, у гуморы, ні на што не скрадзіўся.

«Нас насьцярожыла, што перасталі прыходзіць лісты»

Месяц таму Ашурка перавялі ў шклоўскую калёнію. У лістах ён прызнаваўся, што пераезд даўся досыць цяжка, бо ўсю дарогу ён ехаў у кайданках.

Апошні ліст, ужо са Шклова, ад яго прыйшоў у канцы красавіка ягонай сяброўцы Вользе Быкоўскай. Там ён паведамляў пра жоўтыя нашыўкі для «палітычных».

«Мы ведаем, у якой дзяржаве мы жывём. Гэта дзяржава магчымасьцяў. Тут магчыма ўсё. Што фашысты габрэяў пазначалі жоўтым, што цяпер „палітычных“», — камэнтуе Андрэй, што ў сям’і асабліва не зьдзівіліся такім правілам у калёніі.

Пасьля гэтага лістоў ад Вітольда не было амаль месяц.

«Нас насьцярожыла, што перасталі прыходзіць ад яго лісты. Ён раней шмат пісаў родным, сябрам», — кажа Андрэй.

Сам ён брату не пісаў, бо ня мог «напісаць нэўтральны тэкст».

Андрэй зьбіраўся разам з адвакатам ехаць у Шклоў, каб даведацца пра ўмовы ўтрыманьня і стан Вітольда.

«Я цяпер зьбіраўся да яго ехаць. У панядзелак-аўторак (24-25 траўня. — РС) меўся ехаць у Менск і заключаць дамову з адвакатам. На жаль, ніхто не пасьпеў. Усе ведалі, што ён не адсядзіць 5 гадоў, але не такой цаной», — кажа мужчына.

«Ён у нас быў „намесьнікам дырэктара па якасьці“»

Андрэй кажа, што брат меў добрае здароўе, праблемаў з сэрцам ніколі не было. Аднак каля 30 гадоў таму праз закупорку вен яму рабілі апэрацыю на назе, выразалі фрагмэнт сасуда, уставілі пратэз. Ён пасьля гэтага ня мог хутка хадзіць, узімку нага мерзла. Вітольд меў 2-ю групу інваліднасьці, але адмовіўся ад яе.

«Ён сказаў: „Я яшчэ малады, здаровы“ — і пайшоў працаваць», — успамінае Андрэй.

Вітольд разам з Андрэем спачатку працавалі на Бярозаўскім шклозаводзе. Потым перайшлі ў будоўлю, працавалі на сябе.

«Ён у нас быў „намесьнікам дырэктара па якасьці“, а я быў „па сувязях з грамадзкасьцю“, — паўжартам апавядае суразмоўца. — Чалавек ён быў цудоўны, прынцыповы такі, ніякай халтуры. Усё дакладна, усё мусіла быць адпаведна тэхналёгіі. Цудоўны быў час».

«Праз час гэтыя сьведкі будуць гаварыць»

Андрэй апісвае, што кола інтарэсаў ягонага брата было значна шырэйшае за ягоную сям’ю і сяброў. Ён ахвотна займаўся грамадзкай дзейнасьцю: разам з паплечнікамі паставіў помнікі паўстанцам 1863–1864 гадоў, змагаўся за чысьціню паветра ў Бярозаўцы, чысьціню Нёмана, выходзіў на адзіночныя пікеты.

«Яму хацелася, каб усе былі шчасьлівыя, „няхай і ў дабраахвотна-прымусовым парадку“, каб усё было справядліва. Ён быў бяскрыўдны, нікому нічога кепскага не зрабіў. Цяпер людзі тэлефануюць, нават і праціўнікі яго, спачуваюць, бо гэта быў сумленны чалавек», — тлумачыць брат.

Вітольда ведалі і паважалі ў Бярозаўцы. Зьяжджаць за мяжу ён не хацеў, хаця яго папярэдзілі, што пасадзяць.

«Гэта быў ягоны выбар — застацца тут і вытрываць усё. Наколькі змог, вытрываў», — кажа брат.

Андрэй не спадзяецца хутка даведацца, што сапраўды здарылася ў калёніі, ад чаго памёр Вітольд.

«Мая задача цяпер годна пахаваць свайго брата, нашага паважанага Вітольда Міхайлавіча Ашурка. Усё астатняе потым. Нават калі будзе напісана „сардэчная недастатковасьць“ — добра, гэта „сардэчная недастатковасьць“. Калі мела месца нешта супрацьзаконнае, пройдзе час, і ў любога дзеяньня ёсьць сьведкі. Праз час гэтыя сьведкі будуць гаварыць», — кажа Андрэй.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]