Князя называлі нашым Сцыпіёнам.
Канстанціна Астрожскага ў Беларусі ведаюць найперш як героя бітвы пад Оршай і геніяльнага палкаводца, які атрымаў больш за 60 перамог. Але ж на самай справе ў несумненна таленавітага военачальніка іх было значна менш.
І ў той жа час гетман зведаў шэраг гучных і лёсавызначальных паражэнняў. Аднак ёсць іншы сюжэт аб тым, чаму Астрожскія ў 16-м стагоддзі сталі для нашай гістарычнай перспектывы вельмі важнымі.
Пра лёс адной з самых цікавых постацей беларускіх зямель для onliner.by распавядае гісторык Цімафей Акудовіч.
Вялікая ганьба і гетманства ў 37 гадоў
Самі Астрожскія паходзілі ці то ад галіцка-валынскіх, ці то ад турава-пінскіх князёў, але землямі валодалі на тэрыторыях былога Турава-Пінскага княства. Аднак у той жа час ёсць версія, што гэты род ідзе ад Гедыміна або нават гарадзенскіх князёў.
У 1486 годзе браты Астрожскія жылі ў Вільні пры двары вялікага князя літоўскага Казіміра, дзе яны знаходзіліся ў найвышэйшым коле валынскіх паноў — Гойскага, князя Чацвярцінскага, Храптовіча і іншых.
Пра маладосць самога Астрожскага вядома мала. Але факт, што ён у 37 стаў гетманам Вялікага княства, сведчыць: яго маладыя гады прайшлі ў паходах. У летапісах гаворыцца пра перамогі Астрожскага ў 60 бітвах супраць татараў, таксама ёсць згадкі аб тым, што ён служыў імператару Максімільяну і ўдзельнічаў у бітвах у Паўночнай Італіі. Але ніякай пэўнасці ў гэтым няма. Дакладна мы ведаем толькі пра пяць бітваў з удзелам Астрожскага.
Само гетманства яго пачалося з катастрофы. Інакш гэта назваць нельга.
У 1500 годзе пачалася вайна з Маскоўскім княствам, і ўсё здарылася праз тое, што шэраг праваслаўных князёў ВКЛ на чале з амбіцыйным баярынам Сямёнам Бельскім перайшлі на службу да маскоўскага князя Івана ІІІ. І не самі па сабе, а са сваімі землямі — Гомелем, Старадубам, Ноўгарадам-Северскім, Чарнігавам. Усё разам атрымалася вялізным кавалкам ВКЛ.
Афіцыйна Бельскі і іншыя перабежчыкі абвясцілі, што іх не задавальняў рэлігійны прыгнёт у ВКЛ і Польшчы, але гісторыкі да гэтага часу спрачаюцца наконт тых сродкаў, якія выкарыстаў Іван ІІІ, каб перацягнуць на свой бок праваслаўнае баярства. І вось праваслаўнага князя Астрожскага адправілі вяртаць на радзіму іншых князёў той жа веры.
Войскі ВКЛ і Масковіі сустрэліся каля ракі Ведраш пад Дарагабужам. ВКЛ пацярпела страшнае паражэнне: тысячы людзей былі забітыя, а Астрожскі трапіў у палон. Для ВКЛ гэтая гісторыя скончылася стратай амаль трэці сваіх тэрыторый, а для Астрожскага — вялікай ганьбай.
6 гадоў трымаў яго ў вязніцы вялікі князь маскоўскі і патрабаваў, каб той перайшоў да яго на службу. У выніку Астрожскі пагадзіўся. Ён даў прысягу Васілю ІІІ у 1506 годзе, але, як толькі ў 1507 годзе з’явілася магчымасць выехаць з Масквы, збег назад у Вялікае княства. Гэтую прысягу Астрожскаму пасля шмат прыгадвалі і ў Масковіі, і на радзіме. Магло б гэта адбіцца на кар’еры князя, але якраз у гэты час адбылася гісторыя з Міхаілам Глінскім, які паспрабаваў падняць паўстанне супраць караля і пасля збег у Масковію. Вызваленыя землі (у тым ліку Тураў) аддалі Астрожскаму, пазней яму вярнулі і гетманскі тытул.
Таленавіты палкаводзец і ратавальнік дзяржавы
Давер Астрожскі апраўдаў. У 1508 годзе стаў камандаваць войскамі ў чарговай вайне з Масковіяй, пасля ўдала абараняўся ад татар. Часта арганізоўваў войскі за свой кошт. Дзякуючы заслугам Астрожскі ўвайшоў у найбліжэйшае кола дарадчыкаў караля Аляксандра.
У 1512 годзе пачалася новая вайна з Маскоўскай дзяржавай. Паспяховыя дзеянні Астрожскага прымусілі татар пераключыць сваю актыўнасць на Маскоўскае княства, а Васіль ІІІ пакрыўдзіўся, прычым менавіта на ВКЛ. У 1514 годзе маскоўскія войскі з вялікай цяжкасцю, але ўсё ж узялі Смаленск і рушылі ўглыб Вялікага княства.
І вось тут здарылася тое, дзякуючы чаму Канстанцін Астрожскі ўвайшоў ва ўсе падручнікі па гісторыі. 8 верасня 1514 года дзве арміі сышліся на невялікай рачулцы Крапіўна пад Оршай. Бітва скончылася вялікім разгромам маскоўскай арміі, хаця яна значна пераўзыходзіла сілы Астрожскага.
Сучасныя гісторыкі з недаверам ставяцца да лічбаў, што былі запісаны ў святочных рэляцыях, разасланых па ўсёй Еўропе. А менавіта тых згадак, згодна з якімі маскоўскіх войскаў было ў 3 разы больш, чым саюзных (ВКЛ і Польшчы). Выглядае, быццам колькасць войскаў была дакладна меншай. Фармальна ж бітва пад Оршай не дала вялікай выгоды ВКЛ, бо Смаленск вярнуць не атрымалася. Але быў спынены наступ Масквы ўглыб дзяржавы, і, што самае галоўнае, разваліўся саюз Васіля ІІІ з Максімільянам І.
Пасля Бітвы пад Оршай яшчэ амаль 15 гадоў доўжыліся бясконцыя войны то з Масквой, то з татарамі. Не ўсе бітвы скончыліся перамогай. Былі як мінімум 2 буйныя і крыўдныя паражэнні ад рускіх пад Апочкай і ад татар пад Сокалам. Але агульны лік выйграных бітваў усё ж быў большы. Астрожскі меў вельмі вялікі аўтарытэт і павагу ў дзяржаве. У 1522 годзе кароль Жыгімонт прызначыў яго віленскім ваяводам, што па традыцыі рабіла Астрожскага другім чалавекам у ВКЛ пасля вялікага князя.
Супербагаты магнат і захавальнік праваслаўя на нашых землях
Але Астрожскі не толькі ваяваў. Ён умацоўваў і пашыраў свае зямельныя ўладанні, што ў яго таксама няблага атрымлівалася. Дзякуючы розуму і заслугам, а недзе супадзенням (Астрожскі быў двойчы жанаты, прычым абодва разы з прадстаўніцамі самых заможных праваслаўных родаў Гальшанскіх і Слуцкіх) Астрожскі стаў надзвычай багатым. Паводле дакументаў 1528 года, выстаўляў са сваіх зямель 426 вершнікаў, то-бок меў каля 41 тысячы падданых, валодаў 91 горадам і мястэчкам. Але пры гэтым, па нешматлікіх звестках, якія ў нас захаваліся, сам ён быў дастаткова сціплым у побыце чалавекам.
Шмат сваіх рэсурсаў траціў на войска, умацаванне і пашырэнне праваслаўя на землях ВКЛ. Пачатак жа 16-га стагоддзя быў часам агрэсіўнага наступу каталіцызму на рускія землі Вялікага княства. Астрожскі сваім аўтарытэтам стрымліваў гэты працэс. Ён пабудаваў шэраг вялікіх цэркваў, некаторыя з якіх можна бачыць і цяпер (напрыклад, Прачысценскую, Мікалаеўскую і Троіцкую ў Вільні і Барысаглебскую ў Навагрудку), ахвяраваў грошы манастырам і брацтвам.
І вось тут мы падыходзім да сапраўды важнага моманту. Сэнс не ў тым, што Астрожскі будаваў шмат храмаў. Сваім аўтарытэтам ён змог значна павялічыць статус рускай партыі пры двары караля і вялікага князя. Праваслаўе на Літве і Русі ўмацоўвала свае пазіцыі. На той час яшчэ моцныя праваслаўныя роды Сангушкаў, Вішнявецкіх, Хадкевічаў, Мсціслаўскіх, Солтанаў аб’ядналіся вакол Канстанціна Астрожскага і пачалі актыўней фарміраваць сваю палітычную павестку.
Пакуль літоўскія магнаты Радзівілы і Гаштольды сварыліся паміж сабой, Астрожскі захоўваў добрыя стасункі з абодвума бакамі. Ён сябраваў і з жонкай караля Аляксандра Аленай, і з жонкай Жыгімонта італьянкай Бонай Сфорцай.
Менавіта палітычная дзейнасць Астрожскага давала праваслаўю на нашых землях шанец застацца адной з канкурэнтных рэлігій і, адпаведна, захаваць праваслаўны, традыцыйны чыннік у палітыцы ВКЛ. І падставы для гэтага былі, бо сын Канстанціна Астрожскага Канстанцін-Васіль, які нарадзіўся ў Тураве, працягнуў справу бацькі: будаваў храмы, дапамагаў брацтвам, засноўваў друкарні, адкрыў Астрожскую акадэмію — першую навучальную праваслаўную ўстанову такога тыпу.
Ён мэтанакіравана развіваў рускую ідэнтычнасць на землях Украіны і поўдні Беларусі. І калі на тэрыторыях сучаснай Беларусі ў гэты час набірае сілу род Радзівілаў, якіх называюць некаранаванымі каралямі Літвы, то Канстанцін-Васіль лічыўся некаранаваным каралём Русі. Астрожскі выступае за тое, каб Русь увайшла ў саюз Літвы і Польшчы як трэці раўнапраўны саюзнік.
Але не выйшла. Канфлікты паміж рускімі і літоўскімі магнатамі ў ВКЛ прывялі да таго, што рускія землі замест апірышча Каралеўства Польскага сталі яго гаспадарчым прыдаткам. Шмат сучасных гісторыкаў пагаджаюцца, што менавіта гэта паслужыла той мінай адкладзенага дзеяння, якая выбухнула спачатку ў сярэдзіне 17-га стагоддзя, а пасля дабіла Саюзную дзяржаву ў канцы 18-га.
Канстанцін Астрожскі памёр 11 верасня 1530 года ў Тураве. Пахавалі яго ў Кіева-Пячэрскай лаўры пад прыгожым рэнесансным надмагіллем. У эпітафіі на ім Астрожскі называецца Сцыпіёнам Рускім. Аддаючы даніну памяці ягонай палітычнай дзейнасці, асноўны фокус у эпітафіі скіравалі менавіта на вайсковыя заслугі князя. Так у гісторыі і павялося.