Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сцяпан не мог зрабіць большага, седзячы ў клетцы. Ці можам мы?

01.06.2021 политика
Сцяпан не мог зрабіць большага, седзячы ў клетцы. Ці можам мы?

Прайшло некалькі гадзін пасля суда над Сцяпанам Латыпавым…

А з галавы ўсё адно не выходзяць, сказаныя ім на пасяджэнні словы. Пасля якіх ён проста паклаў у рот белую анучу, стаў на лаўку і парэзаў сабе горла.

Суды над палітзняволенымі становяцца ўжо нечым надзённым і побытавым, але на кожным цябе чакаць нешта асаблівае. Або пасяджэнне зробяць закрытым, або не пусцяць на адкрытае, або наўпрост затрымаюць… Калі зранку я ішла на суд, то маральна гатова была да нечага падобнага. Але дакладна не да таго, што ўпершыню за сваё жыццё пабачу, як чалавек будзе рэзаць сабе горла… І хоць ужо вядома, што Сцяпана прааперавалі і жыццёва важныя органы яго не пацярпелі, але тое, што мы пабачылі сёння ў судзе, падаецца, з памяці не выкрэсліць ніколі.

Усё, што я ведала пра Сцяпана, — гэта гісторыя яго затрымання і артыкулы, якія яму прад’явілі. Напэўна, як і большасць. Аказалася, што сваякоў у Сцяпана няшмат. З блізкіх, якія былі на судзе, — бацька і цётка. Астатнія — сябры. Іх у Сцяпана многа, некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі яго падтрымаць.

Калі зняволенага вялі ў залу, нас адціснулі ў іншы калідор. Але я пабачыла яго са спіны, калі ён падымаўся па лесвіцы: хоць рукі ў яго былі ў кайданках, аднак ён усё ж зрабіў знак «перамогі».

Журналісты заўжды маглі здымаць залу суда да таго моманту, пакуль пачнецца судовы працэс. Тут гэта забаранілі: прымушалі нават выдаляць ужо зробленыя фатаграфіі.

Сёння жыццё зноўку нагадала мне, што сваім першым адчуваннем трэба давяраць. Я доўга разглядала Сцяпана ў клетцы. Ён нават некалькі разоў лавіў мой позірк, але я адразу ж хавала вочы. Было ў ім нешта халоднае, безэмацыйнае і прыбітае… Тое, чаго я на сабе вытрымаць не магла. Ён быў у той жа скураной карычневай куртцы, што і падчас затрымання 15 верасня. Правая рука ў раёне запясцяў перабінтаваная, а на твары з-пад маскі бачыўся сіняк. І яго дзіўная, павольная, цвёрдая, але ў нечым адхіленая манера гаварыць… Усё гэта насцярожвала з самога пачатку.

— Ці маю права карыстацца роднай мовай? — спытаў Сцяпан на пачатку пасяджэння, хоць сам ён размаўляе па-руску. На што суддзя яму адказаў сцвярджальна, таксама скарыстаўшы гэтую ж «родную мову».

Памочнік пракурора Уладзімір Рабаў амаль гадзіну зачытваў абвінавачанне. Найперш Сцяпана абвінавачваюць у парушэнні ч. 1, 2 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацый, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях») і арт. 363 («Супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку»).

Сярод пацярпелых — супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі Сцяпана на «Плошчы перамен» 15 верасня, калі той абараняў мурал ад зафарбоўкі. Латыпава абвінавачваюць у тым, што пры затрыманні ён пагражаў супрацоўнікам міліцыі. Пацярпелы Рогаў на судзе сказаў, што Латыпаў, калі яго неслі да машыны, нанёс яму ўдар у правы бок галавы, прытым, ці быў гэта сапраўды ўдар, ён ужо не памятае: «Напэўна, удары, бо ў мяне пахіснулася кепка». Суддзя зафіксаваў супярэчнасць і зачытаў паказанні, якія той даваў 18 лютага — у іх было зафіксавана, што Латыпаў зрабіў на яго замах. Пасля гэтага Рогаў паправіў сябе: «Ён прамахнуўся і трапіў па кепцы».

Сцяпан спытаў:

— Пацярпелы, ці быў у вас характэрны ацёк на твары пасля 15 верасня 2020 года, як у мяне? — Сцяпан зняў маску. Цяпер гематома на правай частцы твару больш не хавалася пад маскай.

Калі з першым пацярпелым было больш-менш зразумела, то з двума астатнімі — цмяна. Па іх паказаннях, Латыпаў іх не біў, а магчымыя яго замахі — гэта, хутчэй, міжвольныя рухі, калі ён намагаўся вырвацца з рук міліцыянераў. Адвакат задала ім аднолькавае пытанне: у чым яны лічаць сябе пацярпелымі? Пацярпелы Балыш адказаў, што пацярпеў маральна, бо Латыпаў яго абражаў, аднак падчас следчага працэсу ён пра гэта не заявіў. Міліцыянер Пухло таксама сказаў, што пацярпеў ад маральнай шкоды: у сацыяльных сетках пасля затрымання Сцяпана з’явіліся абразы яго і сям’і. Аднак Пухло не змог патлумачыць, якім чынам да гэтых абраз спрычыніўся Латыпаў, які на той момант ужо сядзеў за кратамі.

Памочнік пракурора таксама агучыў, што Латыпава абвінавачваюць па артыкуле 209 КК («Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры»). Сцяпан — дырэктар і бухгалтар кампаніі «Беларбо», якая спецыялізуецца на выдаленні небяспечных і аварыйных дрэваў і раслін і займаецца апрацоўкай ад шкодных раслін, напрыклад, баршчэўніка. Па версіі абвінавачвання, Сцяпан падманам заключаў дамовы з заказчыкамі і незаконна авалодваў іх грашыма.

Падчас перапынку цётка Сцяпана Галіна абуралася: яна сама біёлаг і добра ведае працу, якую рабіў Сцяпан.

— Калі я паслухала амаль 45 хвілін абвінавачвання Сцяпана, то ў мяне склалася такое ўражанне, што мой пляменнік — гэта «варуга» і «хапуга». Такое адчуванне, што ён хацеў як мага больш грошай сабе забраць, пры гэтым нічога не рабіць. Я сама — біёлаг і аграном і добра ведаю, што такое баршчэўнік. Як патрэбна праца па яго вынішчэнню, бо ведаю людзей, якія пацярпелі ад гэтай расліны. А Сцяпан, як спецыяліст высокага класу, мае вялікія веды. Дамовы заключаліся, людзям тлумачылася, што будзе ісці апрацоўка. Ён сотні гектараў апрацоўваў! А цяпер яго выстаўляюць у такім свеце, нібыта ён толькі і рабіў, што купюры з усіх збіраў...

А яшчэ ў 2015 годзе «СБ. Беларусь Сегодня» пісала пра Сцяпана як пра аднаго з лепшых арбарыстаў у СНД.

— Сутнасць абвінавачання мне не зразумела, — кажа бацька Сяргей. — Асабліва, што тычыцца махлярства. Усе заявы ад кліентаў праходзяць дзяржкантроль.

Падчас гэтага ж перапынку я пазнаёмілася і з сябрамі Сцяпана. Марына вучылася з ім у сельскагаспадарчай акадэміі. Аліна — хадзіла разам на танцы. Аказваецца, Сцяпан займаецца бачатай. Гэтая танцавальная супольнасць пасля затрымання Сцяпана і стала яму дапамагаць, пасябраваўшы між сабой яшчэ больш.

Пасля перапынку выклікалі першага сведку — бацьку Сцяпана Сяргея. Памочнік пракурора папрасіў распавесці пра Сцяпана.

— Пра яго дзейнасць ведаю не шмат, — распавядаў Сяргей. — Ён добры чалавек, інтэлектуальна развіты, займае актыўную пазіцыю, мае пачуццё эмпатыі…

Я глядзела на Сцяпана, калі ў залу зайшоў яго бацька: ён узяў у рукі белую анучу, падобную на бінт, якім была пераматаная яго рука, і стаў нервова яе перабіраць. Тады падумала, што ён проста пачаў хвалявацца, як пабачыў бацьку… Але літаральна праз некалькі хвілін Сцяпан падняўся і сказаў тыя апошнія на пасяджэнні словы, якія, думаю, шмат ужо пераслухалі ў запісу:

— Бацька! Пасля спаткання да мяне прыйшоў ГУБАЗ. Паабяцалі, калі я не прызнаю віну, у мяне будзе прэс-хата, крымінальныя справы супраць родных і суседзяў. Прэс-хата ў мяне была — 51 дзень. Так што ты рыхтуйся.

Пасля ён паклаў у рот анучу, стаў на лаўку і пачаў рэзаць сабе горла. Усё гэта здарылася літаральна ў некалькі секунд — усе зразумелі, што адбываецца, калі ён ужо пачаў праводзіць нечым тупым па шыі. Пачуліся крыкі. З усіх бакоў. Мне падаецца, што больш за ўсіх крычала яго сяброўка Аліна, якая перад гэтым папрасіла памяняцца са мной месцам, бо так яна лепш бачыла Сцяпана. «Сцёпа, не трэба!», — крычалі людзі. Клетку адразу адчыніць не атрымалася, бо ў канваіраў не было ключоў… Адчынілі тады, калі Сцяпан ужо ляжаў на лаўцы.

Нас хутка выгналі ў калідор, там людзі працягвалі плакаць у істэрыцы. Выклікалі «хуткую». Праз некалькі хвілін нас выгналі з калідора ў хол. Яшчэ праз хвілін дзесяць — папрасілі пакінуць памяшканне. Мы чакалі на ганку медыкаў і хаця б нейкіх навін... Сцяпана вынеслі на насілках. Вочы ў яго былі расплюшчаныя, а майка — у крыві.

Я прысела на ганак побач з бацькам. Для яго ўжо адшукалі валідол, таму ён сядзеў спакойны, але разгублены…

— Яго з 11 красавіка трымалі ў камеры з людзьмі з псіхічнымі хваробамі, — астатняе — я бачыў тое ж самае, што бачылі вы, — кажа мне Сяргей. Пэўна, пра тую самую «прэс-хату», пра якую і сказаў Сцяпан у сваім апошнім на сёння слове.

Мы не ведаем, што прыйшлося перажыць Сцяпану за гэтыя два месяцы. Не ведаем дакладна і тое, што хацеў сказаць сам Сцяпан, калі бязгучна, сціснуўшы анучай зубы, спакойна рэзаў сабе горла… Людміла Гладкая з «СБ» аператыўна назвала ўсё гэта «шоу»... Не, Людміла, гэта не шоу. Гэта крык. Так бывае, калі крычыш без асаблівага спадзеву, што цябе пачуюць, але крычыш. Бо не можаш інакш.

І гэты крывавы вокліч адрасаваны не суддзям, міліцыі ці ўладам… Ён адрасаваны нам. Каб кожны раз, калі мы пачынаем баяцца ці зноўку рабіць нашу хату крайняй, зноў і зноў узгадвалі гэты вокліч. Сцяпан не мог зрабіць большага, седзячы ў клетцы. Затое гэтае большае можам зрабіць мы.

Вікторыя Чаплева, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]