Беларускамоўны таксіст — пра сябе, пасажыраў і размовы ў салоне.
Калі па яго прадпрыемстве ўдарыў крызіс, Сяржук Чайка рашыўся на эксперымент — пайсці таксаваць. Хлопцу, які заўсёды гаворыць па-беларуску, было цікава паглядзець, як такога кіроўцу ўспрымуць пасажыры. І заадно зрабіць выклік інтраверту ў сабе. Пра свой вопыт ён распавёў «Нашай Ніве».
«З 30 чалавек у калектыве нас засталося 5—6»
На інтэрв’ю Сяржук прыходзіць у касцюме.
«Я не кожны дзень так адзяваюся, звычайна на святы — 8 Сакавіка, Дзень Волі. Пасажыры здзіўляюцца: «Даўно не бачылі кіроўцу ў пінжаку». У службе, дзе я працую, ёсць пэўны дрэс-код — мы не можам апранаць спартыўкі, футболкі, байкі. На лета можна пола або кашулю з кароткім рукавом.
Я аднойчы падвозіў таксіста убера, які ездзіць у тарыфе павышанага камфорту, і ён скардзіўся: «Класна, што чаявыя пакідаюць, але дрэс-код не магу цярпець».
Фото: «Наша Ніва»Сяржук з Ліды, яму 33 гады. Скончыў каледж па спецыяльнасці «тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў», пасля завочна вучыўся ў БНТУ.
«Калі ў каледжы нас пачалі вучыць па падручніках 1980-х гадоў і машынах Савецкага Саюза, зразумеў, што толку ад гэтай адукацыі малавата. Адзіны бонус — давалі бясплатна вадзіцельскае пасведчанне», — згадвае ён.
Хлопец працаваў канструктарам на Лідсельмашы, аператарам лазернага станка на мінскіх прыватных прадпрыемствах па металаапрацоўцы. А потым здарыўся 2020 год з каранавірусам і крызісам.
«З 30 чалавек у калектыве нас засталося 5—6. Я прыходзіў перыядычна падпрацоўваць, потым мае грашовыя запасы пачалі заканчвацца, і трэба было аператыўна шукаць нешта. Першае, што выдала з вакансій, — кіроўца таксі. Насамрэч я даўно пра гэта думаў, але не рашаўся. Мне было цікава паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі, як вопыт. Таму калі так склаліся жыццёвыя абставіны, я моцна не раздумваў».
Фото: «Наша Ніва»Так з сакавіка Сяржук аказаўся ў службе таксі. Змена ў яго звычайна доўжыцца 9—10 гадзін — гэта 17—20 паездак.
«Сёння былі доўгія паездкі, па паўтары гадзіны. У мяне была паездка з мікрараёна Лебядзіны на вуліцу Усходнюю, потым назад, потым зноў туды і назад. Жанчына рабіла рамонт, і ёй трэба было ўзяць у краме ўзоры колеру, прыехаць дадому падабраць і забраць патрэбную фарбу», — расказвае хлопец.
Самую шчодрую катэгорыю пасажыраў яму складана назваць. У сярэднім на гасцінец пакідаюць рублёў 5 на дзень, але бываюць ўдалыя дні, калі атрымліваецца і 30 рублёў.
Фото: «Наша Ніва»«Нам як кіроўцам таксі можна не прышпільвацца, — заўважае Сяржук. — Падазраю, што гэта звязана з мінулым, калі прафесія была небяспечнай і ў экстраных выпадках можна было хутка збегчы. Я прышпільваюся. Можна лічыць сябе богам кіравання, але калі нехта выскачыць перад табой альбо прыляціць з сустрэчнай, не дапамогуць ніякія скілы, а рэмень уратуе».
«На хлопца, які ездзіў у рускамоўную школу, глядзелі, як на іншапланетніка»
У роднай Лідзе хлопец хадзіў у беларускамоўную школу. Згадвае, што тады гэта было мэйнстрымам:
«У той час, калі я вучыўся, у нас было 15 школ і адна гімназія, з іх 9 — беларускамоўныя. Я жыў у новым мікрараёне, дзе былі дзве беларускамоўныя школы. Неяк у наш двор пераехалі новыя суседзі, і сына адправілі вучыцца ў рускамоўную школу ў іншы раён. Мы на яго глядзелі, як на іншапланецяніна: навошта?
У каледжы было некамфортна: мы заканчвалі школьную праграму па-руску. Калі ты прызвычаіўся, што ў матэматыцы ёсць лічнік і назоўнік у дробах, то потым зразумець, дзе «числитель» і «знаменатель» не проста.
Фото: «Наша Ніва»На першых курсах каледжа я пачаў улівацца ў грамадска-палітычнае жыццё — Таварыства беларускай мовы, Малады фронт. Якраз здарыліся выбары 2006 года, мы там крыху паагітавалі. У той год мяне хацелі выключыць з каледжа. Тады быў артыкул 193 частка 1 — дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Па ім завялі справу на Дашкевіча, нас выклікалі як сведак.
У мяне не ўкладалася ў галаве — я ж не за Кітай, Амерыку ці Расію, чаму я вораг? Спачытку дапытваў КДБ, потым справу перадалі пракуратуры. І там супрацоўнік, замест таго каб набраць мой асабісты нумар, патэлефанаваў адразу ў каледж. Дырэктар вельмі спужаўся і, нават не разбіраючыся, гатовы быў адразу адлічыць.
А я дагэтуль якраз у Мінск на 25 Сакавіка ездзіў і засвяціўся ў рэпартажы НТВ. Думаў: на гэтым маё навучанне — усё. Але ідэолаг у каледжы аказаўся адэкватным чалавекам. Нягледзячы на тое, што ў яго былі супрацьлеглыя погляды, ён пагадзіўся, што я маю права на свае перакананні, і паабяцаў, што не дасць, каб мяне выгналі. Гэта было дзіўна на той момант».
Фото: «Наша Ніва»Бацькі актыўнасць сына-падлетка не ўхвалялі.
«Не таму, што не раздзялілі мае погляды. Маці баялася, што ў мяне могуць быць праблемы», — тлумачыць ён.
«Па інструкцыі мы не павінны заводзіць размовы пра палітыку»
Калі Сяржук ішоў у таксісты, меў тры інтарэсы — пераадолець інтраверта ў сабе, палепшыць сваё веданне горада і паглядзець рэакцыю на беларускую мову. Адзначае, што размаўляе ён не з усімі пасажырамі — у службе прынята, што размовы пачынае кліент (раптам яму хочацца ехаць у цішы).
«Большасць на беларускую мову рэагуе пазітыўна. Тыя, каму падабаецца, будуць асыпаць цябе кампліментамі. Ёсць тыя, хто здзіўляецца. Тых, каму не падабаецца беларуская мова, вельмі мала. У мяне больш за 700 паездак, і такіх было чалавек 5. Яны прасілі па-руску гаварыць. Я тады прапаноўваў: давайце буду па-беларуску, калі штосьці незразумела — буду тлумачыць. У прынцыпе на гэтым прэтэнзіі сканчваюцца.
Фото: «Наша Ніва»Непаразумення не ўзнікала. Я стараюся падбіраць варыянты слоў больш звыклыя: напрыклад, казаць не ровар, а веласіпед. Мне здаецца, галоўнае — каб сам чалавек не ставіў сабе бар’ер і хацеў цябе зразумець.
Аднойчы падвозіў вядомага скульптара Івана Міско. Ён бедаваў, што раней заўсёды размаўляў па-беларуску, а пасля, як у войску паслужыў у Забайкаллі, радзей стаў».
Для тых, хто хацеў бы пашыраць беларускамоўную прастору, у Сержука ёсць некалькі простых парадаў. Напрыклад, карыстацца хаця б мінімумам словаў па-беларуску, якія ведаеш, — «дзякуй», «калі ласка», «прабачце». Можна абіраць родную мову ў інтэрфэйсе сваіх гаджэтаў. І не саромецца памылак.
«Як казаў спадар Трусаў: не ведаеце беларускай мовы — лупіце на трасянцы», — усміхаецца Сяржук.
Фото: «Наша Ніва»На флэшцы ў хлопца — падборка лёгкай музыкі. Сярод іншага там ёсць песні Лявона Вольскага, «Крамбамбулі», Akute, Nizkiz. Кажа, наконт музыкі ніхто з пасажыраў яшчэ не скардзіўся.
Кліенты часта спрабуюць завесці размовы пра палітыку.
«Але па інструкцыі мы павінны або адмаўчацца ў такім выпадку, або перавесці размову ў іншы кірунак, — адзначае Сяржук. — З таго, што я заўважыў: тых, хто падтрымлівае гэты рэжым, вельмі мала. Шмат людзей сталага ўзросту выступаюць за перамены, што мяне здзівіла».
У вольны час хлопец вандруе па Беларусі, цікавіцца ўрбаністыкай і вырабляе свяцільнікі ў стылі лофт.
Высновы, якія ён зрабіў за гэтыя месяцы працы таксістам, пазітыўныя.
«Раней у мяне складалася меркаванне, што людзі не гатовы да беларускай мовы. Калі я ішоў у таксі, баяўся, што будзе шмат негатыву, непаразумення. Але, на шчасце, усё склалася інакш. Думаю, вялікая заслуга тут ёсць і падзей, якія адбыліся пасля выбараў. Людзі звярнулі ўвагу, што ёсць самаідэнтычнасць народу, і мова адзін з асноўных паказчыкаў самаідэнтычнасці».
Фото: «Наша Ніва»