Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як у Берасьці судзяць актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк

07.06.2021 политика
Як у Берасьці судзяць актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк

Гэты працэс увойдзе ў гісторыю Беларусі.

7 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця пачаўся суд над берасьцейскай актывісткай «Еўрапейскай Беларусі», маці 2 малалетніх сыноў Палінай Шарэндай-Панасюк. Рэпартаж «Радыё Свабода» з судовай залі.

Жанчыну абвінавачваюць у гвалце ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі, абразе Лукашэнкі і іншых службовых асобаў.

У залю трапілі ня ўсе

У суд падтрымаць Паліну прыйшлі больш за 25 чалавек. Сярод іх яе муж Андрэй Шарэнда, які з 31 траўня знаходзіцца пад хатнім арыштам, маці Паліны, родныя і знаёмыя. Аднак ня ўсе зь іх змаглі трапіць у судовую залю.

«Мы хочам проста падтрымаць Палінку. Чаго ж ад гэтага «суду» мы можам чакаць? Проста хочам яе ўбачыць праз амаль паўгода, — кажа блізкая знаёмая сям’і Зоя Георгіеўна. — Яна прынцыпова нічога не прызнае, робіць усё, што лічыць патрэбным. А такіх людзей, якія хоць трохі выбіваюцца з гэтай шэрай масы, іх жа «стрыгуць наўпрост».

Маці Паліны Вера Фёдараўна хвалюецца перад пачаткам суду:

«Гэты суд — чыстая фармальнасьць. Усё ўжо вырашана. Як пракурор скажа, так і будзе, — кажа Вера Фёдараўна. — Я ў шоку. Гэта ўсё, што я магу сказаць».

Жанчына прызналася, што ў яе да гэтага часу стаіць перад вачыма затрыманьне дачкі.

«Не магу забыць. Памятаю, як Паліна патэлефанавала мне а 15 гадзіне: „Мама, прыяжджай па Сташыка, а то мяне забіраюць“. Я прыехала, убачыла — выбітыя дзьверы, куча народу ў калідоры. Чалавек 10 сілавікоў. Я схапіла дзіця і паставіла да акенца, каб ён туды глядзеў, — успамінае Вера Фёдараўна. — Паліна басанож стаіць у хатняй кашулі. Рукі перавязаныя, усе чырвоныя. Яе трымаюць сьцяжкамі плястмасавымі, каб яна не адбегла нікуды. Яны ўсе ў масках, у форме. Што ўразіла, дык гэта, калі яны папрасілі ўсіх выйсьці, дык вывелі яе ледзь не басанож на калідор. Я кажу: вы хоць куртку ёй дайце. А яны: „Дык цёпла ж“. Ну і забралі».

На працэс прыйшлі і прапагандысты БТ, яны настойліва задавалі пытаньні Андрэю Шарэнду, нягледзячы на яго адмову даваць камэнтары.

Прысутным у судовай залі загадалі адключыць тэлефоны, не запісваць аўдыё.

Пачатак допыту

Працэс вёў судзьдзя Яўген Брэган.

— Абвінавачаная, устаньце, калі ласка, — зьвяртаецца да Паліны судзьдзя.

— Я перад бандытамі не ўстаю.

— Я вам яшчэ раз тлумачу, што на судовым пасяджэньні паказаньні вы павінны даваць стоячы. Гэта вам зразумела? За парушэньне парадку вы можаце быць выдаленыя з залі... Імя вашае і год нараджэньня... — судзьдзя задае пытаньні падсуднай. — Пад вартай па гэтай крымінальнай справе зь якога чысла знаходзіцеся?

— З трэцяга студзеня

— Ці з шостага?

— Захоплена ў палон трэцяга студзеня, — адказвае Паліна.

Судзьдзя некалькі разоў зноў просіць яе ўстаць.

— Копію пастановы пракурора аб перадачы крымінальнай справы для накіраваньня ў суд атрымлівалі?

— Ведаеце, я вашымі бандыцкімі паперамі асабліва не цікаўлюся. Усе гэтыя паперы будуць перададзеныя міжнароднаму трыбуналу па зьвяржэньні «лукашызму», — адказвае Паліна.

— Вам зразумелыя правы і абавязкі?

— Я вас не лічу судзьдзёй.

Адвод судзьдзі

— Абвінавачаная, устаньце, калі ласка, — зноў праз час зьвяртаецца да Паліны судзьдзя. — Тлумачу вам, што вы можаце заявіць адвод судзьдзі.

— Вы не судзьдзя.

— Не давяраеце разглядаць крымінальную справу?

— У Беларусі магчыма толькі адна крымінальная справа — па факце незаконнага захопу ўлады, — кажа Паліна.

— Устаньце, калі ласка, — перабівае абвінавачаную судзьдзя. — Вы асабіста заяўляеце адвод суду?

— У Беларусі няма судоў. Пасьля 1995 і 1996 гадоў быў праведзены дзяржаўны пераварот на чале з Лукашэнкам. Цяпер няма ніводнай легітымнай структуры, няма легітымнага заканадаўства, парлямэнту, у тым ліку і суду.

— Вы заяўляеце адвод? Устаньце!

Паліна нарэшце падымаецца з лавы.

— Я ўстаю толькі таму, што мне быў прычынены гвалт. Яго прычынялі ў СІЗА, ператвораным у прыватную турму Лукашэнкі. Гвалт прымяняецца практычна да ўсіх палітвязьняў.

— Я вас пра іншае пытаюся, — уздыхаючы, чарговы раз задае пытаньне судзьдзя.

— Вы ня суд. Можаце назвацца сталінскай тройкай, як заўгодна. Але вы не легітымны суд. І больш мяне не пытайце.

— Гэта значыць, асабіста мне вы заяўляеце адвод? У сувязі з чым?

— Я заяўляю адвод сыстэме і вам як прадстаўніку гэтай сыстэмы.

Пасьля такой дыскусіі судзьдзя пайшоў у пакой для нарадаў. Пасьля чаго вярнуўся і прызнаў адвод сабе неабгрунтаваным.

Допыт пацярпелых сілавікоў

Судзьдзя задаваў таксама пытаньні пацярпелым супрацоўнікам РАУС. Большасьць зь іх прысутнічала ў залі суду. Адзін, супрацоўнік АМАП, прысутнічаў дыстанцыйна і адказваў на пытаньні зьмененым голасам.

Сярод пацярпелых былі тыя, хто прысутнічаў пры затрыманьні Андрэя Шарэнды і стаў героем згаданага раней відэафайла, выкладзенага ў сеціве, а таксама тыя, хто непасрэдна быў пры затрыманьні Паліны. Усе яны падкрэсьлівалі, што падсудная нэгатыўна выказвалася ў іх бок, выкарыстоўваючы, сярод іншага, такія словы, як «лукашысты», «фашысты».

З аднаго зь сілавікоў падчас правядзеньня агляду яна нібыта сарвала маску, амапаўцу Кірылаву, які прысутнічаў праз аўдыёсувязь, Паліна плюнула ў твар. Ён запатрабаваў ад Паліны таксама кампэнсаваць маральную шкоду ў памеры 2000 рублёў. Яшчэ двое сілавікоў запрасілі па 1500. Па словах аднаго зь іх, на працягу ўсіх гадоў службы так, як Паліна, яго ніхто ніколі не абражаў.

Перад апытаньнем пацярпелых адвакат Паліны хадайнічаў, каб ягонай падабароннай зьмянілі меру стрыманьня — з заключэньня пад варту на падпіску аб нявыезьдзе. Але судзьдзя адмовіў.

— Іншыя хадайніцтвы ёсьць? Абвінавачаная, у вас?

— Я з бандытамі не размаўляю, — адказала Паліна.

Што сказаў пракурор

Пракурор зачытаў абвінавачаньне. Дзяржабвінаваўца згадаў, сярод іншага, відэафайл, апублікаваны ў тэлеграм-канале «Брест: Слухи и факты», у якім, паводле ягоных слоў, утрымліваліся абразьлівыя выказваньні ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прадстаўнікоў улады.

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Паліна таксама зьдзейсьніла гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, сарвала маску, нанесла цялесныя пашкоджаньні, выказала ў адрас прэзыдэнта словы, якія супярэчаць чалавечай маралі.

— Ці зразумелыя вам прадʼяўленыя абвінавачаньні? — спытаў судзьдзя.

— Гэта не абвінавачаньне, а палітычна матываванае злачынства, — сказала Паліна.

Пасьля чаго дадала:

— Толькі народ — крыніца законнай улады. Ні фальшывыя пратаколы галасаваньня, ні тысячы дубінак, нічога з гэтага не дае вам права на кіраваньне дзяржавай. У жніўні 2020 году народ Беларусі выбраў кіраўніком дзяржавы Сьвятлану Ціханоўскую. А тыя, хто мае дачыненьне да злачыннага захопу ўлады, паводле азначэньня зьяўляюцца бандытамі і саўдзельнікамі крымінальнага злачынства.

— Па прадʼяўленым абвінавачаньні вам усё зразумела? — перабівае судзьдзя.

— Гэта палітычны перасьлед. Я не магу быць вінаватай ці невінаватай.

— Значыць, вінаватай вы сябе не прызнаяце, я вас правільна зразумеў?

— А вы сябе прызнаеце вінаватым?

— Пытаньні суду не задаюць, — адказаў Брэган.

— Вы ўдзельнічаеце ў палітычных рэпрэсіях, — сказала судзьдзі Паліна.

— Пытаньне здымаецца.

— Не, пытаньне не здымаецца, — голасна кажа Паліна. — Пытаньне фальсыфікацыі выбараў яшчэ не закрыта. Яно будзе закрыта тады, калі Лукашэнка будзе адхілены ад улады і над усімі, хто бярэ ўдзел у гэтых дурных працэсах, тых, хто зьдзекуецца зь людзей, аддае злачынныя загады, пройдуць сапраўдныя суды. Вось тады гэтае пытаньне будзе закрытае. Гэты судовы працэс мае ролю хоць бы ў тым, што нам вядомыя ўсе імёны і прозьвішчы гэтых людзей, і потым ніхто ня скажа, што яны ня бралі ўдзелу, што яны ні пры чым. Называйце вашыя імёны і званьні, — зьвяртаецца яна, павярнуўшыся тварам да сілавікоў, якія сядзяць у першым шэрагу. — І вы ўсе панесяце адказнасьць. Вы яшчэ самі не разумееце, ува што вы ўляпаліся. Гэтае кляймо застанецца з вамі на ўсё жыцьцё.

Як і за што перасьледуюць берасьцейскую актывістку

Паліна Шарэнда-Панасюк пад вартай з 3 студзеня.

23 лютага зь берасьцейскага СІЗА актывістку накіравалі на мэдычную экспэртызу ў псыхіятрычную лякарню ў Навінках пад Менскам. Тады на працягу 9-дзённага «этапу» жанчына правяла некалькі дзён у баранавіцкім СІЗА № 6 і ў менскім СІЗА № 1.

4 траўня Паліне выставілі абвінавачаньне адразу па трох крымінальных артыкулах — 368 КК (абраза прэзыдэнта), 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 364 КК (пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі).

3 студзеня 2021 году ў доме Шарэндаў адбыўся ператрус. Муж Паліны Андрэй лічыць, што гэта была загадзя сплянаваная правакацыя, каб затрымаць Паліну. Па яго словах, супрацоўнікі міліцыі адразу пачалі грукаць у дзьверы. У хаце была Паліна з малодшым сынам (Андрэй у той момант адбываў адміністрацыйны арышт. — РС). Празь некалькі хвілін прыйшлі амапаўцы і пачалі молатам выбіваць дзьверы. Па словах Андрэя, Паліна, як кожная маці, хацела абараніць дзіця, таму старалася не прапусьціць міліцыянтаў у калідор. Патрабавала, каб яны зьнялі маскі. Яны ж паспрабавалі яе адштурхнуць. Пасьля інцыдэнту супраць Паліны распачалі крымінальную справу паводле артыкула 364 («Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

Паліну Шарэнду-Панасюк тры разы цягам 1,5 месяца зьмяшчалі ў карцар Берасьцейскага сьледчага ізалятара.

Праз адваката актывістка змагла перадаць, што ў СІЗА на яе псыхалягічна і фізычна ціснулі. Раней Паліна ў сваім лісьце ад 24 лютага (карэспандэнцыя як ад Паліны, так і да яе амаль што не даходзіць. — РС) таксама паведаміла пра катаваньні ў Берасьцейскім СІЗА.

Андрэй Шарэнда падкрэсьліваў, што ў СІЗА яго жонку ставілі пад «прэвэнтыўны нагляд» — любое, нават дробнае парушэньне правілаў аўтаматычна магло пацягнуць за сабой пакараньне карцэрам.

Паводле Андрэя, на працягу некаторага часу Паліна не атрымлівала лекаў і вітамінаў. Мэдычны пункт адхіляў яе заявы, пішучы, што ў леках, якіх яна патрабуе, «няма неабходнасьці».

«Існуе рэальная пагроза яе здароўю і нават жыцьцю», — казаў на пачатку траўня Свабодзе Андрэй Шарэнда.

Дзеяньні адміністрацыі СІЗА ў дачыненьні да жонкі ён неаднаразова называў катаваньнямі і своеасаблівай помстай за адмову Паліны супрацоўнічаць са сьледзтвам.

Перасьледуюць і мужа Паліны

Ціск з боку праваахоўных органаў працягваецца ня толькі ў дачыненьні да Паліны Шарэнды. 17 красавіка да яе мужа Андрэя прыйшлі зь ператрусам, забралі ўсю тэхніку. У той дзень супраць Андрэя завялі крымінальную справу паводле артыкула 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь). Як кажа актывіст, пасьля праверкі (паводле Генпракуратуры, прадметам праверкі стала інтэрвію ад 29 сакавіка 2021 году, «у якім ад імя мясцовага актывіста Андрэя Шарэнды зьмяшчаюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, якія публічна абражаюць Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». — РС) артыкул замянілі на 368 КК (абраза прэзыдэнта).

31 траўня Андрэя зноў затрымалі і дапыталі. У той жа дзень увечары яго зьмясьцілі пад хатні арышт (Андрэю забаронена карыстацца тэлефонам, у тым ліку мэсэнджарамі. — РС). Пасьля гэтага праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў актывіста палітзьняволеным. Паліна Шарэнда, у адрозьненьне ад свайго мужа, ня мае гэтага статусу да сёньняшняга дня.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]