Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вольга Севярынец: Калі Францішку прыносяць падарункі, кажу: гэта таму, што тата - герой

08.06.2021 политика
Вольга Севярынец: Калі Францішку прыносяць падарункі, кажу: гэта таму, што тата - герой

Павел Севярынец пастаянна просіць перадаваць вялікую падзяку ўсім, хто яму піша, падтрымлівае і дапамагае сям'і.

Магілёўскі абласны суд 25 траўня пакараў палітзняволенага хрысціянскага дэмакрата Паўла Севярынца сямю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля суда родныя ўпершыню за год змаглі ўбачыцца з ім на спатканні.

Жонка Паўла Вольга Севярынец распавяла «Новаму Часу», як для яе і трохгадовага сына Францішка прайшла першая сустрэча з татам, як яна захоўвае сувязь з мужам і што ён перадае з-за кратаў усім беларусам.

— Многія родныя палітвязняў не хочуць распавядаць пра сваіх блізкіх, якія аказаліся за кратамі, баючыся ім нашкодзіць. Вы ж, наадварот, заўсёды імкнецеся да агалоскі. Чаму гэта важна?

— Пра агалоску мне падчас сустрэчы сказаў сам Павел. Але гэтая інфармацыя тычыцца канкрэтна яго: ён вядомы, пра яго заўсёды гавораць, таму, калі пра яго пішуць, тым у большай бяспецы ён пачуваецца. Ён сказаў: «Чым больш пра мяне гавораць, тым акуратней да мяне ставяцца». Звычайна родныя палітвязняў пачынаюць біць ва ўсе званы, калі іх сваяка кідаюць у карцар ці ў яго пачынае пагаршацца здароўе. Але не трэба чакаць крайняй ступені, не трэба баяцца агалоскі. І родныя павінны зразумець, што гэта толькі ад іх залежыць. Варта звяртацца да СМІ, праводзіць флэшмобы, крэатывіць — рабіць усё, на што толькі хопіць фантазіі, і рабіць гэта пастаянна. Асабліва гэта важна, калі адбываецца этап у новую турму ці калонію, бо яны там усе роўныя, ніхто не разбіраецца — Севярынец гэта ці забойца, які сядзіць ужо не першы раз. Гэта нам здаецца, што пра нашых родных усе ўсё ведаюць, а па факце гэта не так.

Яшчэ Павел сказаў, што Вітольд Ашурак, магчыма, уратаваў жыцці некаторых людзей, бо пасля яго смерці да зняволеных сталі ставіцца па-іншаму.

Іншае стаўленне з’яўляецца і тады, калі вязня часта наведвае адвакат. Калі ў турме бачаць, што чалавек, так бы мовіць, пад кантролем, ён важны, яму пішуць лісты, дасылаюць бандэролі, ходзіць адвакат — да яго ставяцца акуратней. Нават калі я хаджу каля турмы, спрабую размаўляць з супрацоўнікамі — яны бачаць, што за чалавекам стаіць сям’я, як кажа Ганна (Ганна Севярынец, сястра Паўла Севярынца), «людзі, якія ад іх адрозніваюцца». Таму нам трэба імкнуцца быць максімальна інтэлігентнымі.

— Нядаўна ты ўпершыню амаль за год убачыла мужа. Як прайшло першае спатканне?

— Мы хадзілі з Францішкам. У мяне было шмат пачуццяў, якія я так і не змагла сабраць разам, бо трэба было не забыцца нічога расказаць, перажывала, як дзіця вытрымае дзве гадзіны ў закрытым памяшканні, сам Паша быў трывожны, бо перад спатканнем у яго забралі паперку, дзе ён занатаваў тое, пра што хацеў сказаць. Але Францішак паспеў з ім праз слухаўку пра нешта паразмаўляць — я нават не ведаю, пра што, бо там такая слухаўка, у якую можа гаварыць толькі адзін чалавек. Але цікава: пасля гэтай сустрэчы Францішак пачаў прыносіць і дарыць мне кветкі. Я спытала: «Цябе няня гэтаму навучыла?» Ён кажа: «Не». — «А хто? Тата?» — «Так».

Францішак вельмі добра ўспрыняў тату. Ён спачатку засаромеўся, апусціў галаву, але было бачна, што ён узрадваўся, хацеў пайсці да яго на рукі. Ён не забыў тату, не спужаўся гэтай абстаноўкі, паводзіў сябе спакойна — здаецца, Францішак таксама баец (усміхаецца). Але мы доўга яго да гэтага рыхтавалі. Я прагаворвала ўсё, што там будзе: дзядзі ў форме, будуць мераць тэмпературу, будуць краты і шкло, мы праз трубачку будзем з татам гаварыць. Адказвала на пытанні, якія ён задаваў, але не казала нічога звыш. Прагаворвала, як мы паедзем, як зойдзем, дзе сядзем, што будзем есці. Я думаю, трэба інтуітыўна адчуваць і, калі дзіця не хоча, лепш яго не весці. Але я разумела, што і для Пашы вельмі важна было пабачыць яго, бо калі ён сыйшоў, Францішак яшчэ не гаварыў, а цяпер ён цалкам размаўляе.

Напрыканцы быў шчымлівы момант, калі канваір прыйшоў нас забіраць, бо скончыўся час, і я сказала Францішку, што мы пойдзем. А ён здзівіўся і кажа: «Я хачу, каб тата са мной пайшоў на вуліцу». Я сказала, што тата не можа пайсці з намі, а ён спытаў: «Чаму?» І гэты канваір стаяў і глядзеў на нас, і я думаю: ці пераварочваецца нешта ў яго сэрцы?..

Францішак узгадваў гэтую сустрэчу, падарункі, якія мы дарылі яму ад таты. Але пасля гэтага ён пачаў гуляць у турму: цягне людзей у пакой, зачыняе дзверы і гаворыць, што яны ў турме, таму іх не выпусцяць. Гэта трывожны званок для мяне, трэба думаць, што з гэтым рабіць.

— Год для трохгадовага дзіцяці — гэта шмат. Як ты падтрымліваеш яго сувязь з татам, пакуль яго няма?

— Кантакт з Паўлам у яго не згублены — мы ўвесь час пішам яму лісты, нешта малюем, молімся. Калі я хаджу правяраць, ці прыйшоў ліст, Францішак стаіць у калідоры і чакае: «Ну што?» Калі Францішак бачыць, што я сумую, падыходзіць і кажа: «Мама, давай памолімся за тату». Часам ён просіць напісаць ліст тату, сядае чамусьці за кампутар. Я ў яго распытваю, што напісаць пра яго, чаму ён навучыўся. Часам Францішак сам прапануе што-небудзь тату намаляваць. Ён малюе, потым кладзе малюнак у канверт, адрывае паласу і нясе закідваць у скрыню. Гэта для яго цэлая падзея.

Мы пастаянна глядзім відэа з Пашам, я ўвесь час пра яго штосьці расказваю, зачытваю кавалкі лістоў, адрасаваныя сыну. Цяпер у яго гульня «Раскажы, што будзе, калі тата вернецца». Бо Паша там такой яму панаабяцаў прыгажосці! Жартуе: «Калі мы паедзем у Норку». Норка — гэта родавая Пашава вёска Унорыца. Там і рака, і зоркі, і гамак, і летні домік з камінам, і машынкі…

Калі прыносяць Францішку падарункі, я заўжды падкрэсліваю, што гэта таму, што яго тату любяць і ён — герой.

Францішак расце і я бачу, як ён патрабуе тату. Калі ён глядзіць на нашы фотаздымкі, ён кажа «мама» і — з іншай эмоцыяй — «тата». Гэта проста душу рве.

— Што Павел перадаў з-за кратаў беларусам?

— Ён пастаянна просіць перадаваць вялікую падзяку ўсім, хто яму піша, падтрымлівае і дапамагае сям'і. Ён вельмі перажывае, што я без яго ці што ў бацькоў не хапае грошай. Бачна, што ён вядзе над сабой унутраную працу. Напісаў прабачальныя лісты тым людзям, якіх недзе пакрыўдзіў. Кажа, што, калі абстрагавацца, у турме таксама адбываецца шмат светлага, але трэба быць вельмі адкрытым да розных знакаў і падзей. Але бачна, што яму там цяжка. Вось ён сядзіць перад табой, здаецца, твой родны муж, а калі вобразна апісаць, за ім навісае штосьці, што часткова трымае яго там.

Павел увесь час пытаецца, што кажуць цэрквы, як ідзе малітва за Беларусь. Бо ў яго ёсць такое адкрыццё: пакуль не выкажуцца цэрквы — нічога не будзе. Ён кажа, што гэта вельмі важна, царква павінна даваць прыклад. Цяпер хрысціяне жывуць так, нібыта нічога не адбываецца, зусім нямногія цэрквы выказваюцца. Падбіраюць словы: як бы гэта памаліцца за Беларусь, каб нікога не пакрыўдзіць. Але так быць не павінна, ты ж у сэрцы адчуваеш, за што трэба маліцца.

Павел распавядаў прыгожую гісторыю пра малітву. На судовым пасяджэнні ён кажа тым, хто праходзіў з ім па адной справе: давайце памолімся. А там былі розныя людзі, збольшага няверуючыя. Але гэта ж Севярынец! Тады ішоў дождж, а на момант, калі яны сталі маліцца, узышло сонца. Як толькі скончылі маліцца — зноў пайшоў дождж. І ўсе яму кажуць: «Паша, як ты гэта зрабіў?» А Паша кажа: «А гэта не я». У яго было адкрыццё, што мы дойдзем да такога моманту, калі застанецца малітва — і больш нічога. Таму трэба маліцца, у Беларусі павінна быць вялікае пакаянне. Паша па лістах бачыць, што Госпад працуе з сэрцамі, ён кажа, што гэта велізарныя зрухі, якія не могуць адбыцца хутка.

— Як патлумачыць звычайным людзям, якія, можа, нават за Лукашэнку ніколі не галасавалі, што яны павінны пакаяцца? У чым?

— Пра пакаянне сказана вельмі шмат, але ты адказваеш толькі за сябе. Таму каяцца трэба кожнаму ў тым, у чым ён бачыць патрэбу. Нават калі мы не галасавалі за Лукашэнку — мы ж яго самі выгадавалі, мы вінаватыя. Трэба каяцца ў тым, што нават цяпер, калі забіваюць чалавека, мы не можам нешта зрабіць. Каяцца заўсёды ёсць за што. За быццё Курапатаў. За няведанне мовы, гісторыі. Мы збольшага не ведаем, за што змагаемся.

— Давай вернемся да вашых з Паўлам стасункаў. Вы амаль год не бачыліся, як атрымліваецца захоўваць кантакт адно з адным?

— Пакуль мы не пабачыліся, я не ведала, у якія гадзіны ён моліцца. Але часам я гэта нават фізічна адчувала. Бывала, мне ўвечары кепска — а потым як рукой зняло. Калі я ў яго спытала, аказалася, што ён моліцца ў гэтыя гадзіны. І цяпер я таксама малюся тут, калі ён моліцца там.

У адным лісце я нават пісала яму, што баюся, што мы згубім сувязь, бо, як бы там ні было, каб выжыць, ты павінен абстрагавацца. Таму я стараюся не накручваць свае думкі аб тым, што я яго кахаю, а яго няма. Я частку сваіх пачуццяў як бы замарожваю і думаю, што мне трэба зрабіць, каб яму дапамагчы.

Але ён адказаў, што ў яго і блізка няма такога адчування, што мы губляем сувязь, бо, па-першае, ён за нас моліцца, а па-другое — дзівоснае дзіва — мы яму снімся амаль праз дзень. Прычым сны такія яркія, вобразныя, каляровыя, дзе мы разам гуляем, ці падарожнічаем на нейкіх караблях. Ён кажа, што заўсёды перад днём, калі ён абдумвае ліст да нас, мы яму снімся.

Маё жыццё цяпер, асабліва пасля сустрэчы, выглядае так, што ўсе мае планы і справы — бізнес, вучоба — адсунутыя далёка, бо я разумею што гэта мне спакою не дасць. Як пажартавала Ганна, я працую жонкай палітвязня. Яго справы, кнігі займаюць каласальную колькасць часу.

Пра той час, калі ён вызваліцца, цяпер нават няма гаворкі — галоўнае, каб ён увогуле вярнуўся.

— На тваю думку, што Паўлу дае сілы не толькі самому трымацца, але і натхняць тых, хто па іншы бок кратаў?

— Паколькі ён верыць у Бога, у яго крыху іншы погляд на падзеі, якія адбываюцца. Ён мяркуе так: мяне Госпад сюды паставіў, значыць, я для чагосьці тут патрэбны. Па-другое, па характары ён вельмі цярплівы. Дакладней, упарты, але за гады адсідак ён сваю ўпартасць навучыўся перафармоўваць у цярплівасць. А яшчэ ён не прывык нікога напружваць сваімі праблемамі, ён нават мне ў лістах не скажа, што яму нешта трэба. Яшчэ адна яго рыса: калі ён бачыць нейкую несправядлівасць ці што камусьці патрэбная дапамога, ён не можа прайсці міма.

— Які ў яго стан здароўя?

— Калі адным словам, я так разумею, цярпіма. Але пасля Акрэсціна ў яго застуджаныя суставы. Неяк у матулі ён прасіў цёплую бялізну — я не ведаю, з чым гэта звязана. У Пашы і раней былі хранічныя галаўныя болі, і цяпер яму баліць галава. Таблеткі ён стараецца не піць, дый там, відаць, справа ў тым, што ён у пастаяннай напрузе. Яны там нават спяць згрупіраваўшыся, каб у любы момант падскочыць і кудысьці адправіцца. У яго пацямнеў твар, бо там мала паветра. Турма, канешне, здароўя нікому не дадае.

— Перадаеш яму нешта асаблівае ў перадачах?

— Калі была магчымасць, на Акрэсціна мы перадавалі яму свежыя асобнікі яго кніг, каб ён хоць у руках мог іх патрымаць. Паша ўвогуле не любіць, каб былі лішнія рэчы, таму падтрымаць яго можна хіба што праз ежу, але і тут ён дастаткова стрыманы, больш радасці яму прынясе, калі перадача будзе сабраная па спісе. На гадавіну яго пакаяння я перадавала яму пернікі з цытатай «Няхай не сумняваецца сэрца вашае», і для яго гэта сталася цудам.

— Як цяпер справы з ліставаннем?

— У Магілёве горш. На «Валадарцы» яму прыходзіла 50-60 лістоў на тыдзень, а ў Магілёве аддаюць 10-15 разам з лістамі ад родных. Родным таксама лісты ідуць кепска, вельмі марудна. Таму мы пішам тэлеграмы. А так за ўвесь час ад яго прыйшло больш за 100 лістоў. Таксама ён падкрэслівае, што на ўсе лісты, якія да яго даходзяць, ён адказвае, але ў Магілёве перапіску ўскладняе яшчэ і тое, што ліст можа дайсці, але адказ на яго не выпусцяць.

— Як змянілася тваё жыццё за гэты год, што Павел за кратамі? Ці час проста замёр?

— Першы час, сапраўды, я жыла ў чаканні, што Паша выйдзе — і пачнецца жыццё. Але цяпер я бачу, што трэба неяк ад гэтага пазбаўляцца і працягваць жыць, у першую чаргу, дзеля Францішка. Я стараюся, каб у яго за гэты час не было сумных успамінаў.

Многія людзі і Паша гавораць пра тое, што я пасталела за гэты час. Бо гэта добры духоўны рост: ты пастаянна вучышся, працуеш над рысамі свайго характару. Я паставіла сабе мэту, што не буду піць антыдэпрэсанты, буду спраўляцца сама. Да псіхатэрапеўта я таксама не буду хадзіць, бо, па-першае, гэта заняты час, па-другое, капаць трэба вельмі глыбока, і для мяне гэта яшчэ большы выплеск пачуццяў. Таму я працую сама з сабой, сустракаюся з моцнымі духоўна людзьмі, малюся, пастаянна знаходжу для сябе духоўныя апоры, якія кожны раз мяняюцца.

Часам я разумею, што павінна падняцца яшчэ на адну прыступку вышэй, але гэта ў мяне ўжо «не лезе», хочацца, каб нехта мяне ад гэтага пазбавіў. Але я разумею, што ніхто не пазбавіць. Гэта кшталту «Мама, я не хачу ісці ў школу! — Сынок, уставай, ты ж настаўнік!». Але я думаю, што ўсе гэтыя цяжкасці пасля забудуцца, а застанецца толькі тое светлае, што мы робім.

— Ці ўяўляла ты дзень, калі Павел выйдзе?

— Колькі разоў я яго ўяўляла! Для мяне адна з прыемных рэчаў — падумаць, як мы ўбачымся і што пры гэтым будзе. Мне гэта дае палёгку. Цяпер я «прамацваю» ў сабе, што ўва мне адгукаецца, каб угадаць, як гэта будзе. У мяне такое адчуванне, што потым будзе нейкае спусташэнне, бо ўсе пачуцці, якія назапашваюцца ўвесь гэты час, разам не выйдуць. І тады б я, можа, да псіхолага ўжо схадзіла.

Я вельмі доўга ўяўляла спатканне з Паўлам, але калі ты сядзіш сам-насам з чалавекам, здаецца, што няма пра што размаўляць. Бо тое, пра што хацеў сказаць, ужо не такое важнае, яно ўсё прайшло. У мяне сшыткі спісаныя рознымі гісторыямі, якія я хацела яму распавесці. Але гэта ўжо здаецца няважным — ён проста ёсць, і хочацца жыць далей.

— Як цяпер можна падтрымаць Паўла і цябе?

— Мяне можна падтрымаць, падтрымаўшы Паўла. Нас падтрымліваць не трэба — нам ад яго славы і так штосьці перападае: Францішак увесь у падарунках, а мне прыносяць такія букеты, якіх і на вяселлі не было. А Паўла можна падтрымаць, проста памятаючы пра яго, гаворачы, каб яму пісалі, дасылалі тэлеграмы, каб там, дзе ён ёсць, бачылі, што пра яго памятаюць. Маліцца за яго — гэта адзінае, што можа вязняў абараніць.

— Уся ваша сям'я для многіх — прыклад стойкасці. Што вам дае моцы трымацца?

— Тое, што так трэба. Можна кідацца ў роспач — але каму гэта дапаможа? Толькі дзіця нервуецца і ты падрываеш сваё здароўе. Трэба несці свой крыж і дапамагаць яму несці яго. Трэба штосьці рабіць для краіны, бо ўжо не той час, калі можна проста працягваць далей жыць. У сям'і мы неяк адно аднаго падтрымліваем, кожны змагаецца на сваім фронце і ўвесь час можна звярнуцца адно да аднаго па падтрымку. Трэба быць разам і гуртавацца. Мы верым у тое, што ўсё будзе добра, і робім для гэтага ўсё, што можам. Абстрагуемся ад лічбаў, не будуць яны сядзець усе гэтыя гады. Нават тыя 7 гадоў з улікам таго, што ён ужо адседзеў, — засталося 5,5 гадоў, гэта ўжо лягчэй успрымаецца.

— Ты паспяваеш займацца крамай?

— Наша крама цяпер жыве сама сабой, я яе адклала, хаця замовы там пастаянна ёсць і яна ўсё роўна добра працуе. Таму я цяпер шукаю чалавека, які б мог ёю займацца. Трэба рабіць шмат якіх рэчаў: збіраць замовы, сачыць за колькасцю тавараў, займацца распрацоўкай і пошукам вытворчасці, сацсеткамі, сайтам. Гучыць шматфункцыянальна, але я сама рабіла гэта ўсё з нуля і гатовая вучыць. Там працы на 2-3 гадзіны ў дзень, яе можна сумяшчаць з чымсьці іншым, але я шукаю чалавека на сталы час.

— Што яшчэ важна сказаць цяпер пра Паўла?

— Каб пра яго па магчымасці гаварылі і пісалі, а таксама чыталі яго кнігі. На судзе Павел сказаў, што нічога не будзе гаварыць, бо ўсё напісана ў яго кнігах. І для беларусаў цяпер гэта таксама важна.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]