Рэвалюцыйныя падзеі працягваюцца.
Якое месца ў гісторыі краіны зоймуць падзеі 2020 года? Які галоўны ўрок вынеслі беларусы з леташніх падзей і чаму ў нас навучыўся астатні свет? На гэтыя ды іншыя пытанні «Салідарнасці» адказаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.
— Ці можам мы ўжо цяпер даць ацэнку 2020 году — чым ён стаў для Беларусі?
— Безумоўна, 2020 год увойдзе ў гісторыю краіны як ключавая падзея. Нават у параўнанні з падзеямі пачатку 90-х, калі мы здабылі незалежнасць. І з іншымі знакавымі падзеямі ХІХ і ХХ стагоддзяў, калі ўжо можна было казаць пра беларусаў, як пра народ, які фармаваўся ў асобную нацыю.
Веліч гэтых падзеяў, іх значэнне ў тым, што гэтым разам беларускі народ ствараў гісторыю ўпершыню самастойна. Таму, што дагэтуль у часе векапомных і велічных уздымаў — ці то ў паўстаннях ХІХ стагоддзя, ці ў расійскіх рэвалюцыях 1905 і 1917 гадоў, розных войнаў — заўсёды беларускі народ быў аб’ектам, а сама тэрыторыя нашай краіны не была іх цэнтрам, а толькі рэгіянальным варыянтам разгортвання гэтых падзей.
Паўстанне 1863 года для нас было вельмі важнае, але цэнтрам яго сталі польскія тэрыторыі, а тут усё ж была перыферыя. Расійскія рэвалюцыі, цэнтрам якіх былі Масква і Пецярбург, адкуль усё ішло да нас. Самыя розныя акупацыі, войны, у часе каторых нашыя землі хтосьці займаў, а мы потым выжывалі.
У пачатку 90-х было тое самае. Распадаўся СССР, асноўная гісторыя тады рабілася не ў нас, мы сваю незалежнасць атрымалі дзякуючы найперш геапалітычным падзеям.
2020 год — гэта зусім іншая сітуацыя. Вакол нас нічога не адбываецца. Не адбываецца перадусім у Расіі, з якой мы цесна звязаныя. Усё ціха і спакойна. І вось у нас пачынаюцца самастойныя выступленні. Ні з кім не ўзгодненыя. На нас глядзіць увесь свет, на тое, што гісторыя творыцца тут, а не з’яўляецца перыферыйнай падзеяй для кагосьці.
У гэтым я бачу векапомнасць гэтых падзей. У тым, што гэта стварае новую рэальнасць. Што беларусы сфармаваліся, як палітычная нацыя. Нацыя, якая ўсведамляе ўласныя інтарэсы, дзейнічае не на падтанцоўках у кагосьці, а дзейнічае, як самастойны суб’ект, да якога мусяць прыслухоўвацца, зважаць на яго. І глядзець, як на прыклад для астатніх.
— Падзеі 2020-га — гэта рэвалюцыя, бунт, паўстанне? Які тэрмін тут найбольш пасуе?
— Пакуль што тэрмін цяжка падабраць, бо падзеі яшчэ не скончыліся. Ёсць такая пагаворка: «Мятеж не может кончиться удачей, — в противном случае его зовут иначе».
Зрэшты, часам рэвалюцыямі называюць і такія падзеі, што самі па сабе не прыводзяць да зменаў рэжымаў. Самы вядомы ў нашым рэгіёне прыклад — рэвалюцыя 1905 года ў Расіі.
У расійскай і сусветнай гістарыяграфіі гэтая падзея лічыцца рэвалюцыяй, хоць у выніку царскі рэжым тады захаваўся. У той жа час, грамадства тады перажыло значныя змены, краіна пасля гэтага не магла заставацца ранейшай. І таму тая падзея ўспрымаецца як рэвалюцыя.
Я думаю, што і наша падзея можа ў любым выпадку ўспрымацца ў якасці рэвалюцыі, перадусім у духоўным плане. Нават, калі тут у бліжэйшы час не будзе канкрэтнага палітычнага выніку ў выглядзе змены рэжыму, то ў любым разе духоўна наша грамадства перарадзілася.
Многія працэсы, якія ў ім адбываліся гадамі да гэтага, сталі відавочнымі, многае сфармавалася ў працэсе падзей.
Я думаю, што для будучыні Беларусі, для беларускага народа, для нацыі гэтыя падзеі сапраўды рэвалюцыйныя. І ў будучыні 2020 год замацуецца ў нашай гістарыяграфіі як год беларускай рэвалюцыі.
— Размах сённяшніх рэпрэсій наводзіць на паралелі з 1930-мі. Ці слушанае такое параўнанне? Пад якой назвай можа ўвайсці ў гісторыю гэты перыяд?
— Дзеля аб’ектыўнасці, я бы параўноўваў нашу сітуацыю не з падзеямі 30-х, а з пачаткам 80-х у Польшчы. Калі была «Салідарнасць», магутны народны рух, а дзяржаўная ідэалогія знаходзілася ў відавочным крызісе, як і эканоміка. І адзінае, што заставалася ў тагачасных камуністычных уладаў Польшчы — сілавыя структуры і падтрымка магутнага ўсходняга суседа.
І пакуль СССР падтрымліваў камуністычную ўладу ў Польшчы, ёй удавалася кіраваць сітуацыяй. Увядзенне вайсковага становішча на час прыдушыла пратэсты, але любіць ад гэтага ўладу палякі больш не сталі.
У нас фактычна тое самае цяпер адбываецца. І эканамічны крызіс, і ідэйны, і актывізацыя масаў, і ўсходні сусед пры боку з пагрозай умяшання. Таму я думаю, што гэта самы блізкі і адэкватны прыклад для параўнання.
— Які галоўны ўрок ці выснову мы можам вынесці з падзей 2020 года? Ці можна ўжо цяпер напэўна сказаць, чаму вуліца не перамагла летась?
— Поспех любой рэвалюцыі найперш залежыць ад таго, наколькі масавымі будуць выступленні і ці адбудзецца раскол эліт. Першае ў нас адбылося. І ў такіх маштабах, што ўразіла не толькі па нашых унутраных мерках, але і па еўрапейскіх, і нават сусветных, калі браць разам масавасць і працягласць пратэстаў.
Другога ў нас не адбылося. Эліты засталіся вернымі Лукашэнку, адкалоліся адзінкі. Урок з гэтага наступны: былі доўгі час у нас ілюзіі, што вось выйдзе на вуліцы сто, а то і дзвесце тысяч чалавек і гэтага будзе дастаткова, каб сілавікі не сталі разганяць пратэст, а вертыкаль не засталася стаяць пры Лукашэнку.
Аказалася, што гэта зусім не так, што ёсць іншыя фактары. Магчыма, адсутнасць альтэрнатыўнага лідара, на бок якога магла б перайсці частка сілавікоў і вертыкалі, адмовіўшыся падпарадкавацца Лукашэнку, і стала галоўным фактарам.
Я лічу, што гэты фактар — адсутнасць лідара — стаў вызначальным у тым, чаму рэвалюцыя ў мінулым годзе не перамагла і ўсё перайшло ў зацяжную фазу.
— На піку пратэстаў за падзеямі ў Беларусі сачыў увесь свет. Чаму ў беларусаў могуць павучыцца іншыя?
— Удзельнікі выступленняў у іншых аўтарытарных краінах, абапіраючыся на наш досвед, мусяць ведаць, што адной масавасці пратэстаў недастаткова. Павінны быць структуры, гатовыя ўзяць уладу. Гэта базавы момант.
Зрэшты, у кожнай краіне свая ўнікальная сітуацыя. Наш досвед можна ўмоўна прымяніць дзесьці ў іншым месцы. Бо не паўсюль такія кансалідаваныя персаналісцкія рэжымы, не ўсе краіны маюць настолькі выпаленую палітычную альтэрнатыву, дзе няма нават уласнай праўладнай партыі.
Нядаўна Пётр Рудкоўскі праводзіў аналіз: дзе ёсць палітычныя сістэмы, падобныя да нашай. То назваў ён хіба толькі Лівію пры Кадафі.
Наш выпадак дастаткова ўнікальны. Ён можа натхняць, але наўрад ці яго можна прымяніць у якасці ўніверсальнай схемы для любых умоў.
— Муамар Кадафі, якога вы згадалі, у свой час здолеў «перагарнуць старонку» ў адносінах з Захадам, калі прызнаў віну за тэракт над Локербі. Лівія тады выйшла з міжнароднай ізаляцыі, Кадафі пачалі прымаць на Захадзе. Зрэшты, фінал яго быў незайздросны.
Кім увойдзе ў гісторыю Лукашэнка? Ці ўдасца яму хоць на кароткі час перагарнуць тую самую старонку?
— Думаю, што наўрад ці ў яго атрымаецца. Маю на ўвазе, увайсці ў гісторыю кімсьці іншым акрамя як тыранам, які стварыў пекла і ў сябе дома, і замахваўся на міжнародную бяспеку, як у выпадку з пасажырскім самалётам.
Шанец увайсці ў гісторыю станоўчым або, прынамсі, неадназначным персанажам для яго ўжо страчаны. Таму што вось гэты ягоны перыяд агоніі, перыяд безшабашнага тэрору, які апошні год развіваецца і невядома колькі будзе працягвацца, — гэта тое, што і застанецца ў памяці пакаленняў. У памяці людзей, якія, я думаю, у рэшце рэшт перамогуць і будуць пісаць гісторыю.