Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Міхаіл Валовіч: што вядома пра кіраўніка сялянскага паўстання на Слонімшчыне ў 1833 годзе

18.06.2021 общество
Міхаіл Валовіч: што вядома пра кіраўніка сялянскага паўстання на Слонімшчыне ў 1833 годзе

Паўстанцу Міхалу Валовічу – 215 гадоў.

18 чэрвеня спаўняецца 215 гадоў з дня нараджэння філарэта, філамата, удзельніка паўстання 1830—1831 гадоў і ваеннай экспедыцыі Юзафа Заліўскага, кіраўніка сялянскага паўстання на Слонімшчыне ў 1833 годзе Міхала Валовіча (1806-1833), перадае «Радыё Рацыя».

Міхал Валовіч быў са шляхецкага роду Валовічаў сын Казімера, слонімскага падкаморыя. У 1822—1825 гадах навучаўся ў Віленскім унівэрсітэце, быў блізкім да таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, сябраваў з І. Дамейкам, М. Ходзькам і іншымі студэнтамі. Удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстанні ў складзе атраду генерала А. Гелгуда.

У сувязі з паражэннем паўстанцаў мусіў эмігрыраваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Прытрымліваўся радыкальных поглядаў на шляхі сацыяльнай перабудовы грамадства. Галоўнай прычынай нястач і прыгнечання сялянства лічыў буйное абшарніцкае землеўладанне, выступаў за ягоную ліквідацыю, скасаванне прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калектыўную ўласнасць. Выказваўся за абвяшчэнне Літвы дэмакратычнай рэспублікай, звязанай фэдэратыўнымі адносінамі з Польшчай.

Пад уплывам Юзафа Заліўскага Міхал Валовіч вырашыў прыняць удзел у ягонай ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага, каб узняць там (у адрозненне ад папярэдняга) сялянскае паўстанне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. З рашэння Заліўскага ўзначаліў Слонімска-Наваградскую акругу. 19 сакавіка 1833 года паўстанцы перайшлі мяжу Расейскай імперыі і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне.

У атрад Міхала Валовіча прыйшлі сяляне Парэчча, Вострава, Бардашоў і іншых вёсак. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Але такія дзеянні ўстрывожылі ўлады. Гарадзенскі губернатар Мураўёў даў загад абкружыць атрад над Шчарай. Архіўныя дакументы сведчаць, што пры затрыманні Міхал Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гарадзеншчыне расейскія ўлады арыштавалі больш за 150 чалавек. На допыце Міхал Валовіч не назваў нікога з паплечнікаў, а таксама засведчыў, што “хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян”.

11 чэрвеня 1833 года ў Гародні распачаўся судовы працэс. Побач з Міхалам Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян, кіраўніка атрада прысудзілі да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў змякчыў прысуд. 2 жніўня 1833 года Міхала Валовіча павесілі ў Гародні. Цела павешанага ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і не сталася б месцам таемных набажэнстваў. Астатніх паўстанцаў саслалі ў Сібір — на катаржныя працы, у арыштанцкія роты, на пасяленне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім. Існуе версія, што маці Міхала Валовіча выкупіла труп сына і прывезла ў вёску Парэчча на Слонімшчыну, дзе пахавала на мясцовых могілках. Там быў пастаўлены і вялікі белы помнік герою. Але, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада ў 1939 годзе, помнік быў знішчаны.

Міхал Валовіч крытычна ацэньваў вопыт паўстання 1830-1831 гадоў, якое, на яго погляд, не мела “агульначалавечай мэты”, паколькі адпавядала інтарэсам шляхты. Ён лічыў, што ў вызваленчай барацьбе асноўнай сілай павінны быць народныя масы, пераважна сялянства. Выступаў за адмену прыгоннага права, за права кожнага народа на самастойнае развіццё. На могілках вёскі Парэчча Слонімскага раёна мясцовыя грамадскія актывісты ўстанавілі мемарыяльны знак Міхалу Валовічу і яго 12 паплечнікам.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]