Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак: Я веру, што мы выйдзем на пераможны марш

20.06.2021 общество
Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак: Я веру, што мы выйдзем на пераможны марш

Наш фінал будзе добрым і прыгожым.

Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? Пра гэта «Радыё Свабода» распавяла Яўгенія Пастарнак.

Хто такая Яўгенія Пастарнак

Яўгенія Пастарнак — дзіцячая пісьменьніца. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў кожны дзень разам зь пісьменьнікам Андрэем Жвалеўскім вядзе ў FB дзёньнік беларускага пратэсту, зьбіраючы самыя важныя падзеі і настроі людзей. Яна кажа, што сыстэматызацыя і аналіз навінаў займае каля 3 гадзін у дзень. Сёньня гэтая хроніка таксама перакладаецца на беларускую і ангельскую мовы дзякуючы валянтэрам.

«Дзёньнікі пратэсту выконваюць псыхатэрапэўтычную ролю, — ацэньвае значэньне хронік пісьменьніца. — Я лічу, што мы прайграем толькі ў тым выпадку, калі страцім веру ў перамогу. Ва ўсіх іншых выпадках мы выйграем. Таму праз гэтыя дзёньнікі я імкнуся падтрымліваць тую веру, трансьляваць іншым свой аптымістычны погляд на сьвет. Так, ёсьць падзеі, зь якіх нічога добрага ня выцягнуць. Але яны адбыліся, і мы ня можам з гэтым нічога зрабіць. Мы ня можам, напрыклад, уваскрасіць Рамана Бандарэнку. Але ў нашых сілах зрабіць так, каб гінула менш».

«Наш фінал будзе добрым і прыгожым»

— Што прымусіла вас адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю?

Фото: «Радыё Свабода»

— Я жыву ў доме побач з вуліцай Прытыцкага. Усё, што вы бачылі ў тэлеграме ў жніўні, адбывалася проста пад нашымі вокнамі. Мы бегалі і адчынялі пад’езды пратэстоўцам, бачылі сьценкі АМАП, якія крышылі машыны, слухалі трое сутак бесьперапынную стральбу. Гэта быў нейкі сюр, як у знакамітай гульні «горад засынае — прачынаецца мафія»: днём — цішыня, поўны двор дзяцей і мам, а ўвечары раён накрывала напружаньне, усе дзеці — рэзка па дамах, і з Каменнай Горкі — калёны людзей, потым АМАП, страляніна да другой гадзіны ночы. У маёй машыне дасюль ляжаць дзьве гумовыя кулі, якія я падабрала 10 або 11 жніўня ў двары.

Працаваць, думаць, сядзець дома было немагчыма. Я прачыналася і ішла да Андрэя. У яго цудам захаваўся стары VPN, і мы чыталі навіны, а ўвечары зьбіраліся зь сябрамі. І так цеснай кампаніяй мы пражылі тыя некалькі дзён, бо ў адзіночку было немагчыма.

І мы вырашылі фіксаваць тыя падзеі. Як пісьменьнікам нам цікава выстройваць і аналізаваць навіны драматургічна. Мы пастаянна спрабуем зразумець, па якім сюжэце ідзе разьвіцьцё нашых падзей. Мне здавалася, што ключавым месцам можа стаць «плошча Пераменаў», бо на яе нанізваюцца знакавыя падзеі і людзі: першы мурал «дыджэям пераменаў», Раман Бандарэнка, Сьцяпан Латыпаў, забарона чэмпіянату сьвету па хакеі... Сюжэт, характары, людзі фантастычныя, пра кожнага можна пісаць раман. Пытаньне толькі ў фінале, што будзе кульмінацыяй?

«Шчаўкунок» — таксама падобная гісторыя. Там нават ёсьць гераіня са знакавым імем Маша, якая кінула пантофлік і дапамагла Шчаўкунку перамагчы караля-пацука.

Што будзе гэтым пантофлікам у нашым выпадку, пакуль ня ведаю. У нас усё так мэтафарычна, такая архетыповая барацьба чыстага дабра з хімічна чыстым злом! Напэўна, у гісторыі рэдка так бывае — зусім без паўтонаў. Таму ў фінале можа быць любая мэтафара, якую мы і ўявіць сабе ня можам. Увогуле, калі б не было так драматычна і балюча, наша гісторыя пратэсту вельмі прыгожая.

Гэта дакладна не антыўтопія. У антыўтопіі мы жылі 26 гадоў. І цяпер яна сканчаецца. Клясычныя антыўтопіі рэдка бываюць з добрым канцом. Але наш фінал будзе добры і прыгожы.

— Што вы страцілі за сваю актыўнасьць?

— Нічога. Ціску, пагроз, працоўных страт не было. Я не завязаная на дзяржаву, даўно вырашыла ня мець зь ёй справы. За тыя пару кніг, што выйшлі ў дзяржаўных беларускіх выдавецтвах, я прынцыпова ня брала ганарараў: «працаваць трэба або бясплатна, або за нармальныя грошы». Ня трэба прыніжацца. Мы выдаёмся і зарабляем у Расеі. Таму тут на нас складана націснуць.

— Што вы здабылі праз актыўную пазыцыю?

Фото: «Радыё Свабода»

— Я адкрыла шмат новых выдатных людзей.

Мая інфармацыйная гігіена, уменьне сыстэматызаваць навіны выйшлі на касьмічны ўзровень. Я стала больш разумець і прадбачыць інфармацыйны парадак дня, акрамя, зразумела, фантастычных глупстваў, якія робіць праўладны бок. Але такія рэчы ў прынцыпе немагчыма прадбачыць.

Я ўпэўненая, што ў нашага дзёньніка вельмі добрая літаратурная пэрспэктыва, бо гэта беспрэцэдэнтны фармат. Каштоўнасьць хронік у тым, што яны пішуцца дзень у дзень. Гэта зусім інакш, чым калі б мы зараз пісалі пра падзеі жніўня.

Я мару пра прыгожую кнігу, з плякатамі Цэсьлера, фатаграфіямі рэальных людзей, дакумэнтамі. Я, дарэчы, захавала ўсе ўлёткі з выбараў, што кідалі нам у паштовую скрыню, бо ўжо тады было зразумела, што яны незвычайныя. Кніга абавязкова будзе.

«Сумняваюся, што можна камфортна жыць, калі бачыш перад сабой толькі талерку»

— Ці было гэта таго варта?

Фото: «Радыё Свабода»

— У чым сэнс сёньняшніх выпрабаваньняў і ахвяр? Як сказала Марыя Калесьнікава, сэнс у тым, што людзі здабываюць разуменьне, што ад іх нешта залежыць. Праходзіць вывучаная бездапаможнасьць. Гэта самае важнае. Нават 5% такіх людзей дастаткова, каб пабудаваць тут горад-сад. А ў нас ужо відавочна больш. Таму нашы пэрспэктывы выдатныя.

Вывучаная бездапаможнасьць — страшная рэч. Калі бʼюць шмат разоў па руках, зьнікае жаданьне рыпацца, маўляў, гэта нічога ня зьменіць. І зрабіць першы крок вельмі цяжка. Але калі атрымліваецца, і ты бачыш, што можаш мяняць рэчаіснасьць, — гэта шчасьце, ад якога немагчыма адмовіцца. Для гэтага ўжо трэба ламаць людзей у турмах. Але яны не ламаюцца, бо зьяўляецца ўнутраны стрыжань — ад усьведамленьня сваёй рацыі. Вольнага чалавека немагчыма забіць. Фізычна закатаваць можна. Але зламаць унутры нельга.

Калі гаварыць пра асабісты ўзровень, то я ня бачу ніякіх пераваг тактыкі маўчаньня і «хаты з краю» перад свабодай гаварыць і дзейнічаць. Маўчаць прымушае страх. А страх — вельмі нэгатыўнае і рэгрэсіўнае пачуцьцё.

Многія, да прыкладу, баяцца, што ўсё зьменіцца да горшага. Але гэта абсалютны тупік. Нават з пункту гледжаньня эвалюцыі мы ня можам стаяць на месцы, а павінны пастаянна разьвівацца.

Як толькі пачынаеш замоўчваць праблемы, вылазіць гвалт. Мне здаецца, няма такіх гісторый, калі праблемы замяталі пад дыван і гэта не сканчалася б трагедыяй.

Многія баяцца страціць тое, што маюць, таму робяць выгляд, быццам нічога не адбываецца. Але я сумняюся, што можна камфортна жыць, калі бачыш перад сабой толькі талерку. Мне гэта складана зразумець. Я ня ўмею жыць там, дзе маўчаць.

— Што фармавала вашу ўнутраную свабоду? Назавіце тры галоўныя фактары.

Фото: «Радыё Свабода»

— Назаву два: выхаваньне і час. Мой бацька Барыс Пастарнак — свабодны журналіст, які расправіў крылы падчас перабудовы. Ён працаваў у «Известиях», «Огоньке», цяпер узначальвае расейскае выдавецтва «Время», якое выдае, у тым ліку, Быкава і Алексіевіч. Маючы перад вачыма такі прыклад, немагчыма было жыць інакш.

Так атрымалася, што нашы пакаленьні трапілі ў часовыя шчылінкі свабоды. Маладосьць таты прыйшлася на 60-я, а мая — на 90-я, калі адбываўся гістарычны злом. Мы абмяркоўвалі ўсе зьмены проста на школьных уроках, а іспыты па гісторыі здавалі па выразках са сьвежых газэт, бо падручнікі імгненна састарэлі.

Ці можа літаратура зрабіць чалавека свабодным? Літаратура можа даць інфармацыю, натхніць, дапамагчы разьвіць унутраныя імкненьні. Але калі ўнутры нічога няма, чалавек, прачытаўшы кніжку пра Зою Касмадзямʼянскую, наўрад ці пойдзе зьдзяйсьняць подзьвігі. Уся літаратура пра тое, што трэба быць добрым і ня трэба быць дрэнным. А ці дапамагло гэта?

Раскажу гісторыю з жыцьця. Калі я вучылася прыкладна ў пятай клясе, выйшаў фільм «Пудзіла» па аднайменнай кнізе. І мае аднаклясьнікі пасьля прагляду вырашылі, што цкаваньне — клясная ідэя, і пачалі ладзіць мне байкот. Усе пераламляецца праз уласны вопыт, мазгі, і людзі могуць прыйсьці да дыямэтральна процілеглай высновы, чым тая, што задумвалі пісьменьнікі.

У нас, да прыкладу, ёсьць дзіцячая кніжка «Час заўсёды добры», дзе хлопчык з 80-х трапляе ў 2018, а дзяўчынка з 2018-га — у 80-я. І яны высьвятляюць, што час заўсёды добры, а ўсё залежыць ад цябе. Большасьць чытачоў так гэта і зразумелі. Але былі людзі, якія палічылі, што кніжка пра тое, якія былі выдатныя піянэры 80-х і якія вырадкі сучасныя дзеці, ці наадварот, а некаторыя наогул сказалі, што кніга дэпрэсіўная. Таму я не ўяўляю сытуацыі, калі тэкст мог бы памяняць сьветапогляд.

«Любая сумесная пазытыўная дзейнасьць працуе на барацьбу з рэжымам»

— Ці баіцеся вы сёньня?

Фото: «Радыё Свабода»

— І так, і не. Хацелася б не чакаць званка ў дзьверы. Але немагчыма баяцца нон-стоп. Таму я зьмірылася.

Мяне засмучаюць шматлікія парады зьехаць. Я не хачу, бо гэта мая краіна, мой горад, я тут нарадзілася, люблю Менск. І ня бачу прычын жыць у іншым месцы.

Мяне засмучае, што людзей запалохалі. Увосень мне здавалася, што такую колькасьць запалохаць немагчыма. Аказалася, магчыма.

Мы з Андрэем — падлеткавыя пісьменьнікі, таму часта закранаем тэму цкаваньня, булінгу і ведаем рэцэпт, што рабіць. Трэба ўсім стаць на абарону. Што рабіць, калі, напрыклад, вашу любімую настаўніцу звальняюць? Напісаць калектыўны ліст супраць. Гэта відавочна, але патрабуе мужнасьці. Бо нават сярод тых, хто выходзіў на маршы, былі многія, якія на наступны дзень ішлі на працу і, умоўна, выпісвалі «Советскую Белоруссию» або здавалі грошы невядома на што. Страх перад сілавікамі пераадолелі, а страх пайсьці супраць начальніка, дурных патрабаваньняў — не. Гэта крыўдна.

— Што рабіць сёньня, каб супрацьстаяць злу і несправядлівасьці?

— Не губляць адзін аднаго з поля зроку. Толькі нашае абʼяднаньне дапаможа выстаяць. Калі закрылі магчымасьць хадзіць на маршы, трэба гэта рабіць іншым чынам. Цяпер такая сытуацыя, што не абавязкова займацца палітыкай, каб змагацца з рэжымам. Любая сумесная пазытыўная дзейнасьць працуе на барацьбу зь ім. Сумесна з суседзямі разьбіць кветнік у двары, сабрацца вялікай кампаніяй на дачы...

Самым каштоўным у жніўні было адчуваньне адзінства. Чэргі на выбарчыя ўчасткі, белыя бранзалеты, маршы... Людзі ж нікуды ня дзеліся. Дапусьцім, 10 тысяч зьехалі, 2 тысячы сядзяць, але астатнія ж на волі. І гэтыя мільёны актыўных людзей сядзяць цяпер дома і баяцца. Гэта самае страшнае ў тэроры: выдзіраюць адзінак, а баяцца ўсе. Балюча ўсьведамляць, што гэтая тактыка спрацавала. Але, значыць, нам трэба падняцца яшчэ на адну прыступку.

Як нацыя мы ўжо зрабілі некалькі грандыёзных крокаў уверх. І адно з каштоўных дасягненьняў на гэтым шляху — тое, што мы сёньня не асуджаем Рамана Пратасевіча, бо ён закладнік. Людзі пачалі разумець, што ахвяра не вінаватая. І гэта велізарны зрух у сьвядомасьці грамадзянскай супольнасьці.

У нашай сытуацыі ўвогуле шмат паралеляў з хатнім гвалтам. Часта хатні агрэсар шантажуе ахвяру: будзеш вякаць, пабʼю дзяцей. І мы ўсе цяпер у гэтай сытуацыі: пачнём дзейнічаць — кагосьці пасадзяць. Чаму, дарэчы, спыніліся раённыя маршы? Бо прайшліся адны, а хапаюць рандомных людзей, хто, можа, раней ужо сядзеў па 23.34, але ўжо даўно ня ходзіць. Атрымліваецца, ты кагосьці ўвесь час падстаўляеш.

Калі ты закладнік такой сытуацыі, незразумела, што рабіць, здаецца, выйсьця няма. Але яно ёсьць. І яно ў тым, што нас вельмі многа. І калі зноў абʼяднацца, усё беззаконьне скончыцца значна хутчэй.

Фото: «Радыё Свабода»

Я веру, што мы выйдзем на пераможны марш. І тады, напэўна, я буду бесьперапынна плакаць ад шчасьця і ўсіх цалаваць. Думаю, такая карцінка ў галаве шмат у каго. Як пісьменьніца магу запэўніць, што візуалізацыя —мэтад, які працуе. Усё, што мы актыўна ўяўляем, потым становіцца рэальнасьцю. І калі ў нас нарэшце зьявіцца магчымасьць дзейнічаць, тут усё проста закалосіцца, бо вельмі хочацца, бо наш пратэст першапачаткова быў стваральны.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]