Каін не беларус.
Грэшны чалавек і жыццёвыя прынцыпы мае грэшныя. Чалавек жа, які вызваляецца ад зла, жыццёвыя прынцыпы таксама меняе.
Каін, пасля забойства свайго брата, агучыў свой прынцып так: „хіба я вартаўнік брату майму?”(Быццё 4,10). На пытанне Бога: “дзе брат твой?” Каін напачатку казаў: “не ведаю”. Безумоўна, калі не свядома, то на ўзроўні падсвядомасці кожны разумее, што гэта няправільны прынцып.
Нездарма ж таксама Апосталы, трапіўшы ў небяспеку буры на Галілейскім моры, звярнуліся з пытаннем да Ісуса: „Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем?” (Мк 4, 38).
Яны, як і кожны з нас, спадзяваліся, што іх асабістая праблема мае быць клопатам таксама іншага чалавека. Чаму? А менавіта таму, што свет ўладкаваны згодна з законам любві і мы створаныя, каб заўважаць патрэбы іншага чалавека.
У сябе на канале я шмат гаварыў пра асноўныя каштоўнасці грамадскага жыцця: праўду, справядлівасць, свабоду і любоў. Аднак, мала прысьвячаў увагі прынцыпам Сацыяльнага Вучэння Касцёла: супольнаму дабру, субсідыярнасці і салідарнасці.
Хоць, безумоўна, ўскосна і пра іх мова была. Немагчыма ніяк абмінуць у прапаведванні тыя прынцыпы, якія наўпрост тычацца годнасці чалавека.
Так вось, каб усвядоміць, што любоў, да якой заклікае хрысціянства, не ёсць толькі хоць і прыгожым але пустым словам, важна таксама прысвяціць увагу і агучаным прынцыпам.
Каб любоў не пазаставалася толькі пустымі словамі і каб грамадства наша не вымушанае было быць сведкай таго як святары гаворачы пра любоў асвячаюць летальную зброю, або назіраць, як манахіня здольная выйсці з тортамі ў руках выключна да сілавікоў і ніяк да вязняў, што седзяць пабітымі тымі ж сілавікамі ў турмах.
Так вось паразважайма пра салідарнасць, гэта той прынцып, што вучыць практычнай любві. Кампендый Сацыяльнага Вучэння Касцёла прысвячае ёй параграфы 192-196.
Настаўнік любві – Хрыстос, які супакойвае буру і гэтым нейтралізуе прычыну небяспекі сваіх вучняў, звяртае ўвагу на тое, што Ён салідарны з чалавекам. Да салідарнасці заклікае Хрыстос і сваіх падзвіжнікаў. Апостал Павел сфармуліруе гэты прынцып так: “Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы” (Гал 6, 2).
Салідарнасць гэта закон, прынцып, абавязак, кашоўнасць і хрысціянская цнота – сталая здольнасць бачыць цяжар іншага чалавека, не горш, чым свой уласны. А бачачы, мець імкненне прыйсці на дапамогу.
У Сацыяльным Вучэнні Касцёла тэрмін салідарнасць увайшоў у абыход досыць нядаўна. Уласціва пачаў яго ўжываць святы Ян Павел ІІ у сацыяльнай энцыкліцы Centesіmus annus (1991г.)
Перад гэтым жа папа Леў ХІІІ гэты прынцып узгадваў у энцыкліцы Rerum novarum (1891г.) называючы яго “сяброўствам”. Папа Пій ХІ ужываў выраз “сацыяльная любоў”, а Павел VI казаў пра “цывілізацыю любві”.
Аднак, розныя назвы прынцыпу ніяк не зменяюць глыбокага сэнсу самаго прынцыпу, які падкрэслівае: жыццё чалавека мае тады ўласцівае развіццё, калі чалавек не ёсць сляпым на небяспеку гібелі іншага чалавека. Інакш кажучы, чалавек тады чалавек, калі ведае, што дзеецца з ягоным братам і з іншым чалавек мэтанакіравана імкнецца ўтварыць сувязь, каб дапамагчы даць роўны шанец у карыстанні з супольнага дабра.
Кожны з нас беларус тады беларус і чалавек, калі ведае, што ў гэтыя дні сотні беларусаў сядзяць за кратамі па палітычных матывах, над некаторымі з іх здзекаваюцца, некаторых катуюць, некаторыя, магчыма, і не вернуцца з-за кратаў, так як ніколі ўжо не вернецца і Вітольд Ашурак загінуўшы ў вязніцы 30 дзён таму. А ведаючы пра вязняў і іх праблемы, сапраўдны чалавек перажывае іх як свае ўласныя.
Ну і адпаведна, калі ты не ведаеш, што дзеецца з тваімі братамі і сёстрамі, табе абыякава, што гінуць тыя, хто плыве з табой у адной лодцы і ты надалей думаеш толькі пра сябе, бо салідарнасць для цябе чужое слова з галіны палітыкі, а ты вядома ў палітыку, у брудную справу, не лезеш - тым самым ты выбіраеш жыццёвы прынцып забойцы Каіна.
Кожны сам выбірае прынцыпы. Аднак, наўздагон чыненню выбару зацытую словы Апостала Паўлы : “Езус памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага.” (2 Кар 5, 15).
Проста памятайма, што жыць варта дзеля Хрыста, а гэта значыць дзеля кожнага чалавека і дзеля іншага чалавека. А ніяк дзеля сваёй стыпендыі, зарплаты і пенсіі.
Салідарнасць гэта і ёсць той прынцып, які змушае выбудоўваючы зносіны з іншымі пераадольваць свой індывідуалізм.
Вячаслаў Барок, krynica.info