Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Біскуп Алег Буткевіч на імшы ў Будславе: Молімся, каб Беларусь стала краінай для годнага жыцця

03.07.2021 общество
Біскуп Алег Буткевіч на імшы ў Будславе: Молімся, каб Беларусь стала краінай для годнага жыцця

Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі пачаў прамову словамі Якуба Коласа «Мой родны кут, як ты мне мілы…».

У межах Будслаўскага фэсту 2–3 ліпеня цэлебрацыю святой Імшы апоўначы, якой папярэднічалая традыцыйная працэсія са свечкамі, узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, перадае krynica.info.

Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскупы Казімір Велікаселец, Юрый Касабуцкі, Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і больш за семдзесят святароў. У начной святой Імшы брала ўдзял вялікая колькасць вернікаў, параўнальная з «дакавіднымі» гадамі.

Вітаючы ўсіх удзельнікаў, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату адзначыў, што ў гэты неспакойны і нялёгкі час, азмрочаны пандэміяй, грамадска-палітычным крызісам у краіне і нядаўнім пажарам у Нацыянальным санктуарыі, вернікі прыходзяць сюды, несучы да Маці боль сваіх сэрцаў, а Яна кожнага туліць да сябе і па-мацярынску суцяшае.

Прамоўленае Божае слова Віцебскі біскуп пачаў з цытаты класіка, якую з маленства ведае напамяць, бадай што, кожны беларус: «Мой родны кут, як ты мне мілы…»

«Пагадзіцеся, што гэтыя радкі з паэмы Якуба Коласа „Новая зямля“ асаблівым чынам можна аднесці да Будслава. Бо „родны кут“ — гэта месца, дзе цябе заўсёды чакаюць з любоўю. Гэта месца, асабліва прасякнутае бацькоўскім клопатам пра сваіх дзяцей. Месца, дзе чалавек „душою спачывае“, дзе загойваюцца духоўныя раны і дзе аднаўляюцца сілы, патрэбныя для жыцця і для таго, каб выкараскацца з нагрувашчаных праблем і цяжкасцяў.

Тут, у Будслаўскай святыні, заўсёды чакае нас любячае Сэрца нашай нябеснай Маці — Сэрца, напоўненае любоўю і няспыннай малітвай за кожнага з нас. Тут мы асабліва адчуваем моц Яе ўсемагутнага Матчынага заступніцтва», — сцвердзіў пастыр, дадаўшы што ў гэты час вернікі асаблівым чынам праз заступніцтва Марыі моляцца аб заканчэнні пандэміі, аб міры для Бацькаўшчыны і паспяховым вырашэнні праблем у грамадска-палітычным жыцці.

«Каб Беларусь стала па-сапраўднаму краінай для жыцця — годнага жыцця кожнага грамадзяніна», — падкрэсліў біскуп Буткевіч.

«Напэўна, не існуе магчымасці падлічыць, колькі Ружанцаў, літаній, малітваў сэрца выслухоўвае Маці Божая. Аднак Яна няспынна імкнецца „перанакіраваць“ нашую ўвагу на свайго Сына. Нават трымаючы Яго, маленькага, на сваіх руках, Яна нібы кажа нам: „Вось, Ён тут галоўны, Ён усім кіруе і Яму належыць найвышэйшая ўлада“», — адзначыў іерарх, заўважыўшы што сёння духоўнай хваробай можна назваць недахоп Божага аўтарытэту ў жыцці людзей.

Прапанаваўшы паразважаць над прычынамі гэтай хваробы, біскуп сказаў:

«Адна з іх, як мне здаецца, уласцівая для нашага грамадства, крыецца ў тым, што мы прызвычаіліся мець у аўтарытэце тых, хто паказвае сваю сілу, хто патрапіць дамінаваць, паказаць, як кажуць, „свае зубы“ ці трымаць у „вожыкавых рукавіцах“ або „ў абцугах“. Вось тады гэта „аўтарытэт“!» — зазначыў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату. Ён дадаў, што Бог, наадварот, нікога не трымае «ў абцугах»: «Нікога не знявольвае, і нават калі хтосьці выразна і „па-нахабнаму“ ідзе насуперак Яго Божай волі, да канца шануе вольны выбар чалавека. На жаль, гэтыя якасці не карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў свеце, а праз гэта, на жаль, і Бог нярэдка губляе свой аўтарытэт у чалавечых вачах», — з горыччу канстатаваў іерарх.

«І гэта вельмі небяспечна для нас. Небяспечна перадусім у перспектвые ўласнага збаўлення. Бо вучань, які не адчувае аўтарытэту свайго настаўніка, перастае быць вучнем і ператвараецца ў слугу „дрэннага і нягоднага“, які рызыкуе патрапіць у „вонкавую цемру“, дзе будзе „плач і скрыгатанне зубоў“ (пар. Мц 25, 30).

Небяспечна гэта і ў жыцці грамадскім. Бо калі Бог міласэрны і ласкавы, Той, які ёсць „дарогай, праўдай і жыццём“ не будзе нашым аўтарытэтам, не будуць у аўтарытэце і людзі, якія імкнуцца быць падобнымі да Бога ў сваёй праўдзівасці, шчырасці, мудрасці, адказнасці, ахвярнасці.

А менавіта такіх людзей мы хочам бачыць на адказных пасадах. Такім людзям мы хочам даручыць наша здароўе, адукацыю, вытворчасць, адміністрацыю, нарэшце, уладу. Таму пытанне Божага аўтарытэту сапраўды нібы ўвенчвае пытанне нашай веры: так, як дах увенчвае ўвесь будынак», — сцвердзіў пастыр. — І вось ён, знак, перад нашымі вачыма: згарэлы дах на будслаўскай базыліцы.

Базыліка, якая з’яўляецца сімвалам, знакам нашай веры і якая з-за пажару засталася без даху. Няхай гэтае здарэнне паставіць перад намі пытанне пра Божы аўтарытэт. Няхай адбудова даху на будслаўскай святыні стане сімвалам і знакам адбудовы і ўмацавання Божага аўтарытэту ў нашым асабістым і грамадскім жыцці. А сам Будслаў няхай заўсёды будзе для нас тым „родным кутом“, дзе можа адпачыць паяднаная з Богам кожная чалавечая душа», — выказаў пажаданне Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]