Пасля звальнення ў жніўні 2020-га незалежная трупа стварыла першы ў Беларусі анлайн-тэатр.
«Мы закрываем сезон, але ані ў якім выпадку не развітваемся», — напісала сёння незалежная тэатральная група на сваёй старонцы ў Facebook.
Гэта сто першы сезон для Купалаўскага тэатра, і першы сезон для Вольных Купалаўцаў.
— Мы хочам ад усяго сэрца падзякаваць тым, хто быў з намі ўвесь гэты час, — выказалі словы падзякі артысты. — Увесь гэты сезон нашы сэрцы біліся ў сугуччы, а вы падтрымлівалі родных купалаўцаў словам, падабайкай, каментаром, сардэчкам, падпіскай. Дзякуючы вам мы атрымалі шанец, мы ўсё яшчэ існуем.
Купалаўцы абяцаюць, што застануцца ў эфіры, але спектаклі часова адпачнуць.
— Мы ўжо поўнімся планамі на сто другі сезон, — дзеляцца акцёры. — Купалаўцы жывыя і жывейшыя за ўсіх жывых! Мы застаемся разам.
Калі падвесці вынікі, то ў сваім першым сезоне тэатр у выгнанні здзейсніў, сапраўды, немагчымае. Пасля звальнення з Купалаўскага ў жніўні 2020-га незалежная трупа пачала ўсё з чыстага аркушу, стварыўшы, па-сутнасці, першы ў Беларусі анлайн-тэатр са сваім рэпертуарам. Сёння на Youtube-каналe Купалаўцаў больш за 140 тысяч падпісчыкаў, а колькасць прэм’ер і праектаў калектыву дасягае сямі.