Усе дыктатуры паступова слабеюць і развальваюцца, а ў будучыні як узурпатара, так і яго памагатых чакае зусім не казачнае жыццё.
Запалохванне і гвалт — звычайныя практыкі любой дыктатуры. Але грамадства не павінна забываць, што ўсе дыктатуры паступова слабеюць і развальваюцца, а ў будучыні як дыктатара, так і калабарантаў дыктатуры чакае зусім не казачнае жыццё, піша Уладзіслаў Гарбацкі для novychas.by.
Досвед краху многіх дыктатураў сведчыць пра адваротны гвалт і самасуды стомленага ад узурпатара народа. Так, цьмяная гісторыя французскай дыктатуры рэжыму Петэна (1940-1944) да 2016 года заставалася не да канца вядомай і напісанай. Бо толькі ў 2016 годзе канчаткова былі адкрытыя публіцы паліцэйскія і судовыя архівы той эпохі. Але дакладна вядома, што адразу пасля звяржэння дыктатуры ў выніку перамогі антыфашысцкіх сіл пачаліся суды і самасуды над калабарантамі дыктатуры.
Праўда, яшчэ падчас існавання рэжыму Вішы макі, ці макізары — французскія партызаны, — паспяхова запалохвалі і вынішчалі некаторых калабарантаў. Аб гэтым пісалася ў прэсе, аб гэтым пазней распавядалі гісторыкі і пісьменнікі — Луі Арагон, напрыклад, у сваім слынным зборніку навэл «Калабарацыяніст». Тысячы калабарантаў былі вынішчаныя яшчэ за Петэнам, то-бок дыктатура не магла абараніць усіх сваіх «герояў». Паводле афіцыйных даных, у першыя дні пераходу Францыі да дэмакратыі самавольна і без судоў — шляхам самасудоў, арганізаваных абуранымі грамадзянамі, былі забітыя каля 9 000 калабарантаў. Дэмакратычныя ўлады былі вымушаныя ўводзіць жорсткія меры, каб спыніць гэта. Аднак самасуды і цкаванне калабарантаў працягваліся. Так, міністр унутраных спраў Анры Тыксье ў 1945 годзе заяўляў Шарлю дэ Голю, што з 1944 па 1945 гады мелі месца 105 000 забойстваў ці спроб забойстваў калабарантаў. І гэта толькі лічбы, якія ахоплівалі самасуды.
Да гэтага варта дадаць лічбы афіцыйных судоў: праўная чыстка ахапіла больш за 300 000 спраў. З іх 127 000 былі прызнаныя вінаватымі. З 127 000 спраў па 97 000 былі вынесеныя сур’ёзныя абвінаваўчыя выракі: ад зняволення і пазбаўлення ўсіх правоў да смяротнага прысуду. Пасля ўрад тройчы — у 1947, 1951 і 1953 — прагаласуе за амністыю дзеля зняцця сацыяльнага напружання ў краіне. Сучасныя даследаванні французскага Інстытута гісторыі найноўшага часу сцвярджаюць, што афіцыйна былі вырачаныя на смяротнае пакаранне каля 11 000 калабарантаў.
У некаторых краінах, дзе адсутнічала смяротнае пакаранне — у Нідэрландах, Нарвегіі і Даніі, — у якасці выключэння яно было вернута на пэўны час, каб сумысля пакараць калабарантаў. Цікавы іншы досвед Нідэрландаў, на які не адважылася Францыя: пазбаўленне грамадзянства асоб, задзейнічаных у калабарацыі. Так, вядома, што 60 000 нідэрландцаў былі пазбаўленыя грамадзянства за тое, што супрацоўнічалі з акупантамі і мясцовым дыктатарскім урадам.
Чысткі супраць калабарантаў ахапілі ўсе сферы французскага грамадства. Так, маршал Ф. Петэн быў пазбаўлены ўсіх публічных правоў і пажыццёва зняволены. Смяротнага пакарання ён пазбег толькі праз свой сталы век. Пакаранні закранулі рэлігійнікаў: сотні святароў былі пазбаўленыя сану і выгнаныя, дзясяткі епіскапаў былі пазбаўленыя звання і зведзеныя да простых святароў. Праўда, Папа Рымскі Пій XII абараніў большую частку каталіцкіх дыгнітарыяў, не дазволіўшы правесці цывільным уладам поўнамаштабныя працэсы супраць рэлігійнікаў-калабарантаў.
У эканамічным сектары пацярпелі і былі нацыяналізаваныя шматлікія будаўнічыя, а таксама машынабудаўнічыя заводы — напрыклад, завод «Рэно». Так, Луі Рэно, заснавальнік аўтагіганта «Рэно», гоннік і паспяховы прадпрымальнік, праз калабарацыю і вытворчасць вайсковай тэхнікі для нацысцкай Нямеччыны быў арыштаваны і памёр у турме. Завод «Рэно» стаў дзяржаўным прадпрыемствам.
Каля 28 000 чыноўнікаў-калабарантаў былі пазбаўленыя публічных правоў, дзяржаўных пенсій і права працаваць. Вышэйшыя ваенныя чыны, абвінавачаныя ў калабарацыі і гвалце, былі вырачаныя на смяротнае пакаранне ці пажыццёвае зняволенне. Каля 3 000 афіцэраў былі пазбаўленыя званняў, пенсій і звольненыя з войска.
Сотні артыстаў, пісьменнікаў і кінематаграфістаў былі выключаныя з прафесійных хаўрусаў, прыцягнутыя да адказнасці, а іх творы часта не публікаваліся. Так, папулярныя французскія пісьменнікі, заплямленыя калабарацыяй, бясслаўна, а часам гвалтоўна завяршылі свае жыццё: Марыс Сакс, Анры дэ Мантэрлян, П’ер Дрыё ля Рашэль, Луі-Фэрдынанд Селін ды многія іншыя. А многія імёны дасюль публічна не прыгадваюцца — яны асуджаныя на бясслаўе і замоўчванне.
Акрамя ўсяго, у межах самасудоў стала вядомая практыка стрыжкі дагала жанчын.
Сёння справы больш за 200 000 французскіх калабарантаў знаходзяцца ў вольным доступе і кожны грамадзянін можа азнаёміцца з імі. У французскіх гістарычных, а таксама краязнаўчых музеях сабраны багаты матэрыял з эпохі калабарацыі, а таксама з дэмакратычных часоў пакарання калабарантаў. Так, у Брэтонскім музеі ў Рэне мяне асабліва ўразіў адзін экспанат — маленькая труна, у якой ляжыць лялька-галыш з зашмаргай на шыі. Яе даслаў невядомы француз ці францужанка калабаранту ў знак запалохвання.
І, падаецца, французская дэмакратыя зрабіла высновы з таго дыктатарскага досведу. Шмат у чым французскаму грамадству дапамагла не паўтарыць памылкі вялікая праца па апублічванні фактаў калабарацыі і арганізацыя соцень тысячаў судовых працэсаў супраць калабарантаў. Французская дэмакратыя зразумела, што толькі радыкальным шляхам можна абараніць дэмакратыю ў будучыні: пазбаўленнем публічных правоў, дзяржаўных пенсій, званняў, пажыццёвымі зняволеннямі і публічным, сімвалічным забыццём усіх імёнаў, спрычыненых да гвалту, катаванняў і калабарацыі з тымі, хто стварыў машыну пад назвай «дыктатура».