Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Івонка Сурвіла: Час, праўда і справядлівасць – на нашым баку, перамога будзе за намі

26.07.2021 политика
Івонка Сурвіла: Час, праўда і справядлівасць – на нашым баку, перамога будзе за намі

Старшыня Рады БНР выступіла са зваротам да беларускага народу.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла выступіла са зваротам да беларускага народу, у якім заклікала «не губляць веры, надзеі і салідарнасці, але наадварот толькі ўмацоўваць іх». Пра гэта паведамляе «Белсат».

«Час – на нашым баку. Праўда і справядлівасць – на нашым баку. Наперадзе некалькі месяцаў, а можа і гадоў супрацьстаяння, але перамога будзе за намі. Галоўнае, каб кожны і кожная з нас у меру сваіх сілаў і магчымасцяў набліжалі гэты момант», – заявіла яна.

Цалкам зварот чытайце ніжэй:

ВЕРА, НАДЗЕЯ І САЛІДАРНАСЬЦЬ

Аднаўленьне незалежнасьці Беларусі, якому ў гэтым годзе спаўняецца роўна 30 гадоў, стала ў тым ліку вынікам супольнай барацьбы беларусаў, украінцаў, народаў Балтыі, палякаў і іншых народаў, якія ў самыя безнадзейныя часы Халоднай вайны не гублялі надзеі і не пакладалі працы дзеля вольнай будучыні сваіх краёў, у якое яны верылі.

Нягледзячы на набліжаючуюся круглую сьветлую для ўсіх нас дату, навіны зь Беларусі ніяк не ствараюць сьвяточнага настрою. Масавыя арышты, катаваньні і зьневажаньне найлепшых людзей Беларусі з боку злачынцаў набылі маштаб, якога мала хто з нас памятае. Татальнае зьнішчэньне рэжымам незалежных грамадзкіх арганізацый мае на мэце абнуліць гады працы актыўных і шчырых беларусаў.

Мне баліць сэрца чытаць навіны зь Беларусі і гутарыць зь людзьмі, якія церпяць гэтую несправядлівасьць. І я разумею, што ў вельмі многіх апускаюцца рукі, надыходзіць расчараваньне і нявера ў тое, што нешта можна зьмяніць. Пасьля эўфарыі, якую ўсе мы адчувалі мінулым годам, гэта натуральна.

І тым важней для ўсіх нас, усяго беларускага народу, дзе б мы не знаходзіліся, не губляць веры, надзеі і салідарнасьці, але наадварот толькі ўмацоўваць іх. Я і маё пакаленьне беларускай дыяспары добра ведаем, як гэта важна.

Беларуская палітычная эміграцыя вяла палітычную і інфармацыйную барацьбу супраць савецкіх акупантаў на працягу больш за 70 гадоў: ад выгнаньня Рады БНР у 1919 годзе да распаду СССР. Мы бачылі неразуменьне з боку замежнікаў. Мы бачылі дэпрэсію і сыход людзей з нашых шэрагаў. Мы змагаліся з думкай пра тое, што можам не пабачыць вынікі нашай працы і суверэнную Беларусь, якая зойме «свой пачэсны пасад між народамі». Але мы вытрывалі і перамаглі. Са сьлязамі радасьці мы віталі падняцьцё бел-чырвона-белага сьцягу над амбасадамі Беларусі ў краінах, што сорак гадоў перад гэтым далі нам прытулак. Як выявілася, Беларусь тады ня стала вольнай – але яна ўжо стала раўнапраўнай незалежнай дзяржавай. Гэта была адна з нашых мэтаў, якіх мы дабіваліся і дабіліся.

Тое, што нам давялося так доўга чакаць, дае мне і маім паплечнікам-беларусам у многіх краінах сілаў і трываласьці, каб не капітуляваць перад Лукашэнкам і не пакладаць працы па барацьбе зь ягоным рэжымам. Час – на нашым баку. Праўда і справядлівасьць – на нашым баку. Наперадзе некалькі месяцаў, а можа і гадоў супрацьстаяньня, але перамога будзе за намі. Галоўнае, каб кожны і кожная з нас у меру сваіх сілаў і магчымасьцяў набліжалі гэты момант.

Для тых з нас, хто знаходзіцца ў вольным сьвеце, зараз як ніколі неабходна зьяднацца і рашуча пратэставаць, біць трывогу, распавядаць сьвету пра тое, што адбываецца з нашымі братамі і сёстрамі на радзіме. Патрабаваць ад міжнароднай грамадзкасьці рашучых крокаў па супрацьдзеяньню дыктатарчкаму рэжыму, на чыіх руках кроў нявінных людзей. Гэта нагода для нас надалей заяўляць пра сябе як неабыякавых і актыўных жыхароў і грамадзянаў і Беларусі, і сваіх новых краінаў, кантактаваць з урадамі і парлямэнтамі. Рабіць важную і карысную справу дзеля Беларусі і дзеля саміх сябе як часткі беларускага народу.

Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, зараз трэба праяўляць абачлівасьць і асьцярожнасьць перад тварам рэжыму, які знаходзіцца ў сваёй агоніі і як разьюшчаны паранены зьвер намагаецца зьнішчыць усё навокал сябе. Неабходна гуртавацца і аказваць падтрымку тым, хто патрапіў за краты і церпіць рэпрэсіі. Неабходна ашчаджаць сілы і рыхтавацца для вырашальнага моманту, у які мы ўсе маем падняцца, каб стаяць да канца. Гэты момант надыйдзе – і я веру, што хутка.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]