Яшчэ ёсць час для магчымасці папоўніць беларускі клас.
У Баранавічах створаны новы беларускі клас у гімназіі нумар чатыры. Але ў ім будуць займацца толькі 5 чалавек, перадае «Радыё Рацыя».
Здавалася б, пасля жнівеньскіх падзей 2020 года, калі вырасла нацыянальная самасвядомасць, якая аб’яднала людзей, беларусы павінны былі зразумець, што мова – гэта паказчык нацыі. На жаль, вынікі такія як ёсць, кажа маці дзвюх дзяўчынак з Баранавіч, якія вучыліся і вучацца ў беларускіх класах, Таццяна Малашчанка:
– Бацькі звярнуліся ў ТБМ за год, можна сказаць, да пачатку навучальнага года. Мы, камісія па навучанні і па выхаванні, таксама напісалі ліст у гарадскі аддзел адукацыі, далучылі туды зварот бацькоў. Вельмі хутка прыйшоў адказ: будзе адкрыты клас там, дзе пададуць заявы бацькі. У гэтым адказе было напісана, што на сайце будзе аб’ява аб тым, што набіраецца беларускі клас. Гэтага нічога не было.
Паводле Таццяны Малашчанкі, застаўся месяц да новага навучальнага года. Яшчэ ёсць невялікі час для магчымасці папоўніць беларускі клас. Калі б зварухнуліся ў гэтым накірунку чыноўнікі ад адукацыі.