Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Што вядома пра закрыты суд па справе Статкевiча, Ціханоўскага і іншых палітвязняў

06.08.2021 политика
Што вядома пра закрыты суд па справе Статкевiча, Ціханоўскага і іншых палітвязняў

Іх судзяць у закрытым рэжыме.

З 24 чэрвеня ў Гомлі разглядаюць крымінальную справу Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Ігара Лосіка, Міколы Статкевіча, Дзьмітрыя Папова і Ўладзімера Цыгановіча. Іх судзяць у закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА.

Паседжаньні адбываюцца тыдзень за тыднем з аўторка па пятніцу, іх расклад расьпісаны да 31 жніўня. У справе 177 тамоў. Пра акалічнасьці суду даведацца нельга — адвакаты пад падпіскай аб неразгалошваньні, паведамляе svaboda.org.

Маці Арцёма Сакава на гэтым тыдні атрымала ад сына тры кароткія лісты.

«Пра судзілішча Арцём ня піша. Піша пра свае сны, пра тое, што прачытаў. Просіць нас не перажываць, бо самае страшнае ўжо было — пра што напісана ў кнігах. „Я той чалавек, які ўбачыў гэта ня з кніг“, — так напісаў сын», — сказала Свабодзе Ларыса Сакава.

Ліст Арцёма Сакава з турмы.

«Лета, восень, зіма, вясна... Калі-небудзь я раскажу ў падрабязнасьцях... Гэта ўжо даўно напісана ў кнігах. На жаль ці на шчасьце, я ўпершыню ня быў чытачом. Чытаць ёсьць што. Праўда, у адпачынку бібліятэкар. Тэлевізар нельга. Як бы можна, але нельга. „Таварышы“ (маюцца на ўвазе сукамэрнікі. — РС) — нармальна, агульную мову з усімі магу знайсьці. Галоўнае — усё пераводзіць на гумар. Убачымся па-любому! Свабода непазьбежная, як і краты для некаторых. Добрага настрою, вышэй нос!» — напісаў у адным зь лістоў Арцём Сакаў.

Натальля Мацкевіч, адвакатка Сяргея Ціханоўскага, напісала ў Тwitter, што ёй давялося паглядзець частку адной праграмы дзяржаўнага тэлебачаньня (імаверна, гаворка ідзе на новы сэрыял дзяржаўнага тэлебачаньня аб пратэстах. — РС).

«У той перадачы адзін малады чалавек настойліва спрабаваў нешта данесьці да Ціханоўскага. Але, на жаль, у Сяргея няма тэлевізара „ў сувязі з адсутнасьцю энэргетычных і тэхнічных магчымасьцяў“ (з адказу начальніка СІЗА)», — напісала адвакатка.

Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча, 6 жніўня адвезла яму перадачу ў СІЗА. Мусіла доўга стаяць у чарзе.

«Стаялі людзі, родныя якіх сядзяць не за палітыку, так скажам. Яны скардзіліся, што ім рэдка даюць спатканьні — адзін раз на месяц. А нам — добра, калі адзін раз на год», — зазначыла Марына Адамовіч.

Яе мужу таксама не дазволілі мець тэлевізар. Дый газэты, нават нэўтральныя, рэдка даходзяць.

«Інфармацыйная блякада. Я толькі падпісала ў мінулым месяцы Міколу на „Рэгіянальную газету“, як прачытала ў інтэрнэце, што яна спыняе выхад друкаванай вэрсіі», — кажа жонка палітыка.

Яна расказала, што Мікола ў траўні атрымаў ліст зь Фінляндыі, дзе яго віншавалі з Калядамі.

«Дзе той ліст быў столькі часу? Таксама адна знаёмая пісала Міколу і прасіла ў мяне, каб я спыталася, ці атрымліваў ён яе лісты. Як толькі я напісала Міколу, дык ён адразу атрымаў ад яе ліст — датаваны траўнем», — кажа Марына Адамовіч.

У лістах Мікола Статкевіч разважае пра сучасны стан Беларусі.

«Зараз відавочна сілавы рэсурс зьядае астатнія, яго мусяць выкарыстоўваць у нетыповых сфэрах, каб кампэнсаваць падзеньне эфэктыўнасьці ўлады. Але атрымоўваецца яшчэ большае падзеньне эфэктыўнасьці. Захоп самалёта, „атака мігрантамі“, узяцьце ў закладнікі партнэраў заходніх НДА — усё гэта спляжыла міжнародны рэсурс. Для краіны зь несамадастатковай эканомікай гэта можа мець нэгатыўныя наступствы», — працытавала жонка Статкевіча ягоны ліст.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]