Яго распрацавала настаўніца з Беластоку.
Новы падручнік па беларускай мове неўзабаве мае з’явіцца ў польскіх школах. А ў дадатак – дыск з песнямі, які ўжо даступны, і новы часопіс «Беларускі настаўнік».
«Радыё Рацыя» паразмаўляла з Алінай Ваўранюк, аўтаркай падручніка і дасведчанай настаўніцай з Беластоку.
– Аліна, сустракаемся ў такі хвалюючы час для настаўніка у чаканні першага верасня. Гэтае першае верасня будзе нейкім іншым, бо маем за сабою цэлы год дыстанцыйнага навучання? З якім настроем настаўнікі чакаюць пачатак вучэбнага году?
– З надзеяй, са страхам. Гэта такі вялікі пытальнік: што будзе? Як будзе? Як мы будзем працаваць? Думаю, што з малодшымі класамі будзе звычайна, паглядзім, што будзе са старэйшымі.Неяк сумнавата, што так хутка лета скончылася, але што зрабіць? Канікулы скончацца, і трэба будзе брацца за працу.
– Але ўвогуле настаўнікі чакаюць, каб дзеці вярнуліся ў школу?
– Думаю, што так. Напэўна лягчэй працаваць у школе. Гэта зусім па-іншаму выглядае, іншая праца, асабліва з малодшымі. Трэба спадзявацца, што ўсё будзе добра, бо я з натуры аптымістка, але гэты мой аптымізм ужо трошкі меншы. Спадзяюся, што ўсё будзе так, як звычайна.
– Але гэты год не прайшоў дарэмна, бо маем новы падручнік.
– Так-так! Гэта падручнік для чацьвертай клясы, для пачатковай школы. Падручнік вядома па-беларуску, зусім новы, іншы, над якім я шмат гадоў думала. Пра тое, што ў гэтым падручніку павінна быць, збірала тэксты, думала пра тое, якія тэмы па граматыцы, якія практыкаванні, што і як.
Нарэшце гэты падручнік праверыла на сваіх вучнях за апоші год. Апошні год гэта напэўна вялікая праца Адама Паўлоўскага. Бо адное прыдумаць падручнік, дабраць тэксты, практыкаванні, і так далей. І як даслаў мне прапанову пару такіх старонак, то я паглядзела, і мне спадабалася. Але калі ўжо была цэласць, і калі ўжо надрукавалі, то выйшла вельмі непагана. Я вельмі удзячная тым, хто ацэньваў гэты падручнік. Яны выправілі такія памылкі, якіх я напрыклад не бачыла. Усёж такі мы, беларусы Беласточчыны нават некаторых памылак не бачым. Чакаем толькі на адно рашэнне: колькі экзэмпляраў гэтага падручніка друкаваць.