Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Закапаным знайшлі магілу бацькі беларускага нацыянальнага адраджэння?

20.08.2021 общество
У Закапаным знайшлі магілу бацькі беларускага нацыянальнага адраджэння?

20 жніўня спаўняецца 102 гады са дня смерці Івана Луцкевіча.

20 жніўня спаўняецца 102 гады са дня смерці Івана Луцкевіча, беларускага палітычнага і грамадскага дзеяча, публіцыста, археолага, пачынальніка беларускага нацыянальнага руху. І хоць дата не круглая, постаць Івана Луцкевіча заслугоўвае таго, каб яшчэ раз яе згадаць, пiша «Белсат».

Нашчадак паўстанцкага роду

Род Луцкевічаў мае татарскае паходжанне, ягоны бацька Ян Баляслаў Луцкевіч паходзіў са збяднелага шляхецкага роду герба Навіна. Ён быў удзельнікам Крымскай вайны, за абарону Севастопалю быў узнагароджаны крыжамі Святога Георгія і Святой Ганны і двума медалямі. Сваёй зямлі не меў і арандаваў маёнткі ў іншых уласнікаў.

Ад першага шлюбу Ян Баляслаў меў дзвюх дачок, жонка рана памерла, пакінуўшы зусім малых дзяцей. Другою жонкаю Луцкевіча стала Зоф’я Лычкоўская, з якой у іх нарадзіліся пяцёра дзяцей. Іван (Ян Герман) быў першынец. Ён нарадзіўся 28 траўня (9 чэрвеня) у Шаўлях Ковенскай губерні, дзе Ян Баляслаў у той час працаваў на чыгунцы. Пасля нарадзіліся Вікторыя, Антон, Эмілія і Стэфан. Вікторыя памерла ў маленстве, а Антон пасля стане ягоным паплечнікам у беларускім нацыянальным руху. Малодшы брат Стэфан быў названы ў гонар Стэфана Луцкевіча, бацькавага брата, які быў удзельнікам Студзеньскага паўстання і загінуў у 1863 годзе.

Рана адчуў сябе беларусам

Неўзабаве пасля нараджэння Івана бацьку пераводзяць на працу ў Лібаву. Там, у 1890 годзе, Іван пачынае вучыцца ў гімназіі, дзе вучылася шмат латышоў і літоўцаў. Якраз у гэтыя гады адбываецца іхнае нацыянальнае абуджэнне. Іван сябруе з літоўцамі і наведвае іхны патрыятычны гурток. У гэты перыяд ён і ўсведамляе сябе беларусам, пачынае разумець, што беларусы маюць такое сама права на самавызначэнне, як і іншыя суседнія народы.

У 1895 годзе Луцкевічы пераязджаюць у Менск, але Іван застаецца ў Лібаве, каб скончыць навучанне. Хутка пасля пераезду памірае бацька Ян Баляслаў, і ў 1897-м маці забірае Івана ў Менск, дзе ён працягвае навучанне ў Менскай губернскай гімназіі. Тут, у Менску, Іван з братам Антонам канчаткова ўсвядомілі сябе беларусамі і пачалі гуртаваць вакол сябе аднадумцаў.

За палітычную дзейнасць атрымаў сухоты

У 1902 годзе Іван заканчвае гімназію і разам з братам Антонам едзе ў Санкт-Пецярбург. Ён паступае на юрыдычны факультэт Санкт-пецярбургскага ўніверсітэту і адначасова ў Археалагічны інстытут. У сталіцы Расейскай імперыі Луцкевічы знаёмяцца з Вацлавам Іваноўскім і разам арганізоўваюць Круг беларускай народнай прасветы і культуры. Мэтаю гуртка было стварэнне беларускай школьнай адукацыі і выдавецтва беларускіх кніг.

У гэты час Іван Луцкевіч актыўна шукае кантактаў з рэвалюцыйнымі арганізацыямі, сыходзіцца з сацыял-рэвалюцыянерамі, дзе знаёміцца з сёстрамі Ізмайлавічанкамі з Менску. Увесну 1903 года Іван рыхтуе першамайскую дэманстрацыю, незадоўга да акцыі на кватэры Ізмайлавічанак яго арыштоўвае паліцыя. Да канца лета Іван праседзеў у турме, дзе і захварэў на сухоты.

Увосень таго ж года Іван і Антон Луцкевічы разам з Вацлавам Іваноўскім засноўваюць палітычную арганізацыю «Беларуская рэвалюцыйная грамада» на аснове Беларускай рэвалюцыйнай партыі. Арганізацыя ставіць за мэту змаганне супраць самадзяржаўя, а таксама выступае за дэмакратычны лад: зямлю – сялянам, фабрыкі і заводы – рабочым. Грамада патрабуе навучання на беларускай мове на беларускіх землях.

У 1904 годзе Іван Луцкевіч заканчвае Археалагічны інстытут і едзе ў камандзіроўку для далейшага навучання ў Вену. Там ён знаёміцца з украінскім і польскім нацыянальна-вызваленчымі рухамі. Падчас рэвалюцыі 1905 года прыязджае ў Менск, дзе выступае на мітынгах і сходах. Ягоныя выступы заўсёды адбываюцца на беларускай мове. У лютым 1906-га браты Луцкевічы пераходзяць на нелегальнае становішча і пераязджаюць у Вільню. Гэта трывае да 1908 года.

Публіцыст і масон

Іван Луцкевіч быў ініцыятарам выхаду ў 1906 годзе першай легальнай беларускамоўнай газета «Наша доля». Газета праіснавала нядоўга, выйшлі толькі шэсць яе нумароў, пасля чаго яе забаранілі расейскія ўлады. Адразу пасля забароны пачала выходзіць іншая легальная газета – «Наша ніва». У гэты ж час Луцкевіч займаецца археалагічнаю працай, збірае беларускі антыкварыят, старадрукі і рукапісныя кнігі. Ягоная калекцыя захоўвалася ў рэдакцыі «Нашай нівы» на вуліцы Завальнай 7.

Луцкевіч арганізоўвае настаўніцкія курсы і першыя беларускія школы на Віленшчыне, Гарадзеншчыне, Беласточчыне, збірае і даследуе беларускую старажытнасць. У Вільні Іван актыўна бярэ ўдзел у беларускім нацыянальным руху, стварэнні Беларускага хору і Тэатральнай дружыны. Разам з братам Антонам робіцца заснавальнікам у Вільні масонскай ложы «Еднасць». У гэтай ложы былі рэпрэзентаваныя асноўныя народы беларуска-літоўскага краю.

Іван Луцкевіч цяжка хварэў на сухоты: заразіўся яшчэ ў турме Санкт-Пецярбургу. У сярэдзіне 1919 года хвароба абвастрылася, і ягоная каханая, Юліяна Менкэ, (пазней Вітан-Дубейкаўская) змагла завезці яго на курорт у польскае Закапанэ. Але было ўжо позна. Іван Луцкевіч памёр у Закапаным 20 жніўня 1919 года, быў пахаваны 23 жніўня на Новых могілках на вуліцы Наватарскай.

Вяртанне ў Вільню

Магілу Івана Луцкевіча выкраслілі з рэестраў прыблізна ў 1963 годзе. На гэтым месцы ўжо адбыліся новыя пахаванні. Таму, калі ў 1991-м беларускі гісторык Алег Латышонак паехаў у Закапанэ адшукаць ягоную магілу, ён знайшоў толькі тое месца, дзе быў пахаваны.

«Я паехаў у Закапанэ адшукаць гэтую магілу, але там ужо было іншае пахаванне, – распавядае Алег Латышонак. – Я проста ўзяў зямлі з гэтага месца і завёз у Вільню. Гэта ніякі не прах, а проста зямля з таго месца, дзе ён ляжыць».

Сімвалічнае перахаванне Івана Луцкевіча адбылося 18 траўня 1991 года на віленскіх могілках Росы. На гэтую падзею сабралася вельмі шмат беларусаў з розных гарадоў краіны. Удзельнік тых падзеяў, пісьменнік і журналіст Алесь Аркуш сведчыць, што толькі з Полацку прыехалі больш за два дзясяткі чалавек.

«Там наагул сабралася ўся свядомая Беларусь. Гэта можна было параўнаць з перапахаваннем Кастуся Каліноўскага. Праўда, у 2019-м гэта было больш маштабна, са сцягамі. Але на тое перапахаванне таксама сабралася ўся нацыянальная інтэлігенцыя: пісьменнікі, літаратуразнаўцы, даследчыкі, гісторыкі, мастакі…»

Спадар Алесь згадвае, што перад могілкамі ўсе пашыхтаваліся і пайшлі калонаю. Людзі запоўнілі ўсю гару на Росах, дзе пахаваныя шмат якія дзеячы беларускага адраджэння. Было шмат прамоваў, у тым ліку выступіў і тагачасны лідар Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазняк. Людзей было так шмат, што, паводле Алеся Аркуша, цяжка было падысці, каб сфатаграфаваць выступоўцаў.

У гэты час на Росах ужо была сімвалічная магіла ягонага брата Антона Луцкевіча, які загінуў у сталінскіх лагерах. Таму і пастаноўлена было зрабіць сімвалічную магілу Івана побач з братавай.

«Дзе ж Луцкевічам ляжаць, як не на Росах!» – перакананы гісторык Алег Латышонак.

Алесь Аркуш лічыць, што сімвалічнае перахаванне Луцкевіча было святам нацыянальнай культуры, а пачатак 90-х гадоў быў часам беларускага нацыянальнага ўздыму – у той час утварыліся асноўныя беларускія арганізацыі.

«Я люблю гэты час! Гэта быў час сапраўднай свабоды. Выйшлі кніжкі пісьменнікаў-эмігрантаў, можна было свабодна гаварыць…»

Сімвалічная магіла Луцкевіча можа быць сапраўднаю

Лідар «Беларускай нацыянальнай памяці» Анатоль Міхнавец сцвярджае, што цяпер дакладна ўсталяванае месца пахавання Івана Луцкевіча:

«Было невядома, засталося што ў Закапаным ці не, бо туды пасля Алега Латышонка ніхто не ездзіў. Таму мы адмыслова туды паехалі», – распавядае спадар Анатоль.

Актывісты высветлілі, што імя Івана Луцкевіча значыцца ў дакументах могілак, але паводле запісаў нельга вызначыць месца пахавання. Але Алег Латышонак назваў Анатолю Міхнаўцу імя чалавека, які быў пахаваны пасля Івана Луцкевіча. Аказалася, што на тым жа месцы адбылося яшчэ адно пахаванне. І нават помнік новы ўсталяваны.

Паводле спадара Анатоля, удалося знайсці людзей, чые бацькі пахаваныя на гэтым месцы:

«Яны былі крыху ў разгубленасці, бо першы раз пра гэта пачулі», – кажа Міхнавец.

Чаму так адбылося? Калі сваякі пэўны час не плоцяць за магілу, то гэтае месца прадаецца. Так адбылося і з магілай Івана Луцкевіча. Калі пры новым пахаванні выкопваюць чалавечыя косткі, іх не выкідваюць, проста яны закопваюцца ніжэй у магіле. Вядома, што пры пахаванні на месцы магілы Луцкевіча былі знойдзеныя парэшткі, якія закапалі ніжэй.

«Цяпер праз вядомыя падзеі гэта адышло на другі план, але ёсць ідэя паспрабаваць дамовіцца са сваякамі тых людзей, каб яны дазволілі зрабіць эксгумацыю і аналіз ДНК. Іван Луцкевіч, хутчэй за ўсё, там ляжыць, бо ніхто косці на могілках не выкідае», – упэўнены Анатоль Міхнавец.

Таму ёсць надзея, што праз нейкі час на могілках Росы будзе не толькі сімвалічная магіла Івана Луцкевіча, але і сапраўдная.

Нават праз сто гадоў баяцца

Іван Луцкевіч быў адным з заснавальнікаў газеты «Наша ніва». Адметна, што і пасля смерці ягонае імя часта было звязанае з лёсам газеты.

Гэтак, «Нашу ніву» адрадзілі больш як праз сем дзясяткаў гадоў, у траўні 1991 года. Якраз тады і адбылося сімвалічнае перахаванне Івана Луцкевіча. Сяргей Дубавец, які быў першым рэдактарам адроджанай газеты, кажа, што фармальна гэтыя падзеі паміж сабою не звязаныя, але рэдакцыя гэтую акцыю падтрымлівала і актыўна ў ёй брала ўдзел.

А калі 8 ліпеня сёлета сілавікі ўварваліся ў рэдакцыю «Нашай нівы», то адным з першых пацярпеў бюст Івана Луцкевіча. Яго разбілі на кавалкі, пацвярджаючы той факт, што нават праз сто гадоў пасля смерці ён вораг рэжыму Лукашэнкі.

Застаецца верыць, што неўзабаве імёны Лукашэнкі ды ягоных прыхільнікаў будуць выкінутыя на сметнік гісторыі і такі час у Беларусі больш не паўторацца.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]