Як Караткевіч напісаў верш на музыку паланэза Агінскага.
Мала хто ведае, што свой верш на музыку паланэза Агінскага напісаў і вялікі Уладзімір Караткевіч. Той тэкст амаль забыты, але які ж ён актуальны!
Пра гэта піша Валянціна Андрэева ў артыкуле на «Нашай Ніве».
Тэкст на гэтую мелодыю замовіў Караткевічу хор горада Смаргонь да 200-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага — гэта значыць, у 1965 годзе.
Цікавасць смаргонцаў менавіта да Агінскага тлумачылася вельмі проста: ён быў іх земляком, бо меў радавую сядзібу ў Залессі цяперашняга Смаргонскага раёна.
Тое, што вырашана было звярнуцца менавіта да Караткевіча, таксама было, відаць, невыпадковым: усё ж такі гістарычная тэматыка была «спецыялітэтам» любімага народам аўтара «Дзікага палявання караля Стаха» і іншых папулярных твораў.
Працаваў над тэкстам Караткевіч з характэрнай для сябе заўзятасцю.
Ён пастанавіў для сябе пісаць тэкст, слухаючы музыку. А паўстагоддзя таму гэта было зусім не так проста, як цяпер, калі досыць адкрыць YouTube. Нават прайгравальнік для пласцінак быў тады не ў кожным доме.
Каб найграваць сабе паланэз, Караткевіч ездзіў да свайго сябра Язэпа Хаўратовіча, што жыў каля цяперашняй плошчы Незалежнасці, на Савецкай.
Хаўратовіч вядомы як гісторык, які ў той час працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ (так званым Гістпарце), а пасля амаль 30 гадоў аддаў працы ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя», стаў адным з ягоных твараў. З Караткевічам ён пазнаёміўся праз добрага сябра апошняга, мастака Лявона Баразну, які ў 1972 годзе трагічна загінуў пры да сёння не высветленых абставінах. Ёсць цалкам верагодная версія, што да гэтага прыклалі руку супрацоўнікі КГБ, якім Баразна муляў вочы сваёй актыўнай грамадскай і нацыянальнай пазіцыяй. З Лявонам Язэп Хаўратовіч быў знаёмы і сябраваў з дзяцінства, бо яны былі землякамі і аднагодкамі. А пасля пасябраваў і з ягоным сябрам Валодзем Караткевічам.
У Хаўратовіча была спецыяльная прыстаўка да тэлевізара, што прайгравала пласцінкі. Але ж як ты будзеш пісаць, калі ў кватэры чужыя? Таму пісьменнік прыходзіў на Савецкую дом 14, кватэра 12, пакуль Хаўратовічы былі на працы. Ключ гаспадары адмыслова пакідалі пад каберцам, тады людзі масава так рабілі.
Пасля такіх візітаў гаспадары знаходзілі побач з ключом запіскі накшталт такой:
«Паважаныя Ніна і Язэп!
Урэшце та адарваўся ад спраў і знайшоў час прыйсці і слухаць. Слухаў сто разоў, і калі мне спачатку здавалася, што я нешта разумею, то ў канцы другой гадзіны я запэўніўся, што я варты жалю графаман з вухам, на якое яшчэ ў дзяцінстве наступіў адзін з вучняў Смаргонскай акадэміі, той самай, для якой патрэбен паланэз. (Во стыль! Во нямецкі сказ!) Аднак нічога, слухаць больш не спатрэбіцца. Залаты ключык загарну ў паперу (нібыта ліст) і закіну ў паштовую скрынку, бо, можа, ён вам патрэбен. Зачыніў бы дзверы проста, ды ў вас замок не такі. Шчыры дзякуй за ўсё. Неяк ужо з Лявонам [Баразной] зойдзем да вас. Пайду дахаты. Буду пісаць смаргонскі нацыянальны гімн.
Увесь Ваш Ул. Караткевіч.
P. S. Яшчэ раз прабачце за ўварванне».
Гэты ліст і чарнавікі, дзе адлюстраваліся мукі творчасці класіка, Язэп Хаўратовіч захаваў. А верш у Караткевіча ў выніку атрымаўся магутны.
Адзін з караткевіцкіх чарнавікоў тэксту да паланэза Агінскага. З архіва Язэпа Хаўратовіча.
Нават чарнавыя варыянты часам гучаць прароча. Вось як гэты:
«Чуеш крок загонаў?
Крочаць міліёны.
Прыйдзем мы яшчэ змагацца за цябе, свабода,
Як Кастусь вялікі супраць цёмных зграй…
Проці ўсіх імперый і карон
Народ пакліча волі звон
І ў бітве пераможа ён…»