Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як кобрынскі педыятр судзіцца з «раёнкай» за гонар і годнасць

27.08.2021 политика
Як кобрынскі педыятр судзіцца з «раёнкай» за гонар і годнасць

Некалькі фактаў з жыцця мужнай доктаркі Юліі Рафаловіч.

27 жніўня ў Кобрынскім раённым судзе пачнецца разгляд грамадзянскай справы: педыятр Юлія Рафаловіч супраць рэдакцыі газеты «Кобрынскі веснік». Дзіцячая доктарка будзе бараніць уласныя гонар і годнасць у сувязі з публікацыяй у «раёнцы» 21 красавіка артыкула «Калі забытая клятва Гіпакрата», піша «Новы час».

Аўтар публікацыі паведамляе, што лекарка «з палітычных матываў наадрэз адмовілася… аказваць дапамогу дзіцяці супрацоўніка РАУС». Але праваахоўныя органы не знайшлі ў дзеяннях Юліі Рафаловіч складу злачынства і адмовіліся ўзбуджаць супраць яе крымінальную справу «па факце неаказання медыцынскай дапамогі хворай асобе без уважлівых прычын».

Звернемся да жыццяпісу вядомай кобрынкі Юліі Рафаловіч.

Любоў да людзей і Бацькаўшчыны

У дзяцінстве

Яе маці родам з маленькай вёскі ў Белавежскай пушчы, працавала інжынерам-канструктарам на Мінскім трактарным заводзе, мела шмат патэнтаў на вынаходніцтвы. Бацька родам з Гатава, што пад Мінскам, выкладаў фізічную культуру ў адной са сталічных школ, даў пуцёўку ў спорт шматлікім вучням, у тым ліку алімпійскаму чэмпіёну па тэнісе Максу Мірнаму. Штогод падчас летняга адпачынку бацька з сябрамі кіраваўся на заробкі, каб матэрыяльна падтрымаць сям'ю, у якой гадаваліся дачка і сын.

Юлія нарадзілася ў Кобрыне і з дзяцінства выхоўвалася на гуманістычных традыцыях беларускай інтэлігенцыі, што грунтуюцца на любові да людзей і Бацькаўшчыны, клопаце пра іншых, сумленнасці, сціпласці, працавітасці, адказнасці, празе да ведаў, да засваення культурнай і мастацкай спадчыны, у тым ліку нацыянальнай. Вось чаму дзяўчынка з імпэтам далучылася да скарбаў сусветнай і беларускай літаратуры і музыкі, вучылася ігры на флейце, наведвала музеі і мастацкія галерэі, тэатры і канцэртныя залі. Фізічнай і маральнай загартоўцы дзяўчынкі паспрыялі і матэрыяльныя нястачы сям’і, у тым ліку шматгадовае жыццё ў цеснаце камунальнай кватэры ў рабочым пасёлку МТЗ. Чым магла, Юлія дапамагала бацькам, ад маці навучылася шыць. Дзякуючы сваёй стараннасці і ўдумлівасці скончыла сярэднюю школу са срэбраным медалём.

Затым набывала прафесію педыятра ў Мінскім медыцынскім інстытуце, бо, на меркаванне дзяўчыны, дзеці — самыя ўдзячныя пацыенты. У свой час маленькую Юлію ўратавалі дзіцячыя хірургі. А цяпер адна з яе былых пацыентак ідзе па слядах сваёй доктаркі і сама вывучае педыятрыю ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце.

Кляймо «ворага народа»

У студэнцкія гады (другая злева ў верхнім шэрагу)

На чацвёртым курсе Юлія пазнаёмілася з кобрынцам — студэнтам Мінскага радыётэхнічнага інстытута Віктарам — і трагічным мінулым яго сям’і: за Саветамі былі рэпрэсаваныя і сасланыя ў Сібір бацька, цётка і дзядзька юнака. Ён узгадваў, што яго вельмі дружныя сваякі па вяртанні на Бацькаўшчыну часцяком сустракаліся. Аднак пакуты гэтых былых ссыльных былі настолькі жудасныя, што і праз гады ўсе размовы сваякоў звычайна заканчваліся слязьмі… Наймацней іх абражала несправядлівасць кляйма «ворагаў народу» і яны больш не жадалі жыць з гэтым таўром. Так, Віктар шматкроць запытваўся: як можна лічыць «ворагам народа» яго бацьку, які падчас Другой сусветнай вайны 12-гадовым хлапчуком быў галавой сям’і, бо на Алтаі з 1942 года рабіў танкі для Чырвонай Арміі і на свае прадуктовыя карткі карміў усіх суродзічаў?

З мужам Віктарам

Знаёмства са светам пакут цэлай сям’і моцна паўплывала на фарміраванне маральных і грамадзянскіх якасцей будучай доктаркі. Пасля шлюбу з Віктарам маладыя пераехалі ў Кобрын, дзе спадарыня Юлія стала працаваць участковым педыятрам, а муж заняўся прадпрымальніцтвам. Увесь свой вольны час сям’я прысвяціла клопатам прыватнага жыцця, у першую чаргу — выхаванню сына і дачкі.

Добрае слова лечыць

Разам з тым, адміністрацыйны ўціск і залішняя бюракратызацыя працы прымусілі маладую лекарку прынцыпова паставіцца да сваіх службовых абавязкаў. Трэба было выбіраць паміж педантычным запаўненнем стосаў папер і жывым кантактам з дзецьмі і іх бацькамі. І маладая доктарка выбрала апошняе. Яе крэда было простым і адказным: любоў і павага да ўсіх сваіх маленькіх пацыентаў і іх сваякоў, нават тых, хто спачатку канфліктаваў і грукаў дзвярыма на выхадзе з кабінета педыятра. Яна ўпэўнілася: каб дабіцца даверу дзяцей, не трэба шкадаваць часу на размовы з імі, бо добрае слова не толькі падабаецца хлопчыкам і дзяўчынкам, але надае ім веры ў свае сілы і дапамагае адольваць хваробу. У адказ спадарыня Юлія атрымала любоў і павагу не толькі дзяцей і іх блізкіх, але і ўсіх тых, хто мае гонар быць знаёмым з ёю.

Высокая цана за грамадзянскую пазіцыю

Падчас працы педыятрам у Кобрынскай цэнтральнай раённай лякарні

Фальсіфікацыя вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалт сілавікоў сваёй несправядлівасцю і жорсткасцю глыбока абурылі спадарыню Юлію. І яна адкрыта выступіла супраць гэтых заган нашага жыцця. У адказ — суды, штрафы, зняволенне, звальненне з працы і зневажальная публікацыя ў газеце. Апроч таго, пераслед жанчыны выявіўся пагрозамі завядзення на спадарыню Юлію крымінальнай справы, праблема мужу на працы, адмовы сыну, які вучыцца ў Польшчы, права перасекчы мяжу ды вярнуцца на радзіму. 10 жніўня 2020 года ў Кобрыне сын лекаркі быў затрыманы, збіты і асуджаны на 15 сутак.

Ва ўсіх гэтых захадах была праігнараваная 20-гадовая бездакорная праца доктаркі, партрэт якой упрыгожваў Дошку гонару лякарні, шчыры клопат педыятра пра маленькіх кобрынцаў у любы час сутак, а не толькі ў працоўны. Была пакінутая без увагі і просьба грамадскасці да галоўнага доктара бальніцы Мікалая Брашко не звальняць лекарку, хоць пад такім зваротам былі сабраныя больш за 800 подпісаў.

Як бачым, за адстойванне сваёй пазіцыі Юлія Рафаловіч плоціць высокую цану. Аднак псіхолагі лічаць, што людзі, здольныя не толькі аналізаваць і крытычна мысліць, але і знаходзіць у сабе сілы маральнага супраціву, заўжды аздараўляюць грамадства сваім адважным і сумленным чынам. Бо сеюць дабро.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]