Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Усяслаў Чарадзей, які выстаяў

29.08.2021 общество
Усяслаў Чарадзей, які выстаяў

Гісторыя выбітнага беларускага ваяра і князя.

Рэдкі выпадак: хоць Полацкі летапіс не захаваўся і ўсё, што мы ведаем пра гэтага князя, належыць пяру яго праціўнікаў, веліч яго постаці неаспрэчная. Пра Усяслава Брачыславіча піша кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук.

«У год 6609-ы. Памёр Усяслаў, полацкі князь, у месяцы красавіку на 14-ы дзень, у 9 гадзін дня, у сераду». Амаль тысячу год таму, у 1101 годзе, кіеўскі аўтар «Аповесцi мiнулых гадоў» вельмі дакладна зафіксаваў смерць унікальнай асобы сярэднявечнай гісторыі Усходняй Еўропы — полацкага князя Усяслава Брачыславіча. За ўвесь час ад смерці ў 1054 годзе кіеўскага князя Яраслава Уладзіміравіча, празванага Мудрым, да мангольскай навалы ў 30—40-я гады ХІІІ стагоддзя ён быў адзіным князем, які займаў, хай сабе і непрацяглы час, кіеўскі пасад, не будучы нашчадкам Яраслава.

Захоп Яраславічамі менчукоў у палон. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу (спіс XV стагоддзя).
Фото: wikimedia

Але да такой падрабязнай пазнакі не толькі дакладнай даты, але нават і гадзіны смерці, што фактычна была прызнаннем важнасці асобы князя не толькі для Полацка, кіеўскія летапісцы прыйшлі не адразу. Спачатку яны ахвотна перадавалі чуткі пра нараджэнне Усяслава нібыта ад чарадзейства і праз гэта ягоную прыродную драпежнасць.

Прычынай таму былі складаныя адносіны Усяслава з Кіевам.

Княства ад вытокаў да вусця Дзвіны

Усяслаў Брачыславіч «сеў на стол» свайго бацькі Брачыслава Ізяславіча ў 1044 годзе, маючы 15—16 гадоў. Цягам першых 16 год ягонага кіравання кіеўскія крыніцы нічога не паведамляюць пра Полаччыну і дзейнасць маладога князя. Найпраўдападобней, гэта тлумачыцца тым, што дзейнасць Усяслава тады не выходзіла за межы Полацкай зямлі, а Яраслаў і ягоныя дзеці былі занятыя сваімі ўласнымі справамі.

Археалагічныя даследаванні апошніх 35 гадоў пераканаўча сведчаць, што менавіта пры Усяславе ў сярэдзіне ХІ стагоддзя заканчваецца працэс пераносу адміністрацыйнага цэнтра Полацка з гарадзішча Рагвалода на Верхні замак. Тут у 1050-х малады князь пабудаваў велічны Сафійскі сабор (трэці ва Усходняй Еўропе пасля кіеўскага і наўгародскага), які зрабіўся не толькі духоўным сімвалам, але таксама цэнтрам засяроджання палітычнай і адміністрацыйнай улады Полацка.

Усяслаў перанёс адміністрацыйны цэнтр Полацка з гарадзішча Рагвалода на Верхні замак. Тут у 1050-х малады князь пабудаваў велічны Сафійскі сабор.

Таксама Усяслаў Брачыславіч актыўна займаўся ўмацаваннем знешніх межаў Полацкага княства і пашырэннем яго тэрыторыі. Полацкая зямля на гэты час ахоплівала плошчу каля 100 тысяч км 2, як сучасныя Паўднёвая Карэя ці Ісландыя альбо як паў-Беларусі. Яно межавала на поўдні з Тураўскім княствам, якое знаходзілася пад уплывам Кіева, на поўначы і паўночным усходзе — з Наўгародскай зямлёй, на ўсходзе — з наваствораным Смаленскім княствам, на захадзе і паўночным захадзе — з балцкімі плямёнамі. Упарадкоўваліся старыя гарады і памежныя крэпасці (Ізяслаўль, Віцебск, Друцк, Дрысвяты, Браслаў), а таксама будаваліся новыя: Менск на Нямізе, Лагойск, Лоск, Герцыке і Кукенойс.

Найбольш паспяхова дзяржаўная ўлада князя Усяслава Брачыславіча пашыралася на тэрыторыі, населеныя балцкімі і прыбалтыйска-фінскімі плямёнамі, уздоўж галоўнай жыццёвай артэрыі Полацка — Дзвіны. Полацкія князі імкнуліся кантраляваць раку ад вытокаў да вусця. Пры бацьку Усяслава, Брачыславе, з далучэннем у 1021 годзе Віцебска і Усвятаў улада Полацка пашырылася на Верхняе Падзвінне.

А Усяслаў паставіў сабе за першую палітычную мэту авалоданне Ніжнім Падзвіннем і паспяхова яе выканаў. Лівы, якія жылі на Балтыйскім узбярэжжы, і суседнія з імі народы, земгалы і куршы, падначаліліся Полацкаму княству як даннікі і ваенныя саюзнікі. А найбліжэйшыя суседзі Полацка, латгалы і селы, не згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» як даннікі Полацка толькі таму, што іх тэрыторыі ў другой палове ХІ стагоддзя непасрэдна ўвайшлі ў склад Полацкага княства. Менавіта тут з’явіліся полацкія гарады-фарпосты Герцыке і Кукенойс.

Заклятыя саюзнікі

У 1060 годзе сыны Яраслава Мудрага, Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад, разам з Усяславам удала схадзілі ў стэп на вайну з качавым племенем торкаў. Полацкі князь за саюзніцкую падтрымку атрымаў тэрыторыі на Дняпры ў раёне Оршы і Копысі. Падобным чынам, дарэчы, яшчэ ў 1021 годзе Яраслаў аддаў Брачыславу Віцебск і Усвяты.

Але саюзніцкія адносіны Полацка і Кіева цягнуліся толькі да сярэдзіны 1060-х, калі Усяслаў Брачыславіч быў вымушаны іх парушыць і ўступіць у дваццацігадовую канфрантацыю з сынамі і ўнукамі Яраслава. Летапісы не гавораць наўпрост пра прычыны разладу, але, супаставіўшы факты, пра іх можна здагадацца.

Справа ў тым, што ў 1054 годзе памёр кіеўскі князь Яраслаў, пасля чаго вядучай палітычнай сілай на Русі стаў саюз трох ягоных старэйшых сыноў — Ізяслава, Святаслава і Усевалада. Галоўнай мэтай палітыкі гэтага трыумвірату было ўмацаванне і пашырэнне кіеўскай улады на землях Усходняй Еўропы. Натуральна, што ў такой палітычнай сітуацыі раней альбо пазней Яраславічы мусілі звярнуць сваю ўвагу на Полацкае княства.

Ужо пасля сумеснага паходу старэйшых Яраславічаў з Усяславам на торкаў кіеўскі князь Ізяслаў разам з наўгародцамі выправіўся на сасолаў — народ, які жыў у паўднёва-заходняй частцы цяперашняй Эстоніі, — і абклаў іх данінай. Сасолы былі найбліжэйшымі суседзямі ліваў, даннікаў Полацка. Пашырэнне кіеўска-наўгародскай улады на гэты прыбалтыйска-фінскі народ было ўспрынята ў Полацку як пагроза яго кантролю над дзвінскай гандлёвай камунікацыяй і падпарадкаванымі яму тэрыторыямі ліваў, куронаў, земгалаў.

У той жа час Яраславічы ўзмацнілі свае пазіцыі на шляху «з вараг у грэкі», усталяваўшы кандамініум у Смаленскай зямлі. А гэта стварала небяспеку ўжо ўсходнім межам Полацкага княства. Так што, несумненна, менавіта жаданне перашкодзіць памкненням Кіева падпарадкаваць усё навокал, уключна з Полацкам, і стала галоўнай прычынай канфрантацыі Усяслава з кланам Яраславічаў.

«Всеслав рать почал»

Спачатку больш актыўным у супрацьстаянні Усяслаў Брачыславіч — Яраславічы быў полацкі князь. У другой палове 1060-х ён напаў спачатку на Пскоў, пасля на Ноўгарад. У апошнім была абрабавана нават галоўная святыня — Сафійскі сабор, што сведчыць пра сур’ёзнасць намераў Усяслава ў гэтым канфлікце. Хутчэй за ўсё, ён хацеў нейтралізаваць Ноўгарад, каб узмацніць свой кантроль над балтыйскім узбярэжжам.

Адказ Яраславічаў быў хуткім і жорсткім. Браты, аб’яднаўшы свае войскі, рушылі ў кірунку паўднёва-заходніх межаў Полацкай зямлі — да Менска. Спачатку яны перарэзалі мянян, як называлі тады жыхароў сённяшняй сталіцы, а пасля сутыкнуліся ў баі непасрэдна з Усяславам.

Бітва на Нямізе вясной 1067 года скончылася перамогай паўднёварускіх князёў, аднак Усяслаў заставаўся моцны і небяспечны. Таму праз чатыры месяцы, 10 ліпеня 1067 года, Яраславічы запрасілі полацкага князя на перамовы, быццам бы заключыць перамір’е, пры гэтым цалавалі крыж, што не зачэпяць яго. Але як толькі ладдзя з Усяславам і яго двума сынамі прыбыла ў Смаленск, Ізяслаў Яраславіч паланіў княскую сям’ю і даставіў у Кіеў, дзе ўсіх трох пасадзілі ў зямлянку-поруб.

Бітва на Нямізе. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу.
Фото: wikimedia

Невядома, колькі б праседзеў Усяслаў у такой турме пры іншай хадзе падзей, але ў наступным 1068 годзе на рускую зямлю напалі качэўнікі-полаўцы і разбілі аб’яднанае войска братоў Яраславічаў. Кіяне запатрабавалі ад князёў аб’явіць усеагульны збор зброі і коней, каб выступіць супраць ворага. Тыя не паслухаліся, і кіеўскія людзі (хутчэй за ўсё, з намовы купцоў з полацкага двара ў Кіеве) вызвалілі з поруба полацкага князя, абвясціўшы яго сваім уладаром. Ізяслаў уцёк з Кіева па дапамогу ў Польшчу, а Усяслаў Брачыславіч пасля таго сем месяцаў (ад 15 верасня 1068-га да канца красавіка 1069-га, калі верыць летапісу) займаў кіеўскі пасад — найбольш прэстыжны ва ўсёй тагачаснай Русі.

У Кіеве — на карысць Полацку

Гэтыя сем месяцаў князь скарыстаў, каб максімальна перашкодзіць Яраславічам пабудаваць цэнтралізаваную імперыю ва Усходняй Еўропе. Праўдападобна, што Усяслаў здолеў зацікавіць Святаслава і Усевалада Яраславічаў новымі тэрыторыямі ўзамен на лаяльнасць. За сабою Усяслаў пакінуў Кіеў і, натуральна, родны Полацк, а да гэтага дадаў яшчэ Смаленск. Чарнігаўскаму князю Святаславу адышоў Ноўгарад, бо мы бачым на тамтэйшым пасадзе ягонага сына Глеба, а пераяслаўскаму князю Усеваладу дасталася Валынь, дзе мы сустракаем ягонага сына Уладзіміра, будучага Манамаха.

Усяслаў на кіеўскім троне. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу.
Фото: wikimedia

Але пасля перамогі над Яраславічамі ў пачатку верасня 1068 года полаўцы праз два месяцы зноў напалі на русічаў — гэтым разам на Чарнігаўскае княства. Праўда, гэтым разам няўдала. Летапіс інфармуе, што супраць нападнікаў выступіў Святаслаў Яраславіч Чарнігаўскі з 3 000 ваяроў. 1 лістапада рускія войскі перамаглі полаўцаў і нават захапілі ў палон іх правадыра.

Імя кіеўскага князя Усяслава Брачыславіча аўтарам летапісу, складзенага ў пачатку ХІІ стагоддзя на палітычную замову кіеўскай княскай дынастыі, не згадвалася. Але варта задумацца, ці настолькі моцны і ўплывовы быў Святаслаў, а патэнцыял Чарнігаўскага княства такі магутны, каб у трохі большы за месяц ад мінулай супольнай паразы тэрмін у яго атрымалася самастойна сабраць даволі значнае войска і атрымаць над качэўнікамі такую ўпэўненую перамогу?

Хутчэй за ўсё, на чале арганізацыі абароны паўднёвых межаў Русі стаяў усё ж кіеўскі князь Усяслаў Брачыславіч, чаго і хацелі ад яго кіяне, калі вызвалілі з поруба. Да кіеўскага апалчэння далучыліся дружыны Святаслава і Усевалада Яраславічаў, а таксама ўласная Усяслава. А на чале новага войска стаў старэйшы з Яраславічаў — Святаслаў, бо ён быў найбольш дасведчаны ў вайсковай справе, а да таго ж непасрэдна зацікаўлены ў абароне свайго Чарнігаўскага княства ад полаўцаў. Сам жа кіеўскі князь застаўся ў сталіцы ўпарадкоўваць сваю ўладу і вырашаць бягучыя справы.

Усяслаў высылае Святаслава на полаўцаў. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу.
Фото: wikimedia

Калі ж на Кіеў рушыў разам з войскам польскага князя Баляслава Смелага Ізяслаў Яраславіч, Усяслаў не стаў змагацца за велікакняскі пасад, а ўцёк у родны Полацк. Кіеўскі сталец ён займаў сілай абставін, не меў намеру сядзець на ім доўга, а таму было б марнаваннем сілаў за яго ваяваць. Тым больш што ўсё, што ён мог зрабіць для свайго княства, князь ужо зрабіў: пасварыў братоў і тым самым аслабіў іх.

Кіеў не адступае

Ізяслаў, аднак, выгнаннем Усяслава не палічыў канфлікт вычарпаным. Ён пайшоў з польскім войскам следам за полацкім князем ды выгнаў таго ў 1069 годзе з Полацка. На непрацяглы час на Полаччыне ўсталявалася ўлада сыноў Ізяслава Яраславіча і польскай князёўны Гертруды — цёткі Баляслава ІІ Смелага. Але з Ізяславам мы не бачым ягоных родных братоў Святаслава і Усевалада. Хутчэй за ўсё, яны абралі тактыку чакання: дадзеных ім Усяславам земляў яны старэйшаму брату не вярталі і сваіх войскаў у дапамогу не пасылалі.

Полацкі князь жа ў той час не меў дастаткова сілаў, каб пазмагацца за родны горад, таму быў вымушаны падацца на эміграцыю, да балцкіх народаў. Недзе там, адносна недалёка ад радзімы, ён назапашваў вайсковыя сілы, каб вярнуцца ў родны Полацк у 1071 годзе.

Першым захадам Усяслава пасля вяртання была спроба вярнуць паўднёвыя тэрыторыі свайго княства з цэнтрам у Менску, аднавіць і ўзмацніць полацка-кіеўскую мяжу. Але пасля няўдалага паходу 1071 года ён ад адкрытага ваеннага змагання перайшоў да дыпламатычных сродкаў і прапанаваў кіеўскаму князю мір. А тут якраз у 1073 годзе браты выгналі Ізяслава з Кіева, і вялікім князем зрабіўся больш лаяльны да Чарадзея Святаслаў Яраславіч Чарнігаўскі.

Праўда, праз тры гады Святаслаў памёр. Яго месца заняў апошні Яраславіч — Усевалад (княжыў у 1077—1093 гадах).

Менавіта Усевалад і ягоны сын Уладзімір Манамах ініцыявалі новае абвастрэнне адносін з Полацкам. Падпарадкаваць апошні Кіеву, за кошт яго пашырыць свае тэрыторыі, а калі не, дык сплюндраваць і аслабіць Полацкую зямлю і яе князя — вось мэты іх палітыкі.

Кідаецца ў вочы, што вайсковыя паходы паўднёварускіх князёў на Полацкую зямлю вылучаліся на фоне звычайных тагачасных вайсковых кампаній асаблівай лютасцю. Улетку 1077 года паход на Полацк здзейснілі Усевалад з Уладзімірам Манамахам; зімой 1077—1078 года — Манамах з наўгародскім князем Святаполкам Ізяславічам. Гэтым разам Яраславічы ўпершыню выкарысталі ў міжусобнай барацьбе агульнаславянскіх ворагаў — полаўцаў. У 1078 годзе Усяслаў напаў на Смаленск, а Кіеў у адказ панішчыў тэрыторыі Полаччыны ад Лукомля да Лагойска і ад Лагойска да Друцка. Нарэшце, 1085 год — поўнае знішчэнне Уладзімірам Манамахам Менска, у якім не ацалела «ні чэлядзь, ні скаціна».

А што Усяслаў? Па магчымасці ён бараніў сваю зямлю, часам атакаваў суседнія варожыя тэрыторыі, як у 1078 годзе Смаленск ці трэці раз Ноўгарад. Але больш увагі полацкі князь у апошнія дзесяцігоддзі свайго кіравання надаваў унутранаму ўпарадкаванню сваёй дзяржавы: адбудове знішчаных гарадоў, умацаванню ўлады над падпарадкаванымі суседнімі балцкімі і фінскімі народамі ды ўмацаванню вонкавых межаў сваёй краіны. А таму, нягледзячы на вялікія намаганні Усевалада Яраславіча, падпарадкавання Полацкага княства Кіеву тады так і не адбылося.

Пасля Усяслава

Смерць Усяслава Брачыславіча ў 1101 годзе прынесла палёгку варожым Полацку сілам — нашчадкам Яраслава, якія панавалі ў суседніх з ім княствах. Полацкая зямля, падзеленая паміж сынамі Усяслава на ўдзелы, уяўляла ўжо меншую пагрозу для Кіева і Ноўгарада. А канчаткова полацкая пагроза знікла пасля захопу Уладзімірам Манамахам Глеба Усяславіча Менскага і ягонай смерці ў 1119 годзе ў Кіеве ды пасля высылкі часткі полацкіх князёў у 1129 годзе ў Візантыю князем Мсціславам Уладзіміравічам.

Але ліквідаваўшы Полацк як канкурэнта на палітычнай мапе Усходняй Еўропы, нашчадкі Яраслава не змаглі сцерці вобраз Усяслава Брачыславіча з памяці кіян і наўгародцаў. Яшчэ ў 1147 годзе падчас бунту ў Кіеве супраць Усевалада Алегавіча Чарнігаўскага кіяне нагадвалі князю, што аднойчы яны ўжо самі паставілі сабе кіраўніка і могуць паўтарыць.

Цікава, што супярэчлівасць ацэнак учынкаў і дзейнасці полацкага князя Усяслава сярод сучаснікаў, зафіксаваная ў крыніцах, захавалася і нават замацавалася ў сучаснай гістарыяграфіі.

З пункту гледжання існавання адзінай «Старажытнай Русі» альбо «ўсходнеславянскага братэрства», Усяслаў — сепаратыст, які імкнуўся зламаць усталяваную сацыяльна-палітычную і гаспадарчую сістэму гэтай дзяржавы і пашырыць свае тэрыторыі цаной захопу новых земляў у суседзяў. Аднак з пазіцый палачан Усяслаў Брачыславіч быў гарантам іх самастойнасці.

Пры ім Полацкая зямля канчаткова ператварылася ў самастойную раннесярэднявечную дзяржаву, якая характарызавалася наяўнасцю ўсіх неабходных атрыбутаў і палітычных інструментаў: стабільнай тэрыторыі, найвышэйшай улады ў асобе князя, уласнай дынастычнай лініі, апаратаў прымусу і ідэалогіі, рэлігійнай арганізацыі і ўзброеных сіл. Гэта ўсё дазваляла полацкаму князю праводзіць незалежную ад якога-небудзь цэнтра замежную і ўнутраную палітыку.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]