Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«На знак салідарнасці з намі Мінск скалануўся ад рову клаксонаў»

31.08.2021 общество
«На знак салідарнасці з намі Мінск скалануўся ад рову клаксонаў»

25 год без «Радыё 101,2».

Чвэрць стагоддзя таму ўлады знішчылі першую недзяржаўную беларускамоўную прыватную радыёстанцыю — «Радыё 101,2 FM». Нагода была чыста фармальнай, надуманай, а малады, таленавіты калектыў самабытнага, сапраўды беларускага радыё мусіў быў гвалтоўна спыніць сваё існаванне, пiша «Новы час».

Генадзь Кеснер: На знак салідарнасці з намі Мінск скалануўся ад рову клаксонаў. А мы проста заплакалі…

...30 жніўня 1996 года мы рыхтаваліся пасля эфіру адзначыць Дзень нараджэння нашай кіраўніцы — Жанны Літвіной. Праца яшчэ ішла поўнай хадою, аднак свабодныя калегі ўжо пачалі накрываць на стол. Тут раптам з факсу вылезла паперчына — не на бланку, без пячаткі, набраная дробным шрыфтам. Без залішніх уступаў там значылася, што «з мэтай выключэння перашкод у прыёмных каналах ЦС РТС «Алтай» эксплуатацыю перадатчыка на частаце 101,2 МГц з выкарыстаннем АФС на апоры па адрасе вул. Камуністычная, 6 спыніць ад 1 верасня 1996 г. Нач. БелГІЭ Ніканаў».

У першыя хвіліны мы не маглі зразумець, што ўсё гэта азначае. Потым стала ясна, што нас закрываюць. Зноў надумана, зноў нахабна, без дай прычыны. Нешта падобнае мы — а гэта людзі з «Радыё 101,2», што раней працавалі на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» (на дзяржаўным радыё), якую ў 1994 годзе гэтак жа надумана зліквідавалі напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў з ініцыятывы тагачаснага ўраду пад кіраўніцтвам Вячаслава Кебіча — ужо аднойчы перажылі, і яшчэ вельмі свежымі былі шнары на сэрцы пасля той нашай асабістай трагедыі. І вось цяпер зноў…

На «Маладзёжцы» мы таксама працавалі з вялікім задавальненнем, але на «Радыё 101,2» — з яшчэ большым, бо гэта было наша, уласнае дзіця, народжанае галоўнай рэдактаркай БМ Жанай Літвіной, гукарэжысёрам Зміцерам Новікавым (цяпер дырэктар Еўрапейскага радыё для Беларусі) і некаторымі іншымі паважанымі людзьмі. І вось цяпер нас пазбаўляюць гэтага дзіцяці. За што? А вельмі проста. Пазней на адной прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне журналісткі Радыё Свабода Вольгі Караткевіч, якая сама раней працавала і на «Радыё 101,2 FM», дагэтуль бяззменны правадыр без усякіх выдумак і мудрагелістасцяў адказаў: «Нікому на дзяржаўнай частаце за дзяржаўныя грошы праводзіць антыдзяржаўную палітыку дазволена не будзе». Няўцям, відаць, было афіцыйнаму лідару, што гэта — ПРЫВАТНАЕ радыё, якое не толькі не бярэ грошы ў дзяржавы, але наадварот, папаўняе дзяржаўную скарбонку праз падаткі. Дарэчы, і афіцыйная матывацыя пра нібыта перашкоды нашага перадатчыка для міліцэйскіх частот была хлуснёй — міліцэйскія радыёстанцыі кшталту «Алтай» у той час працавалі ў дыяпазоне 300 — 344 МГц.

Якую «антыдзяржаўную палітыку» праводзіла «Радыё 101,2», Лукашэнка не растлумачыў, як не зрабілі гэтага і іншыя яго памагатыя ў асобах чыноўнікаў самага рознага пашыбу. Магчыма, такую, што наша радыё было цалкам беларускамоўным і што мы не круцілі ў сваіх эфірах танную безгустоўную папсу, асабліва рускамоўную? Што ў нас былі асветніцкія праграмы? Што мы распавядалі пра айчынны і замежны рок? Што мы шанавалі нацыянальную гісторыю і культуру? Што на нашай частаце гучалі не прадузятыя аб’ектыўныя навіны? Што да нас у эфір прыходзілі выбітныя асобы, якім не знаходзілася месца ў эфірах іншых радыёстанцый і ўвогуле ў дзяржаўных медыя, да прыкладу, былыя старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Георгі Таразевіч, Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб? Я ўжо не кажу пра не вельмі шанаваных уладамі вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў, музыкаў, актывістаў недзяржаўных прафсаюзаў.

Варта згадаць, што набліжаўся сумна вядомы лістападаўскі плебісцыт 1996 года, які фактычна зрабіў неабмежаванай прэзідэнцкую ўладу ў Беларусі і перад якім незаконна быў пазбаўлены пасады і гвалтоўна выкінуты са свайго кабінету старшыня Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар, месца якога заняла Лідзія Ярмошына, якая дагэтуль ачольвае ЦВК і пры якой ніводная (!) выбарчая кампанія не была прызнаная беларускай і міжнароднай дэмакратычнай супольнасцю.

Магчыма, не апошнюю ролю сыграла і тое, што «Радыё 101,2» пэўным чынам паспрыяла абранню дзеяздольнага Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Па Мінску заставалася багата вакантных дэпутацкіх месцаў, бо народ на выбары не ішоў, а дзяржаўныя медыя фактычна ігнаравалі парламенцкую кампанію пасля таго, як вельмі адмоўна пра яе выказаўся Лукашэнка. Маўляў, сам ён галасаваць не пойдзе, бо «всё равно обманут». У асноўны дзень галасавання дадатковага туру мы прыдумалі аўдыёролік пра вядомых парасяткаў:

— Ніф-Ніф!

— Што, Нуф-Нуф?

— Ты прагаласаваў?

— Не!

Кажуць, што мінчукі, пачуўшы гэты ролік на нашай хвалі, пашыбавалі на выбарчыя ўчасткі, кампанія адбылася, а такі непажаданы для афіцыйнага кіраўніка дзяржавы парламент быў абраны. Падобнае правадыр не забывае і не даруе ніколі і нікому. Магчыма, і гэта мелася ім на ўвазе пад «антыдзяржаўнай палітыкай»?

Сімвал радыёстанцыі. Аўтар малюнка мастак Сяргей Сялецкі

… «Радыё 101,2 FM» праіснавала крыху больш за год, але такі непрацяглы час стала вельмі папулярным у сталіцы і ў Мінскай вобласці. А таксама паспяховым бізнес-праектам. Пашырыцца мы не паспелі — нам проста не далі гэта зрабіць. Як і рэалізаваць шмат іншых праектаў, як то стварэнне сваёй вялікай музычнай студыі, уласнай кавярні і гэтак далей.

Баючыся свабоднага слова ў любым фармаце, улада прадэманстравала сваю «сілу» праз задушэнне таго самага свабоднага слова. Потым, цягам чвэрць стагоддзя, рэжым будзе яшчэ вельмі часта і шмат забараняць незалежныя выданні, радыёстанцыі, звальняць «непатрэбных» яму журналістаў з дзяржаўных СМІ, адным словам, «зачышчаць» інфармацыйную прастору. Афіцыйна ўжо ліквідавалі Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ), у краіне няма ніводнага незалежнага грамадска-палітычнага радыё і тэлеканалу, не магчыма набыць друкаваныя недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні. Такое вось супадзенне — 25 год таму знішчана «Радыё 101,2», роўна праз 25 год знішчаецца БАЖ. І кожным разам гэта адбываецца напярэдадні дня нараджэння бяззменнага кіраўніка дзяржавы. А ці супадзенне гэта? Або такі своеасаблівы падарунак яму ад адданых падначаленых?

У гэтым будынку размяшчалася «Радыё 101,2». Аўтар фота: Liashko, commons.wikimedia.org

… «Радыё 101,2 FM» змушана спыніла сваё вяшчанне 1 верасня 1996 года. Напярэдадні, 31 жніўня, апошняй у нашым эфіры стала кампазіцыя слыннага расійскага рок-гурта «Чайф» «Не спяшайцеся нас хаваць», які за некалькі месяцаў да гэтага быў у мяне ў гасцях у жывым эфіры ў нашай студыі на вуліцы Рэвалюцыйнай, 8а. Мадэратары Вольга Бабак і Ірына Курапаткіна на развітанне папрасілі нашых слухачоў, хто за стырном, прасігналіць на знак салідарнасці з намі. Мінск скалануўся ад рову клаксонаў. А мы проста заплакалі…

… Сумны юбілей. І яшчэ больш сумны таму, што за гэты час пайшлі ў лепшы свет некаторыя з тых, хто прысвяціў сябе «Радыё 101,2». Гэта журналісты Вольга Караткевіч і Юрась Бушлякоў, гукарэжысёр Уладзімір Сакульскі, рэкламны менеджар Ганна Вольская, бухгалтар Святлана Багачова. Светлая ім памяць. Як і памяць Нашаму Радыё 101,2 FM…

Вольга Бабак: На «101,2» ты выконваў місію, нават калі проста балбатаў у эфіры

Калектыў «101,2». Вольга Бабак у ніжнім шэрагу крайняя злева. Фота Радыё Свабода

Рэдакцыю «Беларускай маладзёжнай», дзе я рабіла свае першыя крокі ў журналістыцы, расфарміравалі напярэдадні выбараў 1994 года пад маркай рэфармавання дзяржаўнага радыё. Супрацоўнікам тады прапанавалі размеркавацца па іншых рэдакцыях. Але, бадай, усе звольніліся па ўласным жаданні, у тым ліку і я. Не сказаць, што я ва ўсё тады ўнікала, але мне было зразумела, што я сыходжу разам з калектывам. Я не ўяўляла, як я буду працаваць з іншымі людзьмі.

У 1995 годзе Фонд Сораса выдатакаваў грошы на FM-перадатчык. Арганізацыйнымі момантамі займаліся Зміцер Новікаў і Жанна Літвіна. У ліпені 1995 года стала працаваць FM-станцыя, касцяком якой сталі тыя працаўнікі, якія сышлі з дзяржаўнага радыё. Адтуль да нас прыйшлі працаваць і гукарэжысёры, у тым ліку, і мой муж Анатоль Додзь. Прыходзілі і новыя людзі, у асноўным — моладзь. Але яны адразу станавіліся сваімі. Тады радыё вяшчала на Мінск. У FM-дыяпазоне акрамя нас працавалі Радыё РОКС і Радыё Бі-Эй.

Спачатку я начытвала навіны і рэкламу. Некаторы час я баялася мікрафону, калі даводзілася чытаць нешта ў жывым эфіры… Аднак праз некалькі месяцаў я дайшла да жывых эфіраў, а напрыканцы працы на радыё — стала дыджэем, вяла аўтарскую праграму. Там я для сябе адкрыла музыку: нам адна амерыканская кантора дасылала свежыя хіты, таму мы былі курсе ўсіх музычных навінак. Гэта была важная для маладога чалавека частка жыцця.

Спачатку мы вяшчалі толькі некалькі гадзін на дзень. Калі эфір сканчваўся, гукарэжысёры ставілі заглушкі і студыя працавала ў рэжыме запісу. Памятаю смешны выпадак, які нават Севярын Квяткоўскі, які працаваў з намі, апісаў у кнізе «Фрашкі да пляшкі». Нам трэба было запісаць рэкламу адной касметычнай фірме. Я надыктоўвала тэкст, а праз навушнікі гукарэжысёр, як звычайна, даваў парады: то трэба было больш з прыдыханнем нешта казаць, то больш сексуальна… Так, рэкламу мы запісвалі недзе паўгадзіны. А аказалася, што рэжысёр не паставіў заглушку, і мы выйшлі ў эфір разам з ім! Казалі пасля, што кіраўніцтва той фірмы ў горадзе злавіла нашу частату і пачула гэтую рэкламу. Праўда, ніякіх прэтэнзій яны нам не прад’явілі.

«Радыё 101,2» прапрацавала год і месяц. Можа быць, раней і былі трывожныя званочкі, але мы, якія былі задзейнічаны выключна ў творчым працэсе, не ведалі, што нас можа чакаць закрыццё. Калі ў рэдакцыю прыйшоў факс, дзе было сказана, што наш перадатчык выклікае перашкоды для міліцыі, мы былі ў стане шоку. Але былі спадзяванні, што ўсё неяк вырашыцца... Тады яшчэ не зразумелі, што нельга наогул верыць ва ўсе гэтыя байкі. Мне з Ірай Курапаткінай давялося адвесці апошні эфір на «Радыё 101,2». Іра заклікала людзей пасігналіць нам на вуліцы падчас фінальнай застаўкі. Казалі, што сігналіў шмат хто. А да рэдакцыі прыходзілі людзей з кветкамі...

Аднак мы ўсё адно першы час змагаліся: стаялі пад французскай амбасадай, выносілі калонкі, танчылі… А пасля, праз пэўны час, калі нашы заявы ва ўсе ўстановы былі прыняты, а ў пікетах бясконца стаяць было немагчыма, стала зразумела: хоць частку жыцця ў нас забралі, але свет ад гэтага не перавярнуўся. Хоць раней я баялася прамых эфіраў, але ў хуткім часе стала адчуваць па іх ломку. Мне прапанавалі пайсці працаваць на Радыё РОКС. Але вытрымала я там толькі месяц, бо, канечне, трэба было весці праграмы па-руску... На «101,2» ты выконваў місію, нават калі проста балбатаў у эфіры... Але гэтая балбатня была па-беларуску… А тут панавала поўная бессэнсоўнасць. Я зразумела, што стала рабіць нейкія злыя эфіры. Таму, калі я прыйшла да кіраўніцтва і сказала, што я сыходжу, са мной развіталіся з палёгкай.

Праз пэўны час праходзіў моладзевы форум і адна наша супрацоўніца трапіла туды як дэлегатка. Яна адправіла паперку з пытаннем пра закрыццё радыё. І з вуснаў першай асобы дзяржавы прагучала, што «праводзіць недзяржаўную палітыку на дзяржаўным частаце мы не дазволім». Тады стала зразумела, што ні пра якія перадатчыкі і перашкоды на самой справе гаворка не ішла.

Недзе на працягу дзесяці гадоў мы сустракаліся калектывам. Узгадавалі нешта смешнае, жартавалі… З некаторымі шчыльна стасуемся і дагэтуль, узгадваем адны і тыя ж прышпілы. Праўда, шмат хто сышоў заўчасна і калі нешта прыгадваеш, што звязана з імі, смех становіцца зусім невясёлы…

Сёння, хоць часам і настульгіруем па тых часах, аднак сумаваць ужо няёмка. Настолькі жорсткія рэчы адбываюцца зараз… Так, наша закрыццё было эмацыйна цяжкім, але з нас нікога не пасадзілі, не асудзілі. Такой ступені свабоды, якая была на «Радыё 101,2», мала можна дзе ўявіць. Жана Мікалаеўна не ламала людзей. У супердэмакратычнасці і была наша ўнікальнасць. Нават гукарэжысёраў можна было пазнаць па плэй-лістах, бо яны ставілі тую музыку, якую любілі, а не тую, якую ім напісалі на паперках. У нас былі ўсе задаткі аўтарскага радыё.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]