Эўрапейскія лідары патрабуюць неадкладнага вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаў салідарнасьць з асуджанымі сёньня Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам і запатрабаваў вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі.
Пра гэта ён напісаў па-беларуску ў Твітэры:
Я цалкам салідарызуюся з Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам, якім сёння ў Беларусі прысудзілі драконаўскія выракі. Польшча патрабуе безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Гэтых людзей зняволілі за змаганне за незалежную і дэмакратычную Беларусь.
— Andrzej Duda (@AndrzejDuda) September 6, 2021
Прысуды, вынесеныя Калеснікавай і Знаку, асудзіла таксама Нямеччына, патрабуючы неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».
Прадстаўніца МЗС Нямэччыны Андрэа Засэ адзначыла, што прысуды Калесьнікавай і Знаку «сымбалізуюць жорсткасьць і рэпрэсіі беларускага рэжыму ў дачыненьні да апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці». Засэ назвала беларускіх апазыцыянэраў «аднымі з найбольш сьмелых прадстаўнікоў пратэставага руху пасьля сфальсыфікаваных выбараў прэзыдэнта».