Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Заснавальніку Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзіміру Коласу - 70 гадоў

24.09.2021 культура
Заснавальніку Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзіміру Коласу - 70 гадоў

Колас ужо больш за 20 гадоў гадуе беларускіх патрыётаў.

22 верасьня 70-гадовы юбілей адзначыў Уладзімер Колас — рэжысэр, пэдагог, заснавальнік нязьменны дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю, больш вядомага як «Коласаўскі ліцэй».

«Радыё Свабода» даведалася, як любоў да кіно прывяла Ўладзімера Коласа ў Інстытут замежных моў і чаму, дасягнуўшы посьпехаў у рэжысуры, ён вярнуўся ў адукацыю і ўжо больш за 20 гадоў гадуе беларускіх патрыётаў.

«Прадзед быў рэпрэсаваны, дзед сябраваў з бацькам Лучанка»

— Спадар Уладзімер, раскажыце пра свае карані — да якога калена ведаеце продкаў?

— Па бацьку мой род з Чэрвеньшчыны, з хутара Куцень. У продкаў было шмат зямлі. Адзін прадзед быў надзвычай працавіты. Падчас сталыпінскай рэформы узяў крэдыты, арандаваў зямлю і разгарнуўся вельмі моцна, стаў заможным. Мабыць, нясвоечасова ён пачаў, бо гэта яму каштавала жыцьця. Сям’ю ягоную рэпрэсавалі і падчас калектывізацыі ў 1930 годзе саслалі на спэцпасяленьне ў Гаінскі раён Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акругі.

А мой дзед сябраваў з бацькам кампазытара Ігара Лучанка. Дзед нам апавядаў пра Мішу Лучанка, які добра граў на скрыпцы. І яны да самай сьмерці сябравалі, перазвоньваліся з тым Мішам. Калі мы пазнаёміліся зь Ігарам Лучанком, разам езьдзілі на Чэрвеньшчыну, шукалі гэты хутар, шукалі свае карані. У Лучанка радня там жыве, а нашы ўсе згубіліся — хто ў Сібіры, хто на Ўрале. А па маці ўся мая радня зь Менску.

Бацька Георгі Колас школу скончыў у Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акрузе, але потым вярнуўся ў Менск, паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут на акторскі факультэт. Працаваў у Рускім тэатры, потым стаў тэатральным крытыкам, пачаў пісаць сцэнары. Пісалі сцэнары і здымалі кіно яны разам з маёй маці. А пазнаёміліся на акторскім факультэце.

«Бог мяне пакараў: ніколі ня думаў, што буду працаваць у школе»

— Пайшлі па сьлядах бацькі? Прынамсі пачатак вашай кар’еры таксама быў кінэматаграфічны. Мяркуючы па фільмаграфіі, нядрэнна атрымлівалася, у вашых стужках здымаліся выдатныя акторы — Галіна Макарава, Зьдзіслаў Стома ды іншыя.

— Не, пачатак у мяне якраз быў пэдагагічны. Я паступіў у Інстытут замежных моў, праўда, трапіў туды выпадкова. Там была прафэсійная кінакамэра «Конвас», і кіраўнік нашай аматарскай кінастудыі перайшоў туды з тэлебачаньня і здымаў там. І я прыйшоў туды здымаць. Прывабіла кіно. А па неабходнасьці давялося вывучаць замежныя мовы.

Бог мяне пакараў: я ніколі ня думаў, што буду працаваць у школе. Але па разьмеркаваньні давялося адпрацоўваць у школе на Віцебшчыне. Дарэчы, першая замежная мова ў мяне француская, другая ангельская. Зь вясковай школы забралі ў войска. Пасьля прыйшоў працаваць на «Беларусьфільм», спачатку асыстэнтам. Потым пайшоў вучыцца далей — на Вышэйшыя рэжысэрскія курсы ў Маскве. Здымаў фільмы, якія, дарэчы, дагэтуль ідуць. Нядаўна дачка паглядзела ў інтэрнэце: мастацкі фільм «Дрэвы на асфальце», зьняты ў 1984 годзе, — на 4-м месцы па колькасьці праглядаў. У галоўнай ролі там здымалася народная артыстка СССР Галіна Макарава.

«У тым, што ліцэй насіў імя Якуба Коласа, заслуга Замяталіна»

— Чаму зьмянілі сфэру дзейнасьці, калі ўжо сталі пасьпяховым рэжысэрам? Вас жа ведаюць цяпер больш як заснавальніка, «бацьку» Беларускага гуманітарнага ліцэю, які ў народзе дагэтуль называецца «Коласаўскім». Раскрыйце таямніцу — ліцэй так названы ў гонар Якуба Коласа ці ў ваш?

— Як усё было... Ліцэй пачалі называць «Коласаўскім», таму што я яго заснаваў і быў дырэктарам. А потым, калі пачалі рэарганізоўваць зь нядзельнай школы ў сур’ёзную навучальную ўстанову, чыноўнік з прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Замяталін прыдумаў, каб ліцэй называўся «імя Якуба Коласа» — пэўна, каб я быў ні пры чым. Так што ў тым, што ліцэй насіў імя Якуба Коласа да ліквідацыі, заслуга Замяталіна.

Чаму ўзначаліў ліцэй? Мабыць, гэта зьбег абставінаў. Мяне раздражняла, што ў Беларусі па-беларуску мала хто размаўляе, а ў Менску не было ніводнай школы зь беларускай мовай навучаньня.

Дарэчы, задумвацца пра гэта я пачаў у Маскве, калі вучыўся на Вышэйшых рэжысэрскіх курсах. Бо туды з усяго СССР прыехалі не дурныя і не бяздарныя людзі. Усе размаўлялі на сваіх нацыянальных мовах. Я тады заўважыў, што ў савецкіх рэспубліках прысутнічаў моцны нацыянальны фактар. А мы, беларусы, выглядалі неяк недарэчна. Беларусаў у нас на Вышэйшых рэжысэрскіх курсах было двое — я зь Менску і Віталь Дудзін з Уралу. Гэтыя думкі не пакідалі мяне ў Маскве, і па вяртаньні ў Менск пачаў ствараць ліцэй.

Я думаў, што ліцэй будзе часова ў маім жыцьці. Я меркаваў, што яго запушчу — і далей «паплыве» безь мяне. Але дагэтуль ніяк не магу яго адпусьціць. Альбо ён ня можа мяне адпусьціць.

«Хваля адраджэнскага рамантызму закранула і намэнклятуру»

— Аднак 31 год існаваньня — тэрмін сур’ёзны. Ня кожная школа, гімназія і нават Ліцэй БДУ могуць пахваліцца, што ў іх выкладае такое сузор’е выдатных навукоўцаў, дактароў і кандыдатаў навук.

— Так, таму і трымаемся. І гэта ідэя ліцэю закранула і непакоіць ня толькі мяне, яна непакоіць вельмі шмат разумных, годных і неабыякавых людзей. І гэта ідэя прыцягнула адразу такое сузор’е выбітных асобаў, што ліцэю быў наканаваны посьпех. Ну і неяк так супала, што на пачатку 1990-х быў уздым, хваля адраджэнскага рамантызму, і яна закранула ня толькі дысыдэнцкую эліту, але і намэнклятуру, і яшчэ многіх людзей.

Дарэчы, летась гэта таксама выйшла на паверхню. Таму ў ліцэй дагэтуль мы можам запрасіць самага годнага, кампэтэнтнага, выбітнага чалавека, і ён з задавальненьнем прачытае лекцыю, будзе выкладаць у нас. Менавіта таму ліцэй ператварыўся зь нядзельнай школы ў сур’ёзную навучальную стацыянарную ўстанову. А так доўга ён трымаецца менавіта таму, што бацькі бачаць, як ліцэй уплывае на дзяцей. Ліцэісты бачаць, колькі ім ён дае, мы бачым, што з гэтымі ліцэістамі адбываецца потым, як гэтая адукацыя станоўча ўплывае на іх жыцьцёвы шлях. Менавіта таму ён і жыве.

Ну і самае галоўнае — як гэта так, каб у Беларусі не было беларускай мовы, каб не было беларускай школы, каб не было беларускага ліцэю на нармальным узроўні?

Нашым ліцэістам ня сорамна, калі яны здаюць ЦТ і іспыты і тут, у Беларусі, і калі тэсты здаюць за мяжой. У Польшчы нашы выпускнікі выглядаюць ня горш за польскіх ліцэістаў. Калі мы былі ў Літве, нашы ліцэісты аказаліся на некалькі галоў вышэй за іхных дзяцей. Менавіта таму, што ў нас такія выдатныя выкладчыкі.

«Францішак Скарына ў свой час таксама вучыўся за мяжой»

— Вас часьцяком папракаюць, што рыхтуеце кадры для замежных ВНУ. Выпускнікі выбіраюць прэстыжныя навучальныя ўстановы за мяжой, прычым ня толькі ў Польшчы ці Літве. Мала хто застаецца працягваць вучобу ў Беларусі.

— Я ня буду пярэчыць — мы ведаем прычыны, чаму Францішак Скарына таксама вучыўся за мяжой. І ня толькі ён. У прынцыпе, гэты досьвед Беларусі вельмі патрэбны. Знаёмства зь іншай мэнтальнасьцю, з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, зь іншым ладам кіраваньня і самакіраваньня — гэта для нас важна, проста неабходна.

Але ня толькі выпускнікі ліцэю едуць вучыцца за мяжу — цяпер павальна моладзь пакідае Беларусь. Не ад добрага жыцьця, і мы ведаем, што ў нашых ВНУ адбываецца, што ў цэлым у краіне. Тут сябе рэалізаваць цяжка. Таму не да нас прэтэнзіі, што нашы выпускнікі едуць вучыцца за мяжу.

Мы заўсёды гаворым, што разумеем гэтае жаданьне, але больш шануем тых, хто застаецца. А з другога боку, палякі таксама езьдзілі вучыцца за мяжу. І нічога. І Папам Рымскім стаў паляк Ян Павал ІІ, і дарадца ў нацыянальнай бясьпецы прэзыдэнта ЗША Картэра Зьбігнеў Бжэзінскі — паляк, і вядомы эканаміст і рэфарматар Лешэк Бальцэровіч вучыўся ў Злучаных Штатах.

Мы бачым, што ў Польшчы цяпер адбываецца, які шлях яна прайшла ў нас на вачах. А стартавыя ўмовы ў нас былі нават лепшыя, чым у палякаў. Дзе цяпер мы і дзе палякі? І многія палякі, якія вучыліся за мяжой, вярнуліся, а тыя, якія засталіся, дапамагаюць з-за мяжы сваім суайчыньнікам, спрыяюць сёньняшняму разьвіцьцю краіны. Будзем спадзявацца, што і нашы выпускнікі зробяць нешта для Беларусі, бо іхная перавага ў тым, што яны разумеюць, адкуль яны і што трэба зрабіць для радзімы. Адрозна ад выпускнікоў іншых школаў, дзе ўвогуле ні слова па-беларуску не гучыць і мы ведаем, як іх вучаць трактаваць прастору, дзе яны жывуць.

Наконт таго, што зьяжджаюць. Мы заснавалі першы беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча, каб заставаліся вучыцца тут. Мы сабралі больш за сотню найлепшых выкладчыкаў, дактароў, кандыдатаў навук, самых дасьведчаных у сваіх дысцыплінах. Але ліцэнзіі нам так і не далі. З вобшукам прыйшлі, кнігі зь бібліятэкі канфіскавалі. Мы ж разумеем, што адбываецца пагром, зьнішчэньне ўсяго беларускага, зьнішчэньне нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, зьнішчэньне беларускай мовы.

І школа тут адыгрывае важную ролю. Вынік гэтай працы мы ведаем, ведаем, каму гэта выгадна. Беларуская мова зноў становіцца мішэньню.

«Цяпер мы ў працэсе адаптацыі да новых умоў існаваньня»

— Раскажыце пра новы набор, як будзеце працаваць у новым навучальным годзе.

— Мы набралі шмат новых вучняў, вельмі годных і разумных. Цяпер мы ў працэсе трансфармацыі, адаптацыі да новых умоў існаваньня. Бо працаваць у ранейшым рэжыме ўжо ня можам. Таварыства беларускай школы ліквідавалі, Таварыства беларускай мовы ў працэсе зьнішчэньня. Таму павінны адаптавацца і знайсьці новую форму працы. Мы ў пошуку. Працы шмат. Але сёньня гэта імправізацыя. Трымаемся.

— 30 гадоў, гэта больш за палову вашага сьвядомага жыцьця, вы змагаецеся за выжываньне ліцэю. Не стаміліся ад пастаяннай барацьбы?

— Звычка, інэрцыя. Напэўна, такі лёс. Без барацьбы і змаганьня было б сумна. З другога боку, вось вы ўспомнілі маіх рэпрэсаваных продкаў — у параўнаньні зь імі нам крыху лягчэй. Ім было значна цяжэй. Хаця мы таксама спазналі цяжкасьці і нават страты. Трымае тое, што ліцэй патрэбен вучням, іх бацькам.

Па-другое, вакол людзі, зь якімі ўжо столькі пройдзена. І мікраклімат, аўра, неймаверная атмасфэра, створаныя ў ліцэі дзякуючы гэтым людзям, аздараўляюць. Калі мы разам, вонкавыя справы і кашмары ня так заўважныя і ня так адчуваюцца. Жывём адным днём. Пакуль у стане, будзем рухацца.

Уладзімер Колас нарадзіўся 22 верасьня 1951 году ў Менску. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моў і Вышэйшыя рэжысэрскія курсы ў Маскве. Зьняў мастацкія і дакумэнтальныя фільмы «Малады дубок», «Дрэвы на асфальце», «Хочаце кахайце, хочаце — не», «Сны аб Беларусі», «Францыск Скарына», «Максім Гарэцкі», «Дамова з Гітлерам», «Галерэя Ады», «Белы ветразь над Прыпяцьцю» і іншыя.

У 1990 годзе заснаваў Беларускі гуманітарны ліцэй, які ўжо 20 гадоў працуе па-за сыстэмай дзяржаўнай адукацыі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]