Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«У людзей вочы раскрыліся»: Як жыве пратэставы Наваградак

27.09.2021 политика
«У людзей вочы раскрыліся»: Як жыве пратэставы Наваградак

У першыя дні пасьля выбараў у 30-тысячным Наваградку на вуліцу выходзілі 1-2 тысячы чалавек.

Год таму «Радыё Свабода» езьдзіла ў Наваградак, каб убачыць пратэсты ў рэгіёнах. Сёлета журналісты пагаварылі зь мясцовымі актывістамі пра тое, што зьмянілася за гэты час.

Пад забарону трапілі экскурсіі і ананімныя акцыі

У першыя дні пасьля выбараў у 30-тысячным Наваградку на вуліцу выходзілі 1-2 тысячы чалавек. Як і па ўсёй Беларусі, тут стаялі «ланцугі» жанчын у белым з кветкамі. Сыгналілі аўтамабілі. Міліцыянты адказвалі пратэстоўцам: «Жыве!». На руінах замку Міндоўга нехта неаднойчы вывешаў нацыянальны сьцяг.

Калі ўвосень узмацніліся рэпрэсіі, наваградцы прыдумалі іншы спосаб быць разам і заставацца на вуліцы. Выходзілі ў цэнтар гораду пачытаць супольна «Народную волю».

Цягам некалькіх месяцаў штотыдзень легальна хадзілі на экскурсіі па горадзе. Кожны раз групу суправаджалі міліцыянты. Урэшце міліцыя прыйшла ў музэй, які ладзіў экскурсіі, затрымала супрацоўнікаў і ўдзельнікаў. Неўзабаве звольнілі дырэктарку музэю габрэйскага супраціву Тамару Вяршыцкую, якая падтрымлівала сувязі з габрэямі па ўсім сьвеце, а таксама не працягнулі кантракт супрацоўніцы гісторыка-краязнаўчага музэю зь вялікім досьведам Галіне Кавальчук. Экскурсіі трапілі пад забарону.

Група наваградцаў зь некалькіх дзясяткаў чалавек працягвала ладзіць акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Здымалі фота, відэа, але ўжо з закрытымі тварамі.

Мясцовыя жыхары расказваюць, што на пачатку пратэстаў некаторыя міліцыянты жартавалі з пратэстоўцамі і выгуквалі іхныя ж лёзунгі. Цяпер таксама хтосьці зь сілавікоў можа прыязна ўсьміхнуцца і прывітацца на вуліцы з актывістамі. Аднак у цэлым у невялікім гарадку адчуваецца падзел на «пратэстоўцаў» і «ябацек».

«У людзей вочы раскрыліся. Апошні год зрабіў чыстку ў маім асяродзьдзі. Зь некаторымі сваякамі мы сталі камунікаваць толькі на сьвяты або проста шлём стыкеры ў мэсэнджарах. Незнаёмыя людзі сталі бліжэй, чым сваякі. Адкрылася тое, што было схавана», — камэнтуе суразмоўца.

«Мы ж ходзім у адну паліклініку, наведваем тыя ж крамы. Міліцыянты паводзяць сябе так, нібыта нічога не было, быццам яны проста рабілі сваю працу», — кажа адна з жыхарак райцэнтру.

«Людзі пачалі дапамагаць адно аднаму»

Мясцовыя актывісты мяркуюць, што пратэст перайшоў у іншы фармат. «Партызаны» працягваюць расфарбоўваць горад у пратэставыя сымбалі, хоць і ня так актыўна, як раней.

«Адны баяцца. Другія чакаюць, каб хтосьці іншы нешта зрабіў. Мне міліцыянт кажа: „Чаго вы ходзіце? Вам больш за ўсіх трэба? Вас 30 чалавек. Астатнія ўсе задаволеныя“. А я яму кажу: „Астатнія сядзяць дома і вызіраюць з-за фіранак, хто іншы што зробіць“», — расказвае наваградзкі актывіст.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]