Новым суддзём у справе Ціханоўскага, Статкевіча і Лосіка групы палітвязняў стаў Мікалай Доля.
Прызначылі новага суддзю ў справе Ціханоўскага, Статкевіча і Лосіка. Папярэдняга павысілі. Новым суддзём у справе групы палітвязняў стаў Мікалай Доля. Паводле заканадаўства, пры замене суддзі – працэс можа пачацца нанова, паведамляе racyja.com.
Але гэта не так, сказала ў нашым эфіры жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Ёсць выключэнні, калі на доўгіх працэсах прысутнічае запасны суддзя, які цяпер мае працягнуць працэс. Такі суддзя акурат быў на гэтым працэсе, расказвае Марына Адамовіч, – гэту інфармацыю яна даведалася з ліста ад мужа:
– З ліста Мікалая, літаральна ў суботу я яго атрымала. Я задавала яму пытанне, я перажывала, бо гэта ж невыносна. Нягледзячы на тое, што ён там не прысутнічае, але ж гэта без паветра, без спатканняў, месяцы і месяцы. А калі яны яшчэ зацягнуцца ўдвая… Да гэтага, дарэчы, лістоў не было. Некалькі лістоў было “згублена”. У чарговым лісце ён напісаў: “Не хвалюйся. Запасны суддзя сядзеў ад самага пачатку”. Гэта значыць, што працэс будзе працягвацца.
- Нагадайце нам, калі ласка, на якім этапе зараз працэс? Бо сапраўды, вельмі доўга ён цягнецца.
- Я нічога пра гэта не ведаю. Ведаю роўна тое ж самае, што і вы. Бо ў адвакатаў падпіска пра неразгалошванне. Яны ўвогуле нічога не кажуць. Я не ведаю нават ні прозвішча суддзі, ні прозвішча пракурора. І тым больш для мяне было сюрпрызам, што “запасны” сядзеў. Адзінае, што я магу сказаць, што на апошнюю сваю заяву аб прадстаўленні спаткання, я атрымала чарговую адмову. І яна была падпісана новым чалавекам. І я маю меркаванне, што гэта той самы новы суддзя, які зараз працягнуў працэс.
Справа разглядаецца ў Гомельскім абласным судзе, тут слухаюць справу палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакалова і Змітра Папова. Суд адбываецца ў закрытым рэжыме, звестак пра яго амаль не маюць нават сваякі падсудных. Падсудным пагражае да 12-15 гадоў зняволення.