Важныя і шчырыя словы ў памяць Кастуся Севярынца.
1 кастрычніка 2021 году ў рэанімацыі ад каранавірусу памёр журналіст, паэт, публіцыст, перакладчык Кастусь Севярынец. Ён меў хворае сэрца.
Кастусь Севярынец нарадзіўся 4 верасьня 1952 году ў вёсцы Ўнорыца Рэчыцкага раёну. Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Адслужыў у войску, там быў узнагароджаны мэдалём «За адвагу на пажары». Працаваў дырэктарам Пагасьцянскай васьмігодкі пад Оршай. З 1979 году — у журналістыцы: быў карэспандэнтам БелТА — ТАСС па Віцебскай вобласьці, працаваў у рэспубліканскіх газэтах, на Беларускім радыё.
Перакладаў з сэрбскай і харвацкай моваў. Аўтар зборнікаў лірыкі на расейскай мове «Пока дышу», «Пока цветёт сирень», некалькіх кніг дзіцячых вершаў, пяці зборнікаў крымінальных нарысаў, перадае «Радыё Свабода».
«Гэта чалавек, які заўсёды для мяне быў апорай»
Удава Кастуся Тацяна Севярынец расказала, што пазнаёмілася з Кастусём у 1974 годзе ў будаўнічым атрадзе.
«У 1975-м пажаніліся, Ганначка нарадзілася. Усялякае было за нашы 46 гадоў сумеснага жыцьця, цяжкасьцяў хапіла: і ў інтэрнаце жылі, і кватэры здымалі, але ўсё гэта перажывалася разам, дзяцей гадавалі, унукам радаваліся...
Я ўвогуле не ўяўляю свайго жыцьця безь яго. Гэта чалавек, які заўсёды для мяне быў апорай. Я ведала, што дзе б ні была — бацька дома, дом дагледзіць, абед прыгатуе, сустрэне. У грыбы зьезьдзім — я буду адпачываць, а бацька іх чысьціць і катаць. Гэта вельмі добры, вельмі шчыры чалавек.
Каб ня гэтая хвароба, каб ня сэрца, ён бы яшчэ пажыў. І Паша, і шмат людзей маліліся за яго здароўе. Ён вельмі моцны чалавек, вельмі цярплівы, але апошнія тыдні даліся яму вельмі цяжка. Мы ня ведалі, як дапамагчы, што рабіць. Ён казаў: „Нічога не насіце ў шпіталь“, але насілі ўсё дамашняе, каб хоць крышачку чаго зьеў.
У яго такія вершы цудоўныя, паэзія яскравая, добрая. Нікому не жадаў зла. Для дзяцей быў любімы татка, і ўнукі ў ім душы ня чулі», — Тацяна Севярынец ня можа стрымаць сьлёз.
Вадзім Баршчэўскі сябраваў з Кастусём Севярынцам са студэнцкіх гадоў, яны разам вучыліся ў Белдзяржунівэрсытэце.
«Уяўляеце, мы сябруем больш за 50 гадоў! На першым курсе прыглядаліся адзін да аднаго, а з другога блізка пасябравалі. Ён вельмі таленавіты ва ўсім: і як радыёжурналіст, і як паэт, і як перакладчык. Пісаў дэтэктыўныя апавяданьні, шмат зборнікаў апублікаваў.
Але лепш за ўсё ў яго атрымліваліся дзіцячыя вершы і лірыка, такая шчымлівая і пранікнёная. Было ў яго і шмат так званых „альбомных“ вершаў, якія ён не друкаваў, а пісаў для сяброў і сябе. Я думаў, што Косьця мяне перажыве, бо ён такі аптыміст, гумарыст, жыцьцярадасны чалавек. Не магу стрымаць сьлёз», — кажа студэнцкі сябар Севярынца Вадзім Баршчэўскі.
«Косьцевы вершы і сям’я Севярынцаў — гэта тое, што будзе гонарам Беларусі»
Кастусь Севярынец напісаў шмат дзіцячых вершаў. Ён пераможца міжнароднага конкурсу Радыё Свабода на найлепшы пераклад тэксту песьні «Fairytale» («Казка»), зь якой Аляксандр Рыбак перамог на «Эўравізіі-2009».
Разам зь віцебскай мастачкай Сьвятланай Баранкоўскай Кастусь Севярынец зрабіў першую беларускую азбуку для iPad «Буквар: Родная азбука».
«Я амаль год малявала „Азбуку“, у мяне нічога не атрымлівалася, і тады я сказала: „Буду рабіць, што ўмею — буду рабіць габэлены“. І на кожны яго верш (а яшчэ былі двухрадкоўі) я рабіла габэлены. Насіла яму здымкі, глядзелі на гэтыя габэленчыкі і радаваліся, як дзеці.
Пра лісу было двухрадкоўе: „Футра цёплае ў лісіцы, будзе шапка й рукавіцы“. Я зрабіла лісічку, у якой толькі носік тырчыць. Усе падыходзяць да габэлена і пытаюцца: „А дзе сама лісічка?“ Прыходжу да Косьці, а ён ужо напісаў працяг: „Вось яна, прыйшла зіма. Футра ёсьць, а дзе сама?“
Так весяліліся, так радаваліся, што мы на адной хвалі, што аднолькава думаем, аднолькава баліць, аднолькава радуе. Таму адыход такога чалавека — гэта ня проста балюча, гэта як кавалак ад сэрца адарвалі, гэта вялікая частка душы, якую ён нам падарыў.
Гэта чалавек настолькі сьветлы быў, настолькі заўсёды пазытыўны! Таму я разумею, чаму ў яго такая сям’я, такія дзеці — у такога бацькі не магло атрымацца інакш. Я думаю, што і Косьцевы вершы, і сям’я Севярынцаў — гэта тое, што будзе гонарам Беларусі», — кажа мастачка, сяброўка сям’і Севярынцаў Сьвятлана Баранкоўская.